Раптам загадна загучаў селектар унутранай сувязі:
– Увага! Праз хвіліну слухайце паведамленне асаблівай важнасці.
Памаўчаўшы, селектар паўтарыў, строга і трывожна:
– Праз хвіліну слухайце паведамленне асаблівай важнасці.
Стрэсаператары пераглянуліся.
– Дзед, напэўна, будзе гаварыць, – сказаў Буслейка.
«Дзедам» усе звалі дырэктара Галоўнага Індаэўрапейскага Стрэсографа Леха Патоцкага, сямідзесяцігадовага барадача, які з аднолькавым напорыстым імпэтам хадзіў па скалах Татраў у альпінісцкай звязцы і на вясёлых капусніках танцаваў мазурку.
– Панове, – пачуўся неўзабаве магутны бас Патоцкага, – як вы ўжо ведаеце, мае месца атака Старой Цывілізацыі ў раёнах усходняй і паўднёвей Менска. Сітуацыя кантралюецца, але з вялікім напружаннем. Загінула ў агні трое вучняў Вышэйшых курсаў лесаводства.
– Чаму ў агні? – неяк машынальна вымавіў Буслейка.
Дзед, нібы пачуў ягоныя словы, растлумачыў:
– Чарговая, двухсот сорак трэцяя атака Старой Цывілізацыі адрозніваецца ад папярэдніх незвычайнасцю формаў. Ёсць, вядома, і стэрэатыпныя формы: КЛА ў выглядзе шароў, ромбаў і талерак, псеўдалюдзі з лысымі шышкаватымі галовамі і ружовай дзіцячай скурай, але амаль дзевяноста працэнтаў адмоўнай жывой энергіі рэалізуецца ў выглядзе вогненнага вала, які нястрымна коціцца па зямлі. Нездарма СЦ абрала Беларусь – там маюцца яшчэ даволі лясістыя раёны, агню хапае ежы.
Дзед гучна кашлянуў.
– Сітуацыя, як я ўжо казаў, кантралюецца з вялікім напружаннем. Справа абцяжарваецца яшчэ і тым, што да СЦ далучылася каля пяці тысяч робатаў, якіх намерваліся здаць на пераплаўку. Іхняя падпольная тэрарыстычная арганізацыя «Механічная Рука» канцэнтравалася, як стала вядома, у Доме Пераўтварэнняў доктара Метэора. Сам доктар або забіты, або, па некаторых неправераных чутках, узяты робатамі ў якасці заложніка і знаходзіцца, зноў жа па некаторых неправераных чутках, у старой выпрацаванай калійнай шахце непадалёку ад горада Салігорска. Там у робатаў, аказваецца, былі склады зброі. Вось такое становішча, панове. Стрэсограф працуе вахтавым метадам, і вас усіх, ад стрэсаператараў да буфетчыц і вартаўнікоў, павінны былі замяніць роўна праз восем дзён.
Пэўна, у гэтым месцы свайго паведамлення дырэктар Патоцкі, каб удакладніць дату, глянуў на каляндар, бо наступіла паўза, пасля якой ён паўтарыў:
– Роўна праз восем дзён. Але сваёй уладай, так, так, панове, сваёй дырэктарскай уладай, я вымушаны затрымаць вас тут яшчэ дзён на пятнаццаць, не менш. Ніхто не можа гарантаваць, што змена, якая павінна вас замяніць, прыбудзе своечасова. Мы будзем адпускаць вас порцыямі.
– Як марожанае, – пажартаваў Карл Гакенхольц.
– Вось і ўсё, – скончыў Патоцкі. – Зараз вам нешта, спадзяюся вясёленькае, скажа наш культмасавік Алачка Зелянуха, а я прашу стрэсографа Радаслава Буслейку з дванаццатай кабіны зайсці да мяне ў кабінет. Жывуць Сонца і Кісларод!
Патоцкі змоўк, і адразу ж пачуўся вясёлы, бадзёры, нейкі аж іскрысты голас Алачкі Зелянухі:
– Таварышы!
О Вялікая Эра Плюралізму! Ты сапраўды вялікая. Ты дала магчымасць кожнаму чалавеку быць свабодным у думках, словах і дзеяннях. Звяртаючыся да грамады, можна ўжываць якія хочаш словы: «панове», «спадары», «джэнтльмены» і гэтак далей. Вось Алачцы Зелянусе падабаецца слова «таварышы». Калі ласка, Алачка. Дарэчы, самае-найсамае «рыначнае» слова. Што такое «таварышы»? Купцы, гандляры, якія маюць тавар. Што такое «таварыш»? Сябра па рынку, па гандлю.)
Конец ознакомительного фрагмента.
Текст предоставлен ООО «ЛитРес».
Прочитайте эту книгу целиком, купив полную легальную версию на ЛитРес.
Безопасно оплатить книгу можно банковской картой Visa, MasterCard, Maestro, со счета мобильного телефона, с платежного терминала, в салоне МТС или Связной, через PayPal, WebMoney, Яндекс.Деньги, QIWI Кошелек, бонусными картами или другим удобным Вам способом.
КЛА – Касмічны лятаючы аб'ект. Прыкладна да паловы XXI стагоддзя называўся НЛА – Неапазнаны лятаючы аб'ект.