У мяне, як вы ведаеце, не было ні кручкоў, ні тым болей дажджавальнага апарата. Я задумаў прасцей.
Знайшоў на беразе возера некалькі пустых ракавін, паклаў туды маленькія каменьчыкі і палавінкі гэтых ракавін смалою склеіў. Смалы з дрэва наскроб.
— Ты што задумаў? — здзівілася Наташа, убачыўшы, што склейваю ракавіны.
Я паднёс ракавіны да Наташынага вуха і моцна-моцна затрос.
— Чуеш, як каменьчыкі шастаюць? Наташа паціснула плячыма.
— Чую. Ну і што?
— Марозік, ты зусім здзяцінеў,— прагаварыў Міхась. — Цацачкі робіш.
— З такой цацкай я рыбы налаўлю. Рыбу ў пяску спячэм. Вунь ён які гарачы!
— Гумарыст, — уздыхнуў Міхась. — Цікава: як ты на ракавіну рыбу зловіш?
Я паднёс ракавіну да Міхасёвага вуха, патрос.
— Чуеш, як шастае?
— У цябе ў галаве даўно шастае, — пачуў я ў адказ.
А я зусім не пакрыўдзіўся.
— Калі б не шастала, — кажу, — то вы галодныя сядзелі б. Хто вас мамонамі накарміў?
Міхась моўчкі засоп носам. Не спадабалася, што так сказаў.
— Слухай, філосаф, — працягваю я, звяртаючыся да Міхася. — Чуў, што каменьчыкі ў ракавіне шастаюць? Чуў. І драпежныя рыбы пачуюць. Ім здасца, што маленькія рыбкі плёскаюцца. Ну і кінуцца да ракавін. А тут мы…
— Андрэйка, ты руку ў ваду апусціш? — усклікнула Наташа. — Не трэба. А калі піраньі накінуцца? Андрэйка, адумайся.
— Я вудачку зраблю, — супакоіў Наташу. — Праўда, не такую, як фабрычная. Прывяжу да бамбукавага кія тонкую ліяну, а да ліяны — ракавіны. Буду стаяць на беразе, як пан, і вадзіць вудачку туды-сюды.
— Ты ўжо кіем туды-сюды навадзіў. Не веру я, што рыба прыплыве, калі каменьчыкі зашастаюць.
— Прыплыве. Рыба далёка гук чуе. Як і дажджавыя чэрві. Бачыла, як з норак вылазілі?
— Марозік, — звярнуўся да мяне Міхась, — голаю рукою рыбу не зловіш, калі нават і прыплыве.
Яе за хвост не схопіш. Вось каб кош сплесці. Прывязалі б яго да ліян і апусцілі б разам з ракавінамі ў ваду.
Кош сплесці… Гэта ідэя. Значыць, рыба пачуе, як каменьчыкі шастаюць, прыплыве і ў кош трапіць… Някепска прыдумана. Малайчына Міхась. Адна галава добра, а дзве яшчэ лепей. Здаецца, так людзі кажуць. Празільна кажуць. Кош, кош… Але як сплесці гэты кош?
— Не выйдзе, — кажу. — Я толькі здалёку бачыў, як нашы плятуць.
— Я ўмею, — прагаварыла Наташа. — Я з мамай сеткі са шпагату пляла. А кош мы з ліян спляцем. Я і вас навучу.
На ўскрайку лесу мы вырвалі ліян і пачалі плесці кош. Спачатку з тонкіх кіёчкаў аснову каша зрабілі, а потым сталі яе ліянамі абплятаць. У мяне і Міхася, хоць і вучыла Наташа, не вельмі выходзіла. А вось яна пляла хутка, спрытна.
— Наташа, ты можаш назаўсёды ў Эльдарада заставацца. Ты ў індзейцаў выдатнай гаспадыняй будзеш, — пажартаваў я.
— Што ты? — спалохана глянула на мяне Наташа. — Я дамоў хачу.
Нарэшце мы сплялі кош. Вялізны, прадаўгаваты, нібы яйка. Прывязалі да ліяны, паклалі ракавіны і апусцілі ў ваду.
Я ўзяў у рукі бамбукавае вудзільна, сеў на беразе. Міхась і Наташа побач прымасціліся. Чакаюць, калі рыбы налаўлю.
То ў адзін бок, то ў другі вудзільна ваджу, кош цягаю.
— Цішэй, — шэпча Міхась, — так ты ўсю рыбу распалохаеш.
— Выцягвай. Напэўна, хопіць, — турбуецца Наташа.
— Рана выцягваць. Трэба пачакаць. А яна сваё:
— Выцягвай.
Я і вухам не вяду. Хіба разумее дзяўчынка, як трэба рыбу лавіць?
Вытрымка — вось што галоўнае ў рыбнай лоўлі.
Не ведаю, што дапамагло: ці ракавіна з каменьчыкамі, ці мая вытрымка, ці яшчэ што. Але калі я прыўзняў над вадою кош, то ўбачыў, што ў ім трапечацца рыбіна.
— Хутчэй! — галёкнуў Міхась і, не вытрымаўшы, схапіўся за вудзільна.
З усяе сілы тузянулі вудзільна. Кош з рыбінай мільгануў над намі і паляцеў у траву.
Што, вы думалі б, трапіла ў кош? Якая-небудзь трапічная рыба? Не. Звычайны шчупак. Вялікі пярэсты прыгажун на кілаграмы два з паловаю. Выгінаючыся, ён высока падскокваў у траве.
Міхась схапіў вудзільна, стукнуў шчупаку па галаве раз, другі. Шчупак аціх, квола варочаючы жабрамі.
Я ўзяў яго аберуч, узняў над галавой. А ён нечакана страпянуўся і выслізнуў з маіх рук.
— Уцячэ! — крыкнула Наташа.
Мы з Міхасём кінуліся на шчупака, кулём пакаціўшыся па траве. Міхасю ўдалося схапіць шчупака за жабры, і ён павалок яго далей да берага.
— Не ведаеш, як рыбу трымаюць? — выгаварыў мне.
— Не бяда, калі б і ўцёк, — сказаў я. — Яшчэ аднаго злавілі б.
— Калі мы яго злавілі б? Ужо сонца спускаецца. Лісцяў нарві. Будзем шчупака ў пяску пячы.
У паўднёвым лесе ў большасці раслін лісты маленькія, як у нашай слівы. Яны цвёрдыя, бліскучыя, і гэта добра абараняе іх ад палаючых промняў. Толькі на пальмах і асабліва на бананах лісты велізарныя.
Читать дальше