Виктор Правдин
Эксгумацыя
Лета было ў самым разгары. Дзённая лiпеньская спёка цяжкiм, даўкiм смогам ахiнула, сцiснула, быццам абцугамі, двухмiльённы горад i вось ужо месяц трымае яго ў напружаным чаканнi – чаканнi дажджу. Здаецца, што асфальт на вулiцах плавiцца, ператвараецца ў пластылiн, i ад яго ўвачавiдкi, паволi цягнецца ўгору цяжкае, гарачае, прыкра-горкае паветра, якое завiсае над гмахамi дамоў, ствараючы вялiзны яйкападобны панцыр. I нават ноч не прыносiць прахалоды, а слабенькi начны вятрыска, як нi стараецца, не можа прабiцца да гарадскiх вулiц. Жыццё, здаецца, замарудзiлася. Трава ўздоўж тратуараў i ў невялiкiх скверах ды парках звяла, а найбольш сонечнымi месцамi заўчасна жоўкне i сохне. Дрэвы таксама ўмомант знiякавелi, лiстота звiсае скручанымi ледзяшамi i немагчыма каля iх знайсцi i лапiка ценю, каб перадыхнуць, схавацца ад прамянiстага, бязлiтасна-гарачага сонца. Разамлелыя людскiя чэргi толькi i ўбачыш каля кiёскаў, дзе прадаюць марожанае. А вось заўсёды крыклiва-гаманкiя аматары пенiстага пiва не здрадзiлi любiмаму пiтву, а толькi пакiнулi абгароджаную каля кiёска пляцоўку з трыма круглымi бруднымi сталамi i сцiшана месцяцца ўздоўж сцяны жылога дома, дзе яшчэ крыху ёсць цень.
У адзiнае вакно кабiнета старшага следчага пракуратуры Васiля Мiкалаевiча Смаляка сонца зазiрае ўранку ўсяго на якую гадзiну, i следчаму заўсёды яго не хапае. Нават гэтымi спякотнымi днямi, калi чырвоны слупок на тэрмометры перакулiў за дваццаць пяць градусаў i настойлiва падкрадаўся да адзнакi трыццаць, следчы, не задумваючыся, змянiў бы свой пакой на той, дзе многа сонца i цяпла. Смаляк быў невысокi, але, як кажуць, чалавек шырокай косцi, рухавы, а выразныя шэра-сiнiя вочы пазiраюць з-пад чорных вузкiх броваў спагадлiва i шчыра. Яму было трыццаць пяць гадоў, хоць выглядаў ён на ўсе сорак. Заўчасная сiвiзна, глыбокiя, не па гадах, зморшчыны каля вачэй, па ўсiм, ад таго, што саромеўся насiць акуляры, на лбе i ў куточках рота старылi, асаблiва калi следчы быў нечым заклапочаны. У гэтыя хвiлiны ён меў хваравiты, пакутнiцкi выгляд. I наадварот, калi ўсмiхаўся, ад хваравiтасцi не заставалася i знаку, твар свяцiўся непадробнай шчырасцю, нейкiм унутраным святлом, i Смаляк маладзеў на добры дзесятак гадоў. Характар меў лагодны, спагадлiвы, не ачарсцвеў за час работы ў пракуратуры, але, калi трэба было, мог пастаяць, i не толькi за сябе. Мо якраз праз гэта i цягнулiся да яго людзi, давяралi асабiстае, самае iнтымнае, пра што нават на споведзi не кожны прызнаецца.
Смаляк, блiзарука прыжмурыўшыся, хуткiм размашыстым почыркам пiсаў чарнавы варыянт ліста, адказваў на скаргу, па якой праводзiў праверку. У гэты момант у дзверы рэзка пастукалi, i не паспеў следчы ўзняць галаву, як у кабiнет уварвалася Люся, сакратарка пракуратуры.
– Васiль Мiкалаевiч, Вас на «кавёр» да шэфа! – адным духам выпалiла дзяўчына, бы стрэлiла з кулямёта, i гэтак жа iмклiва знiкла, пакiнуўшы пасля сябе пах прыемных французскiх духоў.
«Вось гарэза!» – усмiхнуўся следчы i, няспешна перачытаўшы напiсанае, затушыў недакурак у адмысловай важкай попельнiцы, зробленай у выглядзе змяiнай галавы. Хаваючы паперы ў стол, Смаляк усё ж зажурыўся, бо на выхадныя планаваў паехаць з жонкай i сынам на возера. А што, калi Кучкун памяняў графiк дзяжурства? Такое часцяком здараецца, падчас летнiх адпачынкаў людзей не хапае.
Калi Смаляк увайшоў у кабiнет да пракурора, Сяргей Сяргеевiч Кучкун нешта iмпэтна даводзiў па тэлефоне нябачнаму субяседнiку: «…Не, так будзе няправiльна, прынятае рашэнне супярэчыць закону…» Убачыўшы следчага, ён кiўнуў галавой на крэсла, запрашаючы прысесцi, i, падпiхнуўшы яму шэрую папку, завязаную чорнымi матузкамi, прыкрыў далонню тэлефонную трубку:
– Васiль, пакуль я пагавару, прачытай скаргу, якая ляжыць у папцы.
Кучкун быў высокi, хударлявы, крыху сутулы пяцiдзесяцiгадовы мужчына. Шэрыя вочкi-калючкi, сiвыя, кароткiя, стрыжаныя пад вожыка валасы, якiя пагрозлiва тырчалi ў розныя бакi, i асаблiва строгi пракурорскi мундзiр, з якiм Кучкун не расставаўся нават у сёлетнюю трыццацiградусную спёку, надавалi яму выгляд жорсткага, непахiснага чалавека, прынцыповага законнiка. Але гэта было толькi першае ўражанне, якое ён даволi артыстычна ствараў аб сабе ў людзей, з якiмi сустракаўся ўпершыню. На самай справе Кучкун быў чалавекам настрою з падначаленымi i пракурорам-аднадумцам з вышэйшым начальствам.
Зразумеўшы, што ў выхадныя ён будзе вудзiць рыбу на Вячы, Смаляк паспакайнеў, усмiхнуўся.
– Ты што смяешся? – зноў паклаўшы далонь на трубку, узвысiў голас пракурор. – Ты перш прачытай, а ўжо смяяцца будзем потым… Прабачце, Iван Пятровiч, гэта я не Вам, – спахапiўся Кучкун i, апраўдваючыся, удакладнiў: – Тут у мяне са следчым праблемы… Кажаце, Федарэнка Вас падтрымлiвае? Калi так, то i я не супроць, толькi трэба ўсё дэталёва абмазгаваць…
Читать дальше