— Андрэй, дождж ідзе. Да ніткі вымакнеш, — папярэдзіла Наташа.
Сапраўды, па шалашы гулка барабанілі важкія кроплі дажджу.
— Не вымакну. Я хутка забягу. Адна нага тут, а другая там.
— На дрэве вымакнеш.
— І на дрэве не вымакну. Лісце шырокае. Яно, як шчыт, ад дажджу мяне закрые.
— Хай ідзе, — раззлаваўся Міхась. — Праз паўгадзіны прыбяжыць. Пабачыш.
Я высунуў галаву з шалаша. Па носе стукнула буйная кропля, над галавою бліснула маланка. Я палез назад у шалаш.
— Што, задам адступаеш? — засмяяўся Міхась. «Узяўся за гуж — не кажы, што не дуж», — падумаў я і выскачыў з шалаша. Грымеў гром, бліскала маланка, дождж сцёбаў па спіне, па галаве. Валасы адразу сталі мокрыя.
Сяк-так ускарабкаўся на пальму, намацаў рукамі сук, падобны на вілы з двума зубамі. Абапёрся спіною, аддыхваючыся. А маланкі жахалі і жахалі, асвятляючы возера, лес, шалаш, пальму.
«Кап» — буйная кропля ўпала за каўнер. Непрыемны халадок прабег па скуры.
«Такія вялікія лісці, а дождж прабівае», — здзівіўся я.
Кроплі падалі ўсё часцей і часцей. Ды гэта было яшчэ не самай горшай пакутай. Забалела спіна, сцерплі ногі. І адзінота, невыносная адзінота…
Яшчэ паўгадзіны я, напэўна, вытрымаў бы, калі б… Калі б не ўбачыў, што на дрэва штосьці лезе. Гэтае «штосьці» было падобна ці то на яшчарку, ці то на рыбіну. Невялікае, сантыметраў дзесяць у даўжыню, яно даволі-такі хутка лезла па ствале, чапляючыся груднымі плаўнікамі.
«Мяне заўважыла. Лезе, каб за нагу ўкусіць. Прысмокчацца да нагі, як п’яўка», — падумаў з жахам.
— Андрэ-э-эй! — данёсся Наташын голас.
Я вырваў лісток, сцебануў ім па дрэве. Гэтая дзіўная жывёла, як здалося мне, паляцела ўніз. Тады я слізгануў па ствале і, накульгваючы на здзервянелую нагу, пабег да шалаша. Залез у самы куток, нясмела прагаварыў:
— Хацеў яшчэ на дрэве пасядзець, але вы паклікалі.
— Як там? Кракадзіл не дастаў? — запытаўся Міхась.
— Нейкая рыба да мяне лезла.
— Рыба-кіт? — папярхнуўся ад смеху Міхась.
— Падобнае на рыбу, — паправіў я. — І хвост, як у рыбы, і плаўнікі. Плаўнікамі яно за ствол чаплялася.
— Эх ты, натураліст! — з папрокам прамовіла Наташа. — Гэта ж перыафтальмус, альбо, па-другому, ілісты скакун. Рыба гэта.
І Наташа расказала нам, што ілісты скакун водзіцца ў Паўднёва-Усходняй Азіі, што на сушы знаходзіцца больш, чым у вадзе, што на дрэва залазіць, каб на сонцы пагрэцца.
— Дык чаго ён у дождж на дрэва палез? — здзівіўся я.
— Ты яму спадабаўся, — засмяялася Наташа. А вось Міхась на гэты раз без смеху заўважыў:
— Ілісты скакун — жыхар Азіі. Як ён у Амерыку трапіў? Ёсць тут нейкая загадка. Ёсць.
— Мы яшчэ не такіх дзівосаў пабачым, — прамовіў я.
— Хопіць гаманіць, — сказала Наташа.
Па шалашы барабанілі кроплі дажджу, глуха шумеў лес, аб бераг біліся хвалі. Мы непрыкметна заснулі.
ЯК ПАЎВОСТРАЎ СТАЎ ВОСТРАВАМ
Мы прачнуліся, калі сонца высока стаяла на небе.
— А ведаеце, — соладка-соладка пацягнуўся я, — снілася мне, што з бацькам сена на возе вязу. Сена пахучае, воз калышацца…
— Ты жывы? — засмяяўся Міхась. — А я думаў, што цябе кракадзіл з’еў.
— Зубы паломіць, — буркнуў я. — Лепей падумаў бы, што сёння самі есці будзем.
— А ты на пальме ілістых скакуноў наловіш, — ажно зайшоўся ад смеху Міхась.
— Смяшынку з’еў? Нешта ты вельмі развесяліўся. Глядзі, каб не плакаў.
Я выглянуў з шалаша і жахнуўся. Вакол была вада. Пальма, на якую я лазіў ноччу, маленькай кропкай віднелася ўдалечыні.
— Бяда, — нейкім хрыплым голасам прагаварыў я. — Мы ад зямлі адарваліся.
— Ад зямлі адарваліся… Ха-ха-ха… У космас ляцім… Ха-ха-ха… Не магу… Ха-ха-ха… — ажно курчыўся ад смеху Міхась.
Я вылез з шалаша, гукнуў:
— Казаў табе, што будзеш плакаць. Дасмяяўся…
Міхась, відаць, зразумеў, што я не жартую, — перастаў смяяцца, высунуўся з шалаша.
— А… А дзе мы? — прагаварыў ён.
— На востраве. Наш паўвостраў востравам стаў. Вылазь з шалаша. І Наташу кліч. Што, калі гэты востраў на кавалкі разарвецца?
Міхась, а за ім і Наташа хуценька вылезлі з шалаша.
— Як так выйшла? — нічога не разумеў я. Міхась сарваў чараціну, паламаў яе на дробныя кавалачкі, кінуў у ваду.
— Марозік, гэта востраў-плывун. Такія астравы, хоць рэдка, але і на нашых азёрах сустракаюцца. Ноччу быў моцны вецер. Вось і адагнала яго ад берага.
Я ў роспачы махнуў рукою.
— Казаў вам, што лепш на дрэве начаваць. На смех паднялі. Смейцеся на здароўе.
— Штосьці трэба прыдумаць! Прыдумаць! — усклікнула Наташа. — Няўжо вы нічога не прыдумаеце?
Читать дальше