– Карл, ты чытаў «Кодэкс тыранаў» Арыстоцеля? – спытаў Буслейка.
– Чытаў, – кіўнуў галавой Карл.
– А можаш успомніць, што там насачыняў вялікі філосаф?
– Паспрабую, – ніколькі не здзівіўшыся нечаканай просьбе (што толькі не прыйдзе ў галаву пад час доўгага дзяжурства?), згадзіўся Карл.
– Давай.
– Першая запаведзь: «Не дазваляць вылучацца дастойным. Нават караць смерцю». Другая: «Забараніць сумесныя абеды». Гэта азначае, як я разумею, адмену свабоды сходаў. Трэцяя запаведзь: «Трымаць шпіёнаў». Чацвёртая: «Пастаянна абяцаць лепшае жыццё ў будучыні». Пятая: «Узводзіць грамадскія збудаванні, каб людзі былі заўсёды занятыя». І шостая, калі ў мяне яшчэ няма старэчага склерозу…
– «Весці войны або рыхтавацца да іх, бо народ гэткім чынам будзе мець патрэбу ў адзінаўладным кіраўніку», – хуценька кончыў за яго Радаслаў і засмяяўся. – Твой мозг, Карл, працуе яшчэ, як камп'ютэр.
– Дзякуй за камплімент, – усміхнуўся ў адказ Карл. – Але і ў цябе пакуль што мазгі – як гэта кажуць у вас, славян? Ага, успомніў – не заржавелі.
Стрэсаператары сябравалі, бо немагчыма цэлыя месяцы сядзець побач у кабіне і не паспрабаваць зазірнуць адзін аднаму ў душу, тым болей што псіхолагі падбіралі на такую работу людзей кампанейскіх, сумясцімых. Якім шматслойным ні было б чалавечае жыццё, ёсць амаль у кожнага пункты, кропкі судакранання са сваім суседам і з усім чалавецтвам.
Радаслава Буслейку і Карла Гакенхольца яднала неадольная цікавасць да гісторыі рэлігіі. І сапраўды – што прымусіла першабытнага чалавека, а магчыма і першачалавека глянуць з цёмнай пячоры ў начное неба і ўбачыць там не толькі срэбную хмарку, не толькі яркую зорку – убачыць Бога? Страх перад незразумеласцю жыцця, перад маланкай і громам, перад дзікім зверам і смерцю? А ці не закладзена ў самой прыродзе чалавецтва рэлігійнасць, так, як у кожную зямную рэч закладзены вага, шчыльнасць, колер? Ці не з'яўляецца рэлігійнасць відавай прыкметай, асаблівасцю чалавека, бо ў звяроў жа няма рэлігіі.
Радаслаў і Карл адчулі роднаснасць душ з той раніцы, калі немец, пільна сочачы за экранам стрэсографа, раптам прадэкламаваў:
– Ці ёсць у кветак бог? Ці моляцца яны?
– Як-як? – перапытаў Буслейка. Карл прадэкламаваў зноў.
– А ты ведаеш, і я ж пра гэта шмат разоў думаў, – горача загаварыў Радаслаў. – Ну не так, як ты, прыгожа, не вершамі, але думаў. І так заўсёды атрымліваецца, так здаецца, што стаім на самым парозе разгадкі, што лёгенька-лёгенька таўхані маленькія дзверцы, яны расчыняцца, і ўбачыш…
– Што ўбачыш? – нецярпліва спытаў Карл.
– Разгадку. Або самога Бога.
Узнесеныя над вяршынямі гор, аддзеленыя ад сяброў, ад каханых доўгімі тыднямі адзіноцтва, яны жылі, як бы зліўшыся з экранамі, антэнамі і камп'ютэрамі, рабілі сваю вельмі патрэбную ўсім справу, а неба глядзела на іх удзень і ўначы, таямніча шумеў вецер, грымелі, расколваючыся аб скалы, вадаспады, зіхацеў снег, чорнай сцяной стаялі далёка ўнізе лясы, каменьчык, сарваўшыся з-пад капыта горнага казла, імкліва ляцеў у цясніну, у пранізлівую пустэчу. Хіба можна было ў такіх умовах, у такім жыцці не думаць аб вечнасці, аб рэлігіі? Яны абодва, па традыцыі сваіх продкаў, былі хрысціянамі і, вядома, часта гаварылі пра гэту вялікую і супярэчлівую рэлігію, якая, нібы смала з жыдоўскіх смакоўніц, наліпла калісьці на рымскі меч у Юдэі, каб рассяліцца ў многіх землях і народах. На скрыжалях мільёнаў чалавечых сэрцаў назаўсёды выбіты словы: «Узлюбі бліжняга свайго, як самога сябе», «Не ўбій», «Не ўкрадзі». І ўсё-ткі пасля нялёгкага роздуму немец з беларусам прыйшлі да высновы, што ў свой час індаэўрапейскім народам, шукаючы сваю стрыжневую, каранёвую рэлігію, трэба было глядзець не ў бок Палесціны, а на Індыю, і, вядома ж, невыпадковая ў апошні час вялікая цікавасць эўрапейскай моладзі да будызму і крышнаіцтва. Радаслаў Буслейка не быў бы беларусам, каб не расказаў сябру-немцу пра беларускія, як заўсёды, не вырашаныя да канца праблемы. Беларускія вернікі доўгі час варагавалі між сабой, бо варункамі лёсу і амбіцыямі ўладаў былі падзелены на праваслаўных, уніятаў і католікаў. Адзін народ з трыма целамі і душамі. Хіба натуральная гэта з'ява? І вось апошнім часам пачаўся шырокі рух за вяртанне да народнай дахрысціянскай рэлігіі, дзе пакланяліся Агню, Сонцу, Зямлі і Грому. Гэта спроба вярнуцца не ў змрочнае язычніцтва, не ў паганства, а ў купальства (так называецца новая вера), да купальскіх вянкоў і песень, да чыстай зямлі і светлай ранішняй расы, да праматчынай душы.
Читать дальше