— Коля, што ты гаворыш, адумайся?!. — глытаючы даўкія слёзы, надрыўна плакала маці. — Партызаны… Хлеб… Ды ў мяне дзве бульбіны засталося… Не ведаю, чым сына карміць… Вясна позняя… Крапіва, шнітка не нараслі…
Той, каго маці назвала Колем, рэзка змахнуў са стала шмаццё нітак, следам паляцела і гліняная міса. Міса падкацілася да лавы, дзе яны сядзелі, жанчына апусціла сына на падлогу і пацягнулася за цудам уцалелай пасудзінай.
Гэтага толькі і чакаў другі, маладзейшы, паліцай. Ён рэзка вырваў з рук жанчыны маленькага Кузьму, паставіў на стол і фінкай скалупнуў з пляча шпагаціну, што трымала лапленыя на каленках штаны, пашытыя са старой бацькавай гімнасцёркі.
Тое, што адбылося далей, хлопчык памятаў дрэнна. Паволі, нібы цішком, вочы заліло шэрым калючым туманам, у якім расплыліся гідлівыя ашклянелыя варожыя твары. Яны грымаснічалі, скалілі зубы, пыхкалі атрутным тытунём, рагаталі, а пасля таго, як гэты самы Коля дакрануўся фінкай да цела трохі ніжэй жывата, маленькі Кузьма самлеў… Ён ачуняў, як казала маці, толькі на трэці дзень. Сына ўбачыла і расплакалася… Спуд быў настолькі моцны, што хлопчык ні хадзіць, ні гаварыць не мог… І, што найгорш за ўсё, здарыўся нервовы цік, які раз-пораз перасмыкаў твар…
Кузьма прахварэў цэлы год, і толькі наступнай вясной, калі гуллівае сонейка майскімі ранкамі пачало загадкава зазіраць у вочы і быццам клікаць на вуліцу, на волю, ён пайшоў на папраўку. Давялося вучыцца наноў і гаварыць, і хадзіць, а вось нервовы цік доўга не паддаваўся лячэнню. Дый лячэнне тое было без усялякіх лекаў і дактароў…
«Дзе доктара знайсці?.. Хіба ў немцаў?.. — пасля вайны часта ўспамінала маці. Гаварыла так, быццам апраўдвалася: — Пайсці можна было… Людзі ж, вядома, хварэлі… Толькі лячылі немцы сваіх і, канешне, прыхвасняў… А з намі што хочаш маглі зрабіць… Хоць у Нямеччыну адправіць, хоць расстраляць па даносе якога паскудніка… Бацька ж партызаніў… А паліцай, як ты самлеў, адчапіўся…
Не-е, у яго жалю да нас не было… Ягоная жонка абараніла… Прыйшла, цябе ўбачыла і перажагналася, гэткі ты, сынок, быў лядашчы… Што казаць пра некага… Я сама рыхтавалася да горшага… А потым бабкі пачалі прыходзіць… Вышуквала іх па ўсёй акрузе… Здаралася, людзі самі настоі розныя прыносілі… Хто шаптаў, хто малітвы чытаў ды святой вадой пырскаў… Было, і траўку палілі, дымам абкурвалі, як пчаляр пчол… А калі па праўдзе, то нас твая хвароба і ўратавала… Паліцаі засады ладзілі, чакалі, што татка прыйдзе хворага сына праведаць. Ты за прынаду быў… А Самсон доўга не аб’яўляўся, як аказалася, паранены ляжаў… А летам і нашы прыйшлі…»
Калі фашыстаў прагналі, маці на спадарожнай ваеннай машыне Кузьму завезла ў Мінск, у шпіталь. Ён доўга памятаў немаладога вусатага доктара з залатымі пагонамі на плячах, які пасля агляду нечакана прытуліў хлопчыка да сябе і прашаптаў: «Даўно не лячыў простыя чалавечыя хваробы… Чатыры гады ў руках толькі скальпель… А ў цябе, малец, перспектыва выдатная, хвароба адступіцца… перарасцеш яе…» Кузьма Самсонавіч праз некалькі год і сапраўды пазбавіўся ад нервовага ціку, як сказаў ваенны доктар, «перарос» хваробу. Праўда, цік калі-нікалі ўсё ж нагадваў пра сябе.
* * *
Малярэўскі і падумаць не мог, што яблык, праткнуты фінкай, прымусіць дзеда Кузьму ўспомніць самыя жудасныя хвіліны жыцця. Капітан, уладна пазіраючы на старога, доўга маўчаў, чакаў, калі праўдалюбец ачуняе і ўсвядоміць пачутае.
Нарэшце Кузьма Самсонавіч расплюшчыў вочы, пагардліва зірнуў на свайго крыўдзіцеля, пацягнуўся да пузатага графіна з вадой, і ў гэты момант зноў токам ударыла. Рэзкі боль працяў скроні, у грудзях гучна затахкала сэрца.
Раптоўныя ці то мроі, ці то ўспаміны прымусілі заплюшчыць вочы і зноў убачыць і адчуць сябе пяцігадовым хлопчыкам. Да яго зноў вяртаўся той страшны дзень, калі фашысцкія прыслужнікі рабілі вобшук… Вось ён сядзіць на руках у маці, а насупраць за сталом гарой высіцца паліцай. У руках паліцая клубок чырвоных нітак, і ён, скалячы зубы, падсоўвае малому хлопчыку фінку, прымушае рэзаць клубок… Маленькі Кузьма супраціўляецца, ён памятае, што гэтак не было, але гідлівы паліцай настаўляе вінтоўку на маці, і дрыготкая рука хлопчыка пачынае шморгаць фінкай па злашчасным клубку. Нечакана лязо скрыгатнула па метале, і ніткі адразу быццам хто здзьмуў з далоняў, і ў руках ужо не клубок, а цяжкая рабрыстая лімонка… Кузьма спрабуе ўратаваць маці і хавае чамусьці гарачую жалязяку, падобную на гусінае яйка, за пазуху, і тут жа агністая бліскавіца коратка і балюча секанула па вачах, сотні, тысячы званоў грымнулі ў скронях, нясцерпны, люты боль апёк грудзі. Адразу наляцеў смерч і закруціў столь, сцены, людзей у адным шалёным танцы… Закруціў і кінуў у чорную непраглядную пустэчу…
Читать дальше