Зліпліся ад поту доўгія чорныя валасы, калыхаліся птушыныя пер’і, пакута сцяла мышцы твару.
Наташа ўхапілася за маю руку, моцна-моцна сціснула яе.
— Хутчэй, міленькі, хутчэй, — зашаптала.
— Нелюдзь! — вырвалася ў Міхася.
Я здагадаўся, што гэта ён пра Кляйна.
Індзеец ужо падбягаў да лесу, але і павук не адставаў, набліжаўся. Трыццаць метраў… Дваццаць… Не паспее ўцячы. Не паспее… Не памятаю, хто першым крыкнуў: «Бяжым!» Але мы саскочылі з дрэва і пабеглі за імі, за павуком і індзейцам. Я бег, трымаючы ў руках бамбукавы кій. Не памятаю, дзе і калі яго схапіў.
Мы, мабыць, не выратавалі б індзейца. Не паспелі б дабегчы. А калі б і дабеглі, то што змаглі б зрабіць? Але хіба можна было сядзець на дрэве і спакойна назіраць? Гэта ж не перадача па тэлебачанні.
Індзеец каля самага лесу, і зусім побач павук…
Раптам з дрэва, якое стаяла на ўскрайку, саскочыла малпа. Яна нагнулася і… кінула ў вочы павуку-людаеду жменю зямлі.
— Шымпанзэ! Наш шымпанзэ! — закрычаў Міхась.
Міхась, відаць, не памыліўся. Хіба знайшлася б ва ўсім лесе яшчэ адна такая разумная істота?
Індзеец знік у лесе. Павук-людаед спыніўся, потым, паволі перастаўляючы ногі, рушыў на шымпанзэ. Той не стаў чакаць, скокнуў на дрэва. Павук палез за ім, хутка-хутка перастаўляючы доўгія худыя ногі.
Шымпанзэ кулём скаціўся з дрэва. Няўклюдна павярнуўшыся, павук пачаў злазіць на зямлю…
Нарэшце мы дабеглі да лесу, але ні павука, ні шымпанзэ на ўскрайку не ўбачылі.
Наташа прыхінулася да дрэва, закрыла твар рукамі.
— Ён зловіць шымпанзэ, зловіць…
— Не зловіць, — няўпэўнена прагаварыў Міхась. — І, павярнуўшыся да мяне, запытаў: — Чаму мы не дагналі яго?
Я адкінуў убок непатрэбны кій.
— Чаму, чаму… У нас па дзве нагі. А ў яго колькі? Восем.
З лесу выехалі два коннікі. Адзін з іх быў індзеец, зусім малады, яшчэ юнак. За спіною ў яго вісеў лук, а на поясе — стрэлы. Ен падскакаў да нас, штосьці незразумелае крыкнуў.
А мы глядзелі на другога конніка, адзетага паеўрапейску: белыя штаны, белая сарочка, саламяны капялюш. Яму можна было даць гадоў шэсцьдзесят, не болей.
Гэты чалавек цягнуў за сабою… шымпанзэ. Цягнуў, трымаючы ў руках тонкі металічны ланцужок. Шымпанзэ ўпіраўся, але вузкі, завостраны на краях металічны нашыйнік сціскаў яму горла. Шымпанзэ, стараючыся ўхапіцца рукамі за ланцужок, тоненька пішчаў.
— Наш шымпанзэ! Наш! — прашаптаў я і памкнуўся наперад, каб вызваліць яго, адабраць у гэтага старога.
— Стой, — схапіў за руку Міхась. — Гэта Кляйн. Не разумееш? Ты павінен маўчаць.
Я і сам здагадаўся, што стары чалавек — Кляйн. Другога еўрапейца ў Эльдарада не было.
Індзеец зноў крыкнуў, падняў каня на дыбкі і, павярнуўшыся, падскакаў да Кляйна.
— Іх каля возера бачыў? — пачулі мы, як спытаў у яго Кляйн.
Голас у яго быў нейкі сухі, траскучы. Гаварыў ён так, быццам з рэвальвера страляў. Індзеец кіўнуў галавою.
Кляйн падаў індзейцу павадок ад аброці, ланцужок, злез з каня, стаў насупраць нас. Ногі ў яго былі кароткія, а жывот, як паветраны шарык.
«Раз’еўся на чужых харчах», — падумаў я.
Кляйн ступіў наперад, а на яго неспадзявана, ашчэрыўшы зубы, кінуўся шымпанзэ. Індзеец моцна пацягнуў за ланцужок, і шымпанзэ ўпаў на зямлю.
— У-у-у, — замахнуўся на яго нагою Кляйн. Шымпанзэ ўсхапіўся.
— Мікі! — крыкнуў індзеец.
— Мікі. Яго завуць Мікі. Запомніце, — сказала Наташа.
Кляйн павярнуўся да індзейца:
— Піф-Піф, глядзі за ім. Гэта брыдота хітрая. Уцячэ.
«Сам ты брыдота», — хацелася крыкнуць мне.
— Добра, доктар Кляйн, — кіўнуў галавой індзеец.
Кляйн… Усё-ткі Кляйн. Ён. Значыць, мы не памыліліся.
Я мімаволі сцяўся. Кляйн падышоў да нас.
— Я вас даўно шукаю, галубкі. Гэта вы каля возера лазіце?
Твары ў нас як скамянелі. Няўжо ён даведаўся, хто мы? Хто расказаў яму пра нас?
— Хто вы? — пратрашчаў Кляйн сваім сухім голасам.
«Школьнікі мы», — ледзь не прызнаўся я. Наперад выступіў Міхась.
— Доктар Кляйн, мы да вас прыляцелі. Мы вас другія суткі шукаем.
— Да мяне? Хто вас прыслаў да мяне? — Кляйн, здавалася, свідраваў нас маленькімі прыжмуранымі вочкамі.
— Арганізацыя «Агонь і меч». Вы самі напісалі пісьмо.
Кляйн з хвіліну маўчаў, усё разглядваючы нас, а пасля нечакана тыцнуў пальцам Міхасю ў грудзі.
— Тваё імя?
— Макс.
Кляйн павярнуўся да Наташы.
— Тваё?
— Клара.
Кляйн тыцнуў пальцам у мае грудзі. Мне стала агідна. Я адхіснуўся. Кляйн ашчэрыў зубы. Быццам сударга перакрывіла яго твар.
Читать дальше