– Пчалой, – адказаў Гай.
– Будзь пчалой.
Адразу патух экран. Моцныя, але пачцівыя рукі робатаў падхапілі Гая Дубровіча, панеслі па вельмі вузкім калідоры (гэта адчувалася па спёртым паветры і па рэху ад іхніх крокаў) у чорную цемру. Хоць такое было для гісторыка не ў навіну, ды ўсё роўна лёгкі страх заварушыўся ў сэрцы. Праз некалькі імгненняў незразумелым чынам (вялікая тайна доктара Метэора!) ён павінен быў, як кашулю, скінуць сваю чалавечую плоць і зрабіцца пчалой, непрыкметнай гудлівай кропкай. З ім павінны былі застацца толькі ягоныя свядомасць і памяць. Кожнаму доктар гарантаваў поўную бяспеку цела і псіхікі пасля таго, як скончыцца сеанс пераўтварэння, але, пэўна, кожны адчуваў трымценне душы і здрадлівую думку: «А раптам здарыцца нешта такое, што перашкодзіць мне зноў стаць чалавекам?» Гай Дубровіч не быў выключэннем. Па-першае, усюдыісны ўсявед Навум Масейкін неяк сказаў, што года паўтара назад ці то доктар Метэор не змог вярнуць маладую жанчыну з «вобліка белай азёрнай чайкі», ці то яна сама не жадала вяртаць сабе чалавечае цела. Па-другое, быў ва ўсім гэтым нейкі першародны холад, ліпкі трывожны туман, адчуванне святатацтва і недазволенасці. Упершыню адчуў такі пакутлівы дыскамфорт Глеб Дубровіч, калі дзесяцігадовым хлапчуком прачытаў у Бібліі словы, што соллю ўпалі на параненую дзіцячую душу: «Не вары казлянятка ў малацэ маці ягонай». Чалавеку Вялікай Эры Плюралізму ўжо было мала моцнагучнай музыкі, тытуню і віна. Дзеля таго каб зламаць жалезную клетку сваёй духоўнай адзіноты і несвабоды (так, так, несвабоды, хоць знешне ўсё здавалася надзіва свабодным і супершчаслівым) людзі, як на прыгожую зваблівую цацку, накінуліся на прыдуманую доктарам Метэорам Тэорыю і Практыку Пераўтварэнняў. Вось чаму неслі маўкліва-суровыя робаты Гая Дубровіча па вузкім чорным калідоры, каб праз нейкія імгненні ён звонкагалосай пчалой ірвануўся над квяцістым лугам.
Робаты асцярожна пасадзілі Гая ў кабіну цэнтрыфугі, страла якой ужо ўздрыгвала, нервова пагойдвалася, нібы прадчуваючы шалёную, непадуладную жывому розуму хуткасць. На галаву адзелі цяжкі гермашлем. Па-ранейшаму ні іскрынкі святла не было наўкол. Чорны змрок наплываў на вочы. І Гаю Дубровічу ўспомніліся словы, якія бог сказаў Майсею: «Твару майго не можна табе ўбачыць, таму што кожны чалавек не можа ўбачыць мяне і застацца жывым». Пачулася лёгкае шыпенне, якое неўзабаве перайшло ў свіст. Потым нізкі вантробны гул раскалоў, распалавініў цемру. Страла цэнтрыфугі скранулася з месца, і адразу недзе збоку ўспыхнула малюсенькая чырвоная кропачка. Што гэта было? Электрычная лямпачка? Фотаэлемент у воку робата? Гай Дубровіч не паспеў сканцэнтраваць сваю думку, бо раптам кабіна, у якой ён сядзеў, перавярнулася і ён завіс на шырокіх пругкіх рамянях галавою ўніз. А цэнтрыфуга ўсё набірала абароты. Апошнім, што мільганула ў яго свядомасці, калі ён яшчэ заставаўся чалавекам, была лічба – шэсць с паловай. Ён ухапіўся за яе, напружыў мозг і ўспомніў – шэсць с паловай грамаў важыць чалавечая душа, адным словам, тая таямнічая субстанцыя, якая ад нараджэння знаходзіцца ў кожным з людзей. Доктар Метэор узважваў аднаго і таго ж чалавека за тры хвіліны да клінічнай смерці і праз тры хвіліны пасля яе. І пры абсалютнай чысціні эксперымента заўсёды выплывала такая лічба. Нябожчык заўсёды быў лягчэйшы на шэсць з паловай грамаў.
…Ён ляцеў над залітым сонцам юным лугам. Ён быў пчала меданосная, Apis mellifera. Ягоныя крылатыя продкі асвоілі планету значна раней, чым на ёй з'явіўся чалавек. За два кіламетры ад гэтага луга, ад гэтых яркіх кветак (кветкі – усмешкі прыроды!) у яблыневым садзе стаяў новенькі рамачны вулей, ягоны Дом, дзе жыло, гуло, звінела, дзумкала ажно семдзесят тысяч аднародцаў, моцная працавітая пчаліная сям'я. Кожная шчыліна, кожная дзірачка ў тым вуллі старанна прамазана пропалісам, пчаліным клеем. Каб здабыць яго, разам з усімі ён (яна! пчала!) да змогі пераціраў сківіцамі пупышкі розных раслін, драўніну. Працавалі так энергічна, усіх было такое мноства, што ў вуллі павышалася тэмпература, і, каб збіць яе, спецыяльныя пчолы-вентылятары бесперапынна махалі крылцамі, ствараючы лёгкі ветрык. Сёння ж з раніцы скварыла сонца, была страшэнная задуха, і нават ён на нейкі час рабіўся вентылятарам – вылазіў дзеля гэтага на дошчачку перад лятком.
Ён ляцеў над яркай летняй зямлёй, баючыся птушак і хімікатаў. А яшчэ непакоіла тое, што тут, у гэтых мясцінах, маглі напаткацца «пчаліныя ваўкі», бязлітасныя жоўта-шэрыя восы. Яны селяцца вакол пчальнікоў, беручы іх у аблогу, і забіваюць пчол ударам джала ў мозг, забіваюць з першага ўдару. Потым сціскаюць сківіцамі брушка і грудзі сваіх ахвяр, прагна злізваючы кропелькі мёду, што выступаюць у тых з роту.
Читать дальше