Міхась дакрануўся рукою да валасоў — валасы падняліся і загарэліся мноствам чырвоных нітак.
Я хацеў падысці да Міхася, а Міхась адхіснуўся ад мяне.
— Марозік, ты… такі страшны.
Я зразумеў, што і мой твар падобны на маску.
— Гарым? Мы гарым? — ледзь раскрываючы губы, прашаптаў я.
— Не, — адказала Наташа. — Даўно згарэлі б. Дый не горача нам.
Сапраўды, я ўжо не адчуваў на шчоках гарачыні, хоць і шалеў агонь.
— Гэта ён, — прагаварыла Наташа.
— Хто ён?
— Кляйн. Атамную бомбу ўзарваў.
Наташа павярнулася да лесу, сціснула пальцы ў кулачок і замахала ім.
— Кляйн! Ты не чалавек! Не чалавек! Я схапіў Наташу за руку.
— Ты не напалохаеш яго, Наташа. Нам трэба хавацца. Мы выратуемся. Бомба далёка ўзарвалася. Мы расквітаемся з ім.
Наташа вырывалася ад мяне і крычала, крычала…
А агонь раптоўна знік. Раптоўна з’явіўся і раптоўна знік. Зноў зазіхацела сонца, зазелянела трава, заблішчала возера.
Наташа села на зямлю і заплакала.
— Дакуль так будзе? Я не магу, я болей не магу. Я даўно маму не бачыла. Я дамоў хачу.
Я прысеў каля Наташы.
— Наташа, не трэба. Людзі Эльдарада просяць дапамогі. Хіба забылася пра пісьмо? Кока-Кола сябе ўзарваў. Каб мы людзей Эльдарада выратавалі.
Наташа выцерла рукою слёзы.
— Гэта не атамная бомба? Праўда?
— Сонца свеціць. Птушкі пяюць, — сказаў я. Наташа ўстала, паправіла пасму валасоў, вінавата ўсміхнулася:
— Даруйце. Я напалохала вас. Міхась, чаму так гарэла?
— Я спачатку таксама думаў, што хтосьці лес запаліў, а пасля, што атамная бомба, — сказаў Міхась. — Цяпер дайшло, што і не пажар, і не атамная бомба. Гэта нявывучаная яшчэ з’ява прыроды. Некаторыя вучоныя называюць яе вогненным туманам. Такі вогненны туман некалькі разоў бачылі ў нас на поўначы. Ен, як раса, нечакана з’яўляецца і нечакана знікае. А астатняе пакуль невядома. Загадка прыроды.
— Я разгадаю. Я некалі абавязкова яе разгадаю, — сказала Наташа. — Не хачу, каб людзі палохаліся.
Вуды я так і не ўзяў.
— Хопіць сюды-туды бегаць, — сказала Наташа. — Пойдзем Кляйна шукаць. Сёння трэба яго знайсці. Гляньце, што робіцца. Ніводнага чалавека вакол. Гэты Кляйн горшы за ўсю старажытную інквізіцыю.
Так, шмат дзівосаў мы пабачылі ў Эльдарада. Але самым дзіўным было тое, што ніводнага чалавека не сустрэлі. Праўда, конніка бачылі, але і той уцёк.
Дома, у вёсцы, прывыклі штодзень страчацца з людзьмі. З самага ранку ў вёсцы шум, гамана. А тут? Быццам прайшоўся па гэтай зямлі страшны мор.
— Хадзем, — сказаў Міхась.
І мы пайшлі на поўдзень. Пайшлі ўздоўж возера. Нялёгка было ісці. Сонца, гарачыня. Але мы ішлі і ішлі, не адпачываючы. Інтуіцыя падказвала нам, што лабараторыя Кляйна дзесьці тут, непадалёку.
— Андрэй, — звярнуўся да мяне Міхась, — ты памятаеш, як цябе зваць?
— Рудольф, — кажу. — Мы з Баварыі прыехалі.
— Не прыехалі, а прыляцелі,— паправіў мяне Міхась. — Не пераблытай.
«Рыхтуе да сустрэчы з Кляйнам», — здагадаўся я.
— Не пераблытаю. Усё роўна ж буду маўчаць.
— Малайчына, што не забыўся, — пахваліў мяне Міхась. — А памятаеш, як мяне зваць, як Наташу?
— Клара, Макс.
Баіцца Кляйна Міхась. А чаго яго баяцца? Кляйн ужо стары. Відаць, толькі за кульбаку і трымаецца. Зловім, звяжам і ў Еўропу прывязем. А там у клетку пасадзім, будзем па ўсіх гарадах вазіць, людзям паказваць. Нам за гэта яшчэ якую прэмію дадуць.
Так я думаў, ідучы па беразе. Напэўна, так думаў таму, што ўсё пакуль для нас складвалася шчасліва, хоць і нямала нацярпеліся: і з чалавекам-жабай, як гаворыцца, нос у нос сустрэліся, і ў лесе заблудзіліся, і на востраве былі, і агні Эльма, і вогненны туман пабачылі.
Ды не ведаў я, што Кляйн адзін быў страшнейшы і за чалавека-жабу, і за вогненны туман, і за агні Эльма. Не ведаў і ў душы смяяўся з Міхася, з ягоных страхаў.
Успомнілася, што хутка прыйдзецца маўчаць. Магчыма, гадзіну, магчыма, паўдня. Цэлага паўдня маўчаць! Не жартачкі. А калі яшчэ болей, чым паўдня?
— Міхась, а доўга мне маўчаць прыйдзецца?
— Думаю, што суткі, а мо і двое.
— Ты што, жартуеш? Двое сутак я не вытрымаю.
— Тады мы табе рот зашыем, — няласкава прамовіў Міхась.
Двое сутак — сорак восем гадзін. Сорак восем гадзін маўчаць? Дык гэта сапраўдная пакута! Трэба хоць цяпер нагаварыцца. Каб на двое сутак хапіла. Ды маўчыць Міхась. І Наташа маўчыць. Як жа разварушыць іх?
— Міхась, праўда, што наша планета дыхае? — кажу першае, што прыйшло ў галаву.
Читать дальше