— Гэта перазнятыя і павялічаныя тагачасныя здымкі з мінскіх фашысцкіх газет, у якіх упамінаецца ваша вёска падчас правядзення карнай аперацыі… Ёсць групавыя фота паліцаяў… Паглядзіце, раптам каго пазнаеце?
Кузьма Самсонавіч няспешна начапіў акуляры і асцярожна паднёс да вачэй прапанаваны здымак… Потым другі… трэці… Але як ні стараўся, у зжаўцелых ад часу здымках, нікога пазнаць не мог.
— А гэтак? — Іван Іванавіч працягнуў старому павелічальнае шкло.
Дзед Кузьма хацеў запярэчыць, але палкоўнік перапыніў:
— Не пазнаеце ў агульных здымках, зробім партрэт кожнага… Мы ведаем усіх фашысцкіх прыслужнікаў, але ёсць і тыя, каму ўдалося пазбегнуць пакарання. Сярод іх і паліцай па мянушцы Махляр…
— Нашто шукаць мерцвяка?.. — не разумеючы настойлівасці палкоўніка, прамармытаў Кузьма Самсонавіч, але павелічальнае шкло ўзяў, паклаў на адну з фотакартак і, трошкі прыпадымаючы, дабіваючыся рэзкасці, раптам утаропіўся ў здымак. Са старога пажаўцелага фота мутнымі вачамі на яго глядзеў насаты паліцай… Тая ж зняважлівая ўсмешка і… папяроса ў зубах.
— Ён!.. — захліпаючыся ад пакутнай дыхавіцы, прахрыпеў дзед Кузьма і адчуў, як паўзучы востры боль свердзеламі ўпіваецца ў патыліцу…
Палкоўнік быў чалавек спрактыкаваны і ведаў, чым можа скончыцца апазнанне паліцая, таму ў калідоры чакалі доктар і медсястра з уколамі і кропельніцай…
* * *
Кузьма Самсонавіч ужо тры дні як вярнуўся з санаторыя. Раніцай прыбегла Наталля, прынесла гарачых блінцоў з тваражком і зноў дзякавала за падтрымку падчас вобшуку. Ён бачыў, як павесялела суседка, цяпер з яе твару не сыходзіла лагодная ўсмешка, выразныя васільковыя вочы свяціліся дабрынёй.
Дзед Кузьма ад перабольшанай увагі маладзіцы адчуваў сябе як не ў сваёй талерцы. Ад пачастункаў аднекваўся, мармытаў, што яшчэ сам здольны паклапаціцца пра сябе, але ўстаяць перад напорам шчырай дабрыні не мог.
— Кузьма Самсонавіч, можна мне з вамі гарбаткі з варэннем папіць? — спыталася Пятрова і, не чакаючы згоды, паставіла на стол літровы слоік. — Вось, яшчэ ў ліпені зварыла. Маліна ў гэтым годзе ўрадзіла, як ніколі.
— Дзе ж маліне пладзіцца, як не ў Малінаўцы? — усміхнуўся дзед Кузьма. — Толькі лішняе гэта… У цябе клопату вышэй галавы. Вось і цяпер: ты тут, а дзеткі?.. Адны?..
— Што вы, — рассмяялася суседка, — ужо месяц як хлопчыкі ў бацькоў. Прыйшла параіцца, мо дадому пара іх прывезці?
— А я тут якім бокам? — здзівіўся дзед Кузьма. — У мяне ні машыны, ні правоў… Да суседкі, да Веркі, па дапамогу трэба…
— Справа не ў машыне… — цяжка ўздыхнула Наталля і, трошкі памаўчаўшы, адным дыхам выпаліла: — Да мяне прыходзілі з пракуратуры, выпытвалі пра нейкую «метку» ў прыбіральні… Доўга не магла зразумець, што за «метка»… А потым дапетрыла… Было, кажу… Пасля вобшуку ў прыбіральню сунулася, а там сцены, люстэрка, нават адзежа дзіцячая дзярмом выпацканы… Хто зрабіў, не ведаю, толькі цэлы дзень змывала тую гадасць. Потым міліцыянер прыходзіў, з тых начальнікаў, што кіравалі вобшукам, худы, насаты, вочы нерухомыя, сцюдзёныя… Прасіў не пацвярджаць таго, што было ў прыбіральні… Калі адмовілася — стаў пагражаць дзяцей адабраць, а мяне, як мужаву хаўрусніцу, у следчы ізалятар. Вось і адправіла дзетак да бацькоў, на Віцебшчыну. Сама не паехала, забаранілі месца жыхарства пакідаць, а чаму, і сёння не разумею…
— Да нашага ўчастковага звярнуцца трэба, — няпэўна прапанаваў Кузьма Самсонавіч.
— Хацела, — адчайна махнула рукой Наталля, — але як даведалася, што вас з міліцыі хуткая дапамога забрала — не адважылася. Як успомню насатага міліцыянера — страшна робіцца… Не за сябе, за дзетак…
У гэты момант у сенцах бадзёра дзынкнуў званочак, і амаль адразу дзверы на кухню расчыніліся, у пакой уваліўся Сярдзюк.
— Во, лёгкі на ўспамін, — спрабуючы ўстаць з крэсла, незадаволена буркнуў дзед Кузьма.
— Служба гэткая, быць там, дзе патрэбен, — весела падміргнуў Пятровай Сярдзюк і, паклаўшы гаспадару руку на плячо, узвышана дадаў: — Сядзі, Кузьма Самсонавіч, і больш ні перад кім не ўставай.
Участковы азірнуўся і гучна запытаўся:
— Таварыш палкоўнік, — ён запнуўся, — скажыце, Іван Іванавіч, правільна я кажу?..
— Правільна, правільна! — паблажліва адгукнуўся сцішаны голас з-за шырокай спіны Сердзюка.
— Іван Іванавіч, а што вы ў мяне забыліся? — пазнаў чалавека з адпаведных органаў Кузьма Самсонавіч. — Ці мне ў сваёй хаце ўжо не вольна?..
— Ой, зусім забылася, — падхапілася Наталля, — у мяне ж пральная машына адпрацавала…
Читать дальше