І вось недзе падчас гэтага найвышэйшага свавольства айцец Браўн зусім перастаў бачыць, што робіцца на сцэне, бо магнат з Сіці, які сядзеў перад ім, падняўся ў поўны рост і пачаў апантана рыцца ў кішэнях. Тады нервова сеў, не пакідаючы сваіх пошукаў, а тады зноў падскочыў. Спачатку ён нібыта хацеў неадкладна ўварвацца на сцэну, пасля ўтаропіў злы позірк у клоўна, а пасля, нічога не сказаўшы, кінуўся прэч з пакоя.
Айцец Браўн толькі і паспеў некалькі хвілін паназіраць за бязглуздым, але не пазбаўленым зграбнасці танцам Арлекіна-аматара над захапляльна бязрушным супраціўнікам. З праўдзівым, хоць і грубым, мастацтвам Арлекін упрыскок спінаю наперад выбраўся праз дзверы ў сад, поўны месяцавым святлом і цішынёю. Арлекін танцаваў усё далей, і самаробны касцюм з бліскучай паперы й маскарадных аздобаў, задужа зіхоткі ў святле рампы, у ззянні месяца рабіўся ўсё срэбнейшым і ўсё чароўнейшым. Гледачы грымнулі апладысментамі і кінуліся бліжэй да дзвярэй, і тут нехта крануў айца Браўна за рукаў і шэптам папрасіў прайсці ў кабінет палкоўніка.
Святар пайшоў следам за слугою, узмацняючыся ў благіх прадчуваннях, і зусім не супакоіўся ад урачыста-камічнай карціны, што адкрылася яму ў кабінеце. Там сядзеў палкоўнік Адамс, па-ранейшаму ў касцюме Панталонэ, і ківаў рогам з кітовага вуса, але ў яго старых вачах было досыць тугі, каб ацвярозіць любую пагулянку. Сэр Леапольд Фішэр абаперся на камін і цяжка дыхаў у напышлівым перапудзе.
– Здарылася вельмі вялікая непрыемнасць, айцец Браўн, – сказаў Адамс. – Разумееце, выглядае, што тыя дыяменты, якія мы ўсе сёння бачылі, зніклі з кішэні фрака майго сябра. І паколькі вы…
– Паколькі я, – працягнуў айцец Браўн, разусміхаўшыся, – сядзеў акурат за ім…
– Нічога падобнага ніхто і ніколі не скажа, – запярэчыў палкоўнік Адамс і ва ўпор паглядзеў на Фішэра, выдаўшы тым самым, што нешта падобнае ўсё ж было ўжо сказана. – Я толькі прашу вас, як прасіў бы любога джэнтльмена, аказаць мне дапамогу.
– Іншымі словамі, вывернуць кішэні, – адказаў айцец Браўн і не адкладаючы так і зрабіў, паклаўшы перад суразмоўцамі сем шылінгаў, шэсць пенсаў, зваротны білет, маленькае срэбнае ўкрыжаванне, невялікі брэвіярый ды плітку шакаладу.
Палкоўнік доўга глядзеў на святара, а тады сказаў:
– Ведаеце, змесціва вашай галавы мне нашмат цікавейшае за змесціва вашых кішэняў. Мая дачка – з вашых прыхаджанаў, і вось апошнім часам яна… – ён замоўк.
– Апошнім часам, – выкрыкнуў стары Фішэр, – яна адчыніла дзверы бацькоўскага дома галаварэзу-сацыялісту, які адкрыта хваліцца, што ў багацейшага чалавека скраў бы што хочаш. А вось вам і вынік! Вось вам багацейшы чалавек, які сёння не пабагацеў.
– Змесціва маёй галавы я ад вас таксама не хаваю, – крыху стомлена адказаў айцец Браўн. – А чаго яно вартае, вырашыце самі. Вось першае, што я выцягну з гэтай падзапамятаванай кішэні: хто збіраецца скрасці дыяменты, той не стане ўслых хваліць сацыялізм. Вось асуджаць, – рахмана дадаў ён, – гэта магчыма.
Абодва астатнія тузануліся, а святар працягваў:
– Разумееце, мы ж іх больш-менш ведаем. Гэты сацыяліст не болей здатны скрасці дыяменты, чым егіпецкую піраміду. Нам бы пахутчэй зірнуць на адзінага незнаёмага. На таго, што граў паліцэйскага, на Фларыяна. Ведаць бы, дзе ён цяпер.
Панталонэ падхапіўся і вялікімі крокамі выйшаў з пакоя. Пасля была інтэрлюдыя, цягам якой мільянер углядаўся ў святара, а святар – у брэвіярый. Тады Панталонэ вярнуўся й змрочна і адрывіста сказаў:
– Паліцэйскі так і ляжыць на сцэне. Заслону ўжо шэсць разоў паднялі ды апусцілі, а ён усё ляжыць.
Айцец Браўн упусціў з рук кнігу і ўтаропіўся перад сабою раптоўна спусцелым позіркам. Патроху ў ягоных шэрых вачах ізноў зацяплілася святло, і ён вымавіў не дужа чаканае пытанне:
– Даруйце, палкоўнік, але калі памерла вашая жонка?
– Жонка? – здзіўлена адгукнуўся вайсковец. – Два месяцы мінула. Джэймс, яе брат, усяго на тыдзень спазніўся яе пабачыць.
Караценькі святар падскочыў, як падстрэлены трусік.
– Хутчэй! – усклікнуў ён з нечаканым хваляваннем. – Хутчэй! Трэба зірнуць на паліцэйскага.
Яны рынуліся да схаванай заслонаю сцэны, ледзь не наляцеўшы на Каламбіну ды клоўна, якія вельмі ціхамірна пра нешта шапталіся, і айцец Браўн схіліўся над бязрушным комікам-палісменам.
– Хлараформ, – сказаў ён, выпрастаўшыся. – Чаму я раней не здагадаўся!
Была разгубленая цішыня, а тады палкоўнік павольна прагаварыў:
– Калі ласка, растлумачце як ёсць, што ўсё гэта значыць?
Читать дальше