Раптам у дзверы моцна загрукалі.
– Бацька, адчыні, упусці мяне! – пачуўся ўсхваляваны сынаў голас. – Хутчэй адчыні!
Клён зноў забарабаніў кулакамі па дзвярах.
Нажніцы звонка ўпалі на падлогу, і гэты рэзкі ляскотны гук нібы разбудзіў Гая Дубровіча. Ён уздрыгнуў, хуценька памкнуўся да дзвярэй.
– Не адчыняйце, спадар Гай! – закрычаў з першага паверха Дулеб. – Толькі не адчыняйце! Я сазваніўся з горадам, і праз некалькі хвілін прыбудзе дапамога! Гэтыя пачвары падманваюць вас! Не адчы…
Пачуліся гукі барацьбы, валтузні, потым нешта глуха гоцнулася на падлогу, пэўна, Дулеб.
Гай прыляпіўся да вочка ў дзвярах, адначасова адчыняючы дзверы. Падалося, што сынаў голас прыдушаны, ненатуральны. Ён убачыў Клёна – перакошаны твар, спалоханыя нерухомыя вочы. На правай руцэ ўжо павісла агідная безвалосая пачвара.
Гай рэзка расчыніў дзверы. Не дай, неба, ніводнаму бацьку ўбачыць тое, што ён убачыў. На падлозе фоталабараторыі, па-блазенску прысядаючы і прытанцоўваючы, выціраючы насоўкай кроў з зялёных шасціпалых рук, стаяла высачэзная агідзіна з ружовай, як у нованароджанага дзіцяці, скурай. У яе быў Клёнаў твар, але перад тым як страціць прытомнасць, Гай Дубровіч зразумеў: гэтыя пачвары забілі сына, забілі Клёна, злупілі ў яго з галавы скуру і адзін з іх адзеў яе, як маску, на свой твар…
– Навошта? – толькі й сказаў Гай і страціў прытомнасць.
Аб чым гаварылі шаравыя маланкі
На цэнтральным пульце кіравання Галоўнага Індаэўрапейскага Стрэсографа, які знаходзіўся ў Татрах на гары Герлахаўскі-Шціт, дзяжурыла чарговая змена стрэсаператараў. На гэты раз за паказаннямі прыбораў сачылі Карл Гакенхольц і Радаслаў Буслейка. Яны сядзелі на крэслах-вяртушках у прасторнай ярка асветленай кабіне без вокнаў. Канструктары і будаўнікі Стрэсографа наўмысна не прарэзалі ў кабіне ніводнай шчылінкі, каб таго, хто заступаў на дзяжурства, не магла адарваць ад выканання службовага абавязку цудоўная навакольная прырода. А краявіды былі тут, у паднябессі, невераемна прыгожыя. Горы, лясы, воблакі, рухомыя цені ад воблакаў на іскрыстым срэбным снезе. Калі ж начное неба густа засявалі кропкі зорак і белыя вяршыні гор рабіліся рафінадна-сінімі, чалавечае сэрца поўнілася шчымлівай радасцю, бо толькі праз немітуслівую прыгажосць прыроды можна гутарыць з вечнасцю і хоць трошкі зразумець яе. Але ў стрэсаператары ішлі людзі несентыментальныя, цвёрдыя, з ясным адчуваннем сваёй задачы. Задача ж была які ўжо год адна – папярэдзіць насельніцтва аб магчымых глабальных атаках Старой Цывілізацыі. Стрэсограф, калі апусціць усе не самыя істотныя дэталі, быў заснаваны на тым жа прынцыпе, што і сейсмограф, прынцыпе фіксавання ўдарных хваль. Ламаў гранітнае нутро планеты землятрус, і на тысячы кіламетраў ад эпіцэнтра бегла ўдарная хваля, прадчуваючы якую, выпаўзалі з глыбокіх нораў змеі, бязладна мітусіліся каля мурашнікаў, як не вар'яцелі, мурашкі. Розніца была ў тым, што стрэсограф фіксаваў ударныя паветраныя хвалі. Адмоўна зараджаная эмацыянальная энергія, непамерна накопліваючыся ў адным месцы, не магла не зрушыць сваім цяжарам крохкія паветраныя слаі. Нездарма белетрысты мінулых часоў, асабліва майстры дэтэктыўнага жанру, любілі пісаць: «Ва ўсім наваколлі была разліта трывога». Вось гэту трывогу, гэты крык аб пагрозе і аб дапамозе чуйна лавілі антэны, экраны і камп'ютэры Галоўнага Індаэўрапейскага Стрэсографа. Дарэчы, на ўсім зямным шары і ў Бліжнім Космасе такіх стрэсографаў было недзе каля дваццаці.
Неабходна зазначыць, што Старая Цывілізацыя, загнаная ў кут, даўно рыхтавалася да свайго контрнаступлення. Летапісы расказваюць пра масавыя самазабойствы хрысціян напярэдадні 1000 году. Людзі баяліся Страшнага суда, канца свету, прышэсця Антыхрыста і знішчалі сябе і сваіх дзяцей. Але што гэта, як не магільнае дыханне Старой Цывілізацыі? Вельмі часта, асабліва ў XX стагоддзі, выкідваліся на акіянскія водмелі і паміралі сотні кітоў, самых буйных млекакормячых планеты. Чаго толькі не навыдумлялі на гэты конт вучоныя. І што ў кітоў парушаўся біялагічны компас, і што яны труціліся адыходамі прамысловай дзейнасці чалавека, і што іхняе надта вузкае горла замуроўвалі рачкі, малюскі і водарасці-паразіты. А гэта праводзіла эксперымент Старая Цывілізацыя, каб, набраўшыся вопыту, атакаваць, у рэшце рэшт, Чалавека.
Карл Гакенхольц і Радаслаў Буслейка, немец і беларус, былі вельмі не падобныя адзін на аднаго. Карл маленькі, чарнавалосы, з велымі смуглай скурай, Радаслаў буйнацелы, высокі, шавялюра саламяна-жоўтая. Здавалася б, і тэмпераменты ў іх павінны былі быць розныя, але абодва яны былі прыроднымі сангвінікамі, што падразумявае жвавасць, хуткую ўзбуджальнасць і лёгкую зменлівасць эмоцый. Сёння ў стрэсаператараў пераважаў разважліва-філасафічны настрой.
Читать дальше