– А ці маюцца ў вас якія-небудзь рэчавыя доказы? – насядаў інспектар. – Скажам, лісты, магнітафонныя запісы, фатаграфіі…
– Ды вы што, інспектар, не з нашай галактыкі? – іранічна зірнула на Салаўя Вера Хрысцінюк. – Хіба не ведаеце, што такое Вялікі Жах і ўсе ягоныя замашкі?
– Не ведаю, – з годнасцю адказаў інспектар. – Не даводзілася сустракацца. І вось што, спадарыня, – не ўмешвайцеся ў справу, у якой вы, прабачце, некампетэнтныя. У мяне, – зноў павярнуўся ён да Гая Дубровіча, – быў нядаўна такі выпадак. Сігналізуе адзін паважаны прафесар, назавём яго прафесар Ікс. Так і так, мяне тэрарызуе Вялікі Жах. Высветлілі. І што ж? Прымітыўная белая гарачка. Быў, аказваецца, наш прафесар верным сябрам Бахуса. Вось так.
Ён пераможна паглядзеў на Веру Хрысцінюк.
– Вы, дарагі інспектар, у вашых развагах павярнулі, прабачце, трошкі не ў той бок, – перапыніў яго Навум Масейкін і перапыніў, трэба зазначыць, не дужа тактоўна. – Праблема, як я разумею, заключаецца ў тым, што на Чорным Хутары мы маем справу з магчымай агрэсіяй у дачыненні да нашага шаноўнага Гая Дубровіча. Прадстаўнікі якой цывілізацыі яму пагражаюць? Біялагічнай? Машыннай? Хто яны? Невідзімкі, зомбі, людзі, якіх атруцілі, закапалі ў магілы, а потым ажывілі, і яны нічога не памятаюць пра сваё чалавечае мінулае?
– Спадар Масейкін, не ўскладняйце сітуацыю, – зморшчыўся інспектар Салавей. – Магчыма, тут дзейнічае банда саржавелых робатаў. Нейкім чынам ім удалося пазбегнуць прэса, уцячы з базы металалому, вось яны і нахабнічаюць. Але няхай толькі сунуцца. З вялікім задавальненнем я нараблю дзірак у іхніх галовах-вёдрах.
Пры гэтых словах інспектара Дулеб выпусціў з рук блакітную талерку, і яна, вядома ж, разбілася. Салавей падазрона паглядзеў на яго, сярдзіта кашлянуў. Здавалася, вось-вось закрычыць: «Гэта іхні важак! Вяжыце рукі бандыту!»
– Мы пазбавілі Старую Цывілізацыю чыстай ежы і паветра, мы атруцілі яе. Яна і помсціць, – звонкім упэўненым голасам сказаў Клён. Вялікая Эра Плюралізму дазваляла яму на роўных удзельнічаць у дыспутах дарослых людзей, праўда, не так самаўпэўнена і катэгарычна, ды гэта ўжо іншая гаворка.
– Малайчына Клёнік, – пляснула белымі далонькамі Вера Хрысцінюк і памкнулася пацалаваць яго ў шчаку, але ён вывернуўся.
– Мне здаецца, што Клён недалёка ад ісціны, – загаварыў нарэшце і Гай Дубровіч. Яго пачынаў прыпякаць сорам. Ледзь запахла нейкай непрыемнасцю – і адразу разнюніўся, расхныкаўся. Навошта званіў Масейкіну? Навошта тут, на Чорным Хутары, гэты ідыёт інспектар? Навошта прыляцела Вера? Ён сімпатызуе ёй, і яна яму, але сёння ж якраз не той дзень, калі трэба было з ёй сустракацца. «Паплакацца ў камізэльку», як казалі інтэлігенты мінулых стагоддзяў, можна і нават часам неабходна, толькі не пры такім людным зборышчы.
– Я гутарыў з доктарам Метэорам, з нашымі вядомымі вучонымі-уфолагамі, – працягваў Гай, – і яны схіляюцца да думкі, што Старая Цывілізацыя задоўга да нашай выйшла на касмічныя формы свядомасці. КЛА – гэта не што іншае, як касмічныя караблі эфірнага Сусвету. Яны могуць здзяйсняць пераход з нашага чатырохмернага свету ў свет з большай колькасцю вымярэнняў. У іх зусім іншае ўспрыняцце прасторы і ходу часу. Як нам, нашай цывілізацыі, праламаць нават не сцяну, тонкую сценку, што аддзяляе нас ад іх?
Вера Хрысцінюк, якая закахана пазірала на Гая, умяшалася ў размову.
– Мы ў сваім інстытуце вывучаем усе формы чалавечага сну. Вы ўсе, пэўна ж, чулі, што існуе асобая яго фаза – парадаксальны сон, калі ў таго, хто спіць, вельмі хутка рухаюцца вочы. Дык вось мы прыйшлі да цвёрдай высновы, што стан парадаксальнага сну з'яўляецца другой формай свядомасці чалавека, якая характарызуецца павышанай яркасці вобразамі і спецыфічнай формай мыслення. Вельмі магчыма, што парадаксальны сон з'яўляецца пераходным этапам да касмічных формаў чалавечай свядомасці.
– Не глядзіце на майго бацьку так, – раптам амаль закрычаў Клён.
– Як – так? – страшэнна разгубілася, катастрафічна пачырванела Хрысцінюк.
– Быццам ён – верабей, а вы – пітон, – разануў малодшы Дубровіч.
Гай, у адрозненне ад Веры Хрысцінюк, пабялеў.
– Дулеб, – сказаў ён аслабелым голасам робату, – трэба запаліць камін. Схадзі разам з ім, – паказаў суровымі вачамі на сына, – прынясі дроў.
Будзе зроблена, спадар Гай, – весела адказаў Дулеб, жалезнай рукою ўзяў Клёна за локаць і вывеў з каміннай залы.
Павісла маўчанне, якое ў такіх выпадках і пры Вялікай Эры Плюралізму было няёмкае, цяжкае.
Читать дальше