– І ты таксама – як гэта правільней па-вашаму сказаць – купальнік? – пацікавіўся тады Карл Гакенхольц.
Буслейка засмяяўся.
– У купальніках прыгожыя жанчыны ходзяць. Я – хрысціянін, але я і купалец. А жонка мая, Ніначка, купалка.
– Купалка, – як рэха, паўтарыў за ім Карл, прыслухоўваючыся да новага слова. – Гучыць няблага.
З таго часу любіў ён гаварыць Радаславу: «Калі ты адлучаўся ў горы, твая купалка па тэлефоне званіла».
Буслейка, пільна сочачы за экранам, з пяшчотай успамінаў сваю маладую жонку, сваю Шначку. Ужо амаль тры месяцы, як яны не бачыліся. Ён неадрыўна сядзіць тут, на стрэсографе, а Ніначка, русавалосая, тоненькая (ён зваў яе «Нінка-трасцінка»), працуе заолагам у перасоўным летнім лагеры, які штогод стварае Ліга барацьбы супраць мутантаў. Нежаночая прафесія ў жонкі. Былі б яшчэ вавёрачкі, вожыкі, зайчыкі, а то даводзіцца лавіць у лясах і балотах дзікоў, ласёў, ваўкоў, нават зуброў і лячыць іх. Аднойчы параненая вярнулася з лагеру – уз'юшаны дзік варсануў ікламі па назе. Усё часцей нараджаюцца між звяроў мутанты, у якіх папсаваны генетычны код, – гіганцкія ваўкі, дзвюхгаловыя сабакі, бязвокія зайцы. Прырода, атручаная чалавекам, узбунтавалася, сышла, як цягнік-лакаматыў, з рэек, ляціць пад адхон і ўсё ломіць на сваёй дарозе. Раней мутантаў адстрэльвалі, усіх без разбору, але Ніначка і яе сябры дамагліся лячыць іх, вывучаць, каб узяць пакуль што некантралюемую сітуацыю пад кантроль. «Ніначка ў мяне настойлівая, – з патаемнай радасцю думаў Буслейка. – Надумае што зрабіць, абавязкова зробіць». Ён быў яшчэ на той стадыі ўзнёслага юначага кахання, калі юнак, мужчына, спелячы ў сабе рыцара, добраахвотна, з найвялікшай асалодай падпарадкоўваецца сваёй абранніцы (адзінай на Зямлі!), патурае ўсім яе слабасцям і капрызам і гатоў памерці па ківу яе пальчыка. На вялікую радасць для чалавецтва, такое салодкае ачмурэнне праз нейкі час праходзіць, іначай рэзка скарацілася б колькасць мужчын.
– Увага, Радаслаў. Бачу канцэнтрацыю, – раптам усхвалявана сказаў Карл Гакенхольц.
На вялікім экране, які амаль увесь займала карта Эўразіі і які ззяў спакойным блакітнаватым святлом, з'явілася чорная пульсуючая кропка. Яна нервова трапятала, то павялічвалася, то змяншалася і здавалася агіднай гнойнай болькай на чыстым здаровым целе.
– Дзе гэта? Давай удакладнім каардынаты, – наструніўся, адразу пастражэў Буслейка.
Камп'ютэр імгненна зрабіў неабходныя разлікі.
– Што мы маем? Пяцьдзесят тры градусы сорак чатыры хвіліны паўночнай шырыні, дваццаць сем градусаў пяцьдзесят восем хвілін усходняй даўгаты. Здаецца, гэта твае родныя мясціны.
Карл запытальна паглядзеў на Радаслава.
– Так, – адказаў той. – Гэта цэнтральная Беларусь, на ўсход ад Менска. Выключны па сіле прарыў адмоўнай жывой энергіі. Стрэлка стаіць на адзнацы «9». Вельмі высокая катэгорыя, а значыць, могуць быць чалавечыя ахвяры. Не шанцуе землякам.
Ён казаў усё гэта, казаў, здавалася, роўным бясстрасным голасам, а ў душы кіпела трывога. Але мозг, вочы і рукі рабілі, амаль аўтаматычна, патрэбную ў такіх выпадках справу. Была прыведзена ў баявую гатоўнасць кальцавая сістэма электрамагнітнай аховы ад Берасця да Крычава на ўсход і ад Полацка да ракі Прыпяць на поўдзень. Услед за гэтым неадкладна ўключылі па ўсяму перыметру кальцавой дарогі ахоўны электрамагнітны пояс горада Менска. Усе мегаполісы, усе гарады-«мільёншчыкі» мелі такія паясы, бо Вялікі Жах (і гэта паказаў прыклад Чыкага) з найвялікшай ярасцю і ўпартасцю атакуе менавіта там.
– Па Ўсходняй Эўропе б'е без перадыху, – сказаў Карл Гакенхольц. – Чатыры канцэнтрацыі за апошнія паўгода. Цікава: выпадковасць гэта або заканамернасць?
Ён дапытліва паглядзеў на Радаслава.
– Лічу, што заканамернасць, – адказаў Буслейка, не адводзячы позірку ад экрана, дзе ўсё бушавала, аж вугальна чарнела няроўная мігатлівая пляма. – Славяне, як і румыны, як і венгры, у палітычным і эканамічным плане пазней стабілізаваліся, чым, скажам, германскія народы. Вобразна кажучы, вулканічны працэс у нас зацягнуўся. Адпаведна рэзка павялічылася крытычная маса адмоўных эмоцый. Вось Вялікі Жах і выкарыстаў гэта. «Дзе тонка, там і рвецца», як кажа наша прымаўка.
У гэтыя імгненні яго востра непакоіла адно: толькі б Шначка не надумала раней часу вярнуцца ў Менск. Няхай бы трапіўся ёй які-небудзь звер-звярыла, дзікун з дзікуноў, мутант з мутантаў, і яна б важдалася з ім у сваім летнім лагеры, а праз дзень-два і Вялікі Жах загналі б, як джына, у бутэльку. Яму ўспамінаўся дакументальны фільм аб падзеях у Чыкага: скручаныя трамвайныя рэйкі, патоўчанае на драбнюткі мак аконнае шкло, згрызены (!) граніт на набярэжнай. Гэта было нялёгка бачыць: сляды ад велізарных зубоў на ружовым граніце…
Читать дальше