ГРУМ’Ё
Стукнуць вам тут, сіньёр? Вот калі дзіва! Хто ж я такі, каб вам настукаць, сіньёр?
ПЕТРУЧ’Ё
У дзверы стукай, у вушак, дурыла,
Бо вывядзеш з цярпення,— стукну ў рыла.
ГРУМ’Ё
Задзіра вы, сіньёр! Каб я пачаў,
Дык і зубоў бы, мабыць, не сабраў.
ПЕТРУЧ’Ё
Лайдак, мяне задзірай абзываеш?
Чакай жа, ты вось зараз атрымаеш
Гасцінчыка, не гэтак заспяваеш!
( Круціць Грум'ё за вушы .)
ГРУМ’Ё
Ратуйце! З глузду з’ехаў мой сіньёр.
ПЕТРУЧ’Ё
Ага, запеў? Цяпер жа бі ў запор.
З дому выходзіць ГАРТЭНЗ’Ё .
ГАРТЭНЗ’Ё
Што тут за гвалт? У чым справа?
А, дружа Грум’ё. Дарагі сябра Петруч’ё!
Як вы там усе ў Вероне?
ПЕТРУЧ’Ё
Гартэнз’ё, вы прыйшлі суняць лупцоўку.
«Con tutto il core bentro vato» [6] «Ад усёй душы рады сустрэцца з вамі» (італ.).
—
хтосьці лоўка
Сказаў, і сапраўды — я рад сустрэчы.
ГАРТЭНЗ’Ё
Цытаты дык цытаты. Вось, дарэчы:
«Alla nostra cosa benvenuto, molto
Honorato signor mio Petrucio» [7] «Будзьце ласкавы ў наш дом, шаноўнейшы сіньёр Петруч'ё» (італ.).
Ну, Грум’ё, рушым з мірам, мы вас змірым.
ГРУМ’Ё
Не, сіньёр, не такая тут расхадзілася бура, каб суняць каламбурам. Ці ж гэта не законная падстава, каб сабрацца ціха — і не памінайце ліхам. Памяркуйце вы самі, сіньёр: ён загадваў мне ці то стукнуць, ці то трэснуць, сіньёр, і на ўсю сілу, сіньёр. Ці ж пасуе гэта слузе, сіньёр, так стукаць свайму гаспадару, якому, у добры час сказаць, а ў благі памаўчаць — ужо за трыццаць гадоў стукнула?
Ну што ж было б, каб я без доўгіх спраў
Пачаў? Зубоў бы нават не сабраў.
ПЕТРУЧ’Ё
Абух! Вы толькі слухайце абуха:
Я загадаў, каб стукнуў у вушак.
Ён толькі й чуў. Упёрся, як ішак...
ГРУМ’Ё
Ну чулі? — «У вушак». Чаму ж не ў вуха?
Хіба ж не вашы словы: «Ах, лайдак,
Сюды вось бі, жабуцька ты, рапуха»?
А зараз — «у вушак». Вушак — не вуха!
ПЕТРУЧ’Ё
Чмут, змоўкні, бо не сцерплю і пратуру!
ГАРТЭНЗ’Ё
Цішэй, Петруч’ё. Я яго натуру
Даўно ўжо ведаю і паручуся,
Што Грум’ё — гаварун, у заварусе
Не разабраўся і не пастараўся.
ГРУМ’Ё
( сам сабе )
Няўжо ж, наняўся, кажуць, як прадаўся.
ГАРТЭНЗ’Ё
Скажыце лепш, які шчаслівы вецер
У Падую з Вероны вас прынёс?
ПЕТРУЧ’Ё
Той самы, дружа, што па белым свеце
Развеяў моладзь спазнаваць свой. лёс,
Шукаць дабра за межамі радзімы,
Сталець і разумнець. А карацей,—
Петруч’ё, сын Антоніа адзіны,
З мінулай восені асірацеў
I, як і ўсе мы, апынуўся ў свеце,
Каб ажаніцца і разбагацець.
Пакуль што кроны ёсць у партманэце,
Ажэнімся — і болей будзем мець.
Я, ваш слуга, рашыў пабачыць свету...
ГАРТЭНЗ’Ё
Ці не пасватаць мне табе кабету
Звяглівую і ўпартую, Петруч’ё?
Баюся толькі, што пасля заручын
Ты скажаш мне: «падсунуў, чорт рагаты!»
Скажу наперад, друг, яна багатых
Бацькоў дачка, на выгляд не старая;
Ды не, ты — Друг, і я табе не раю.
ПЕТРУЧ’Ё
Гартэнз’ё, паміж шчырымі сябрамі,
Як мы з табой, не тое, што у краме
Паміж купцамі. Калі лад дык лад,
А не, дык і аглоблі, брат,— назад.
Да чорта торг! Я хлопец нежанаты,
А ты мой друг, дык будзь у друга сватам —
Вядзі хоць зараз, толькі да багатай.
Багацце — лейтматыў ва ўсім вяселлі,
А там — няхай яна такое зелле,
Такі пякун-палын, брыдота, жолаб,
Што перад ёй карга Сівіла — голуб [8] У адной сярэдневяковай аповесці расказваецца, што рыцар Фларэнцыяна ажаніўся з страшэнна пачварнай жанчынай. Адсюль і супрацьпастаўленне: «качарга-пачвара» і «краска».
,
Сакратава Ксантыпа — мір і ласка [9] Сівіла (вешчая чарадзейка ў старарымскіх сказаннях) у эпоху Адраджэння ўвасаблялася ў выглядзе старой непрыгожай жанчыны «старая карга»).
,
А качарга Фларэнцыяна — краска [10] Ксантыпа (Сакратава жонка) была вядома ў тагачаснай літаратуры як сварлівая, сярдзітая баба.
,—
Яна не зладзіць нас, і не разгладзіць,
I радай сваёй бабскай не парадзіць,
Каб нават раз’юрылася віхурай,
Як Адрыятыка страшэннай бурай.
Хачу і прагну, завітаўшы ў Падую,
Жаніцца і разжыцца да упаду я.
Читать дальше