— Застанься, — строга сказаў дзед Кузьма, — ты ў мяне званы госць…
— І нязваныя па кубачку гарбаткі выпілі б, калі прыгатуеце, — узяўшы за руку Пятрову, папрасіў участковы.
На нейкі момант у пакоі запанавала гнуткая напятая цішыня, якую нечакана парушылі гулкія ўдары і рыпучае скавытанне ў сенцах. Кузьма Самсонавіч строга зірнуў на ўчастковага, незадаволена буркнуў:
— Званыя дзверы за сабой зачыняюць.
Капітан кінуўся ў сенцы наводзіць парадак, а гаспадар, гледзячы Івану Іванавічу ў вочы, падабрэлым голасам сказаў:
— Госці лавы не пераседзяць! Наталля, стаў кубачкі, сталічнае начальства малінавым варэннем частаваць будзем. Здаецца мне, Іван Іванавіч, у нас афі цыйна… Бачыш, гарнітурчык на ім новенькі, кашуля, гальштук, чаравікі лакіраваныя… І дыпламат пры ім… Няважна, што чамаданчык старэнькі, галоўнае, каб у ім ляжалі паперы з добрымі навінамі.
Іван Іванавіч падсунуў крэсла бліжэй да гаспадара, сеў, паклаў на калені ўжо знаёмы дзеду дыпламат.
— Першае, добрага вам, Кузьма Самсонавіч, здароўя, — урачыста прамовіў Іван Іванавіч, насцярожана зірнуў на гаспадара, зразумеў, што той, як заўсёды, гатовы яго перапыніць, і вырашыў, што няхай стары адразу выкажацца, і няспешна шчоўкнуў замочкамі, дастаў з дыпламата чырвоную папку з белымі матузкамі.
— Зноў першае… другое… трэцяе… Не люблю, калі ўсё раскладваюць па ранжыры… — непрыязна буркнуў дзед Кузьма. — За вашымі хітрыкамі і важнае прапусціш…
— Я сапраўды з добрымі навінамі, — развязваючы матузкі, задаволена ўсміхнуўся Іван Іванавіч. — І калі гаспадар настойвае — агучу галоўнае. А важнае тое, што паліцая, які здзекаваўся з вашай, Кузьма Самсонавіч, сям’і падчас Вялікай Айчыннай вайны, мы знайшлі!.. Паліцай перахітрыў усіх… Ён памяняў у дакументах адну літару ў прозвішчы і стаў іншым чалавекам. Калі прайдзісвет адчуў, што фашыстам капец, ад немцаў уцёк і зашыўся ў глухой вёсцы на Магілёўшчыне, а потым… — палкоўнік прымоўк, зрабіў невялікі глыток гарбаты, удзячна кіўнуў Наталлі і, зняўшы гальштук, працягваў: — А потым было, як з усімі, хто жыў у акупацыі… Пасля вызвалення Беларусі яго мабілізавалі, павучылі на паскораных курсах сапёраў — і на фронт, на перадавую. Яму пашэнціла, застаўся жывы… Быў паранены, меў баявыя ўзнагароды… Вярнуўся і да смерці ў тысяча васьмідзясятым годзе жыў ціха, непрыкметна. Цяпер што тычыцца капітана, таго, што праводзіў вобшук у Пятровай, — Іван Іванавіч зірнуў на Наталлю. — Супраць яго ўзбуджана крымінальная справа за перавышэнне службовых паўнамоцтваў. Ён будзе адказваць і за нанясенне сям’і Пятровай матэрыяльнага і маральнага ўрону. Цяпер самае нечаканае… Капітан Малярэўскі аказаўся праўнукам паліцая Махляра…
Прозвішча фашысцкага хаўрусніка было Махлярэўскі, і, хаваючыся ад пакарання, ён выкінуў з прозвішча літару «х»… Тут прамашка нашай службы, маіх папярэднікаў… Ніхто і падумаць не мог, што паліцай схаваецца за адной літарай… А ўнуку ў спадчыну дзед-паліцай перадаў не толькі прозвішча, помслівую злосць, але і мянушку… Праз яе, мянушку, і раскрылася праўда. Вось такая насмешка лёсу…
У пакоі надоўга запанавала напятая, гнятлівая цішыня. Раптам у адчыненую фортку ўварваўся вецер, неспакойны, па-восеньску слотны, сцюдзёны, а разам з ім далёкі і ледзь чутны прызыўны перазвон. Неспакойна калыхнуліся фіранкі, надзьмуліся ветразямі, але і гэта не змагло парушыць пругкай цішыні.
Кожны думаў пра сваё і ў той жа час пра адно і тое…