ГЕРЦАГ
О неба! Хлопчык мой, недапушчальна,
Каб кволы стан жанчыны мог стрываць
Такі напор страсцей, як тут, у сэрцы,
А ў ім — вулкан пачуццяў. Іх каханне —
Не бунт крыві, а апетыт, патрэба,
І варта толькі задаволіць голад,
Як у жанчын адразу ж наступае
Апатыя і грэблівасць ад сыці.
Маё каханне — гэта голад мора,
Яно няўтольнае, і параўнання
Між тым, як я Алівію кахаю,
I тым, як быў бы я другой каханы,
Няма, не можа быць!
ВІЁЛА
ГЕРЦАГ
ВІЁЛА
А тое, як кахаюць
Жанчыны. Вернасць іх жаночых сэрцаў
Такая ж, як і ў нас. У майго бацькі
Была дачка. Яна кахала так,
Што, выпадкам, калі б я быў дзяўчынай,
То пакахаў бы вас не менш аддана.
ГЕРЦАГ
Цікавая гісторыя, расказвай!
ВІЁЛА
Цікавая, ды сумная: пачуцці
Яна таіла моўчкі. Так да часу
Бутоны тояць вусень. Жар кахання
Паліў яе знутры, і паступова
Згасаў румянец шчок. Яна ў маркоце
Пазелянела, зжоўкла і застыла,
Як статуя Пакорнасць над магілай,
I ўсё ўсміхалася. Ці ж гэты прыклад
Не лепшы доказ шчырасці кахання?
Мужчыны — мы падатлівы на клятвы,
На абяцанні. Словы ж — мітусня,
А капанеш глыбей — адна хлусня.
ГЕРЦАГ
Я слухаю, а сэрца ў заміранні:
Што ж, бедная, й памерла праз каханне.
ВІЁЛА
З сыноў і дочак я адзін застаўся,
Хоць, можа быць... Дык мне ісці яшчэ
Да вашай мілай?
ГЕРЦАГ
Так, ідзі, хутчэй
Спяшы, аддай дарунак. Да спаткання!
Скажы — не адступлю ў сваім каханні!
Выходзяць .
СЦЭНА V
Сад Алівіі.
Уваходзяць сэр ТОБІ, сэр ЭНДРУ і ФАБІЯН .
СЭР ТОБІ
Смялей — за мной, сіньёр Фабіян.
ФАБІЯН
Іду, а як жа. Калі я прапушчу хоць крупінку такой пацехі, дык няхай мяне на смерць абварыць панурая меланхолія.
СЭР ТОБІ
Не дзіва. Хіба ж ты не быў бы рады пабачыць публічнае пасмешышча з таго скупога нягодніка і падбрэхіча?
ФАБІЯН
Я пусціўся б у скокі з такой радасці. Ведаеце, гэта ж ён наклікаў на мяне няміласць гаспадыні дома з-за адной тут мядзведжай аблавы.
СЭР ТОБІ
Каб яго раззлаваць, мы на яго напусцім мядзведзя яшчэ раз і разыграем абармота і ў пяць, і ў дзесяць. Як вы думаеце, сэр Эндру?
СЭР ЭНДРУ
Калі не разыграем яго ў Марыіны карты, то і самі мы нічога не варты.
СЭР ТОБІ
А вось і наша маленькая ашуканка.
Уваходзіць МАРЫЯ .
Жамчужыне індыйскай — прывітанне!
МАРЫЯ
Усё зубаскаліце? Схавайцеся ўсе ўтрох вунь за той куст. Мальвольё ідзе па алейцы. Ён там на сонцы больш паўгадзіны навучаў высакародным манерам свой цень. Пасачыце за ім дзеля пацехі, калі любіце пацяшацца. Я ўпэўнена, што пісьмо, якое я тут падкіну, зробіць з яго летуценнага ідыёта. Хавайцеся ж хутчэй, каб не сапсаваць гульні. А ты паляжы тут ( упускае пісьмо з рук на траву ), бо сюды падплывае рыбіна, якая клюе толькі на жыўца. ( Выходзіць .)
Уваходзіць МАЛЬВОЛЬЁ .
МАЛЬВОЛЬЁ
Гэта толькі шчаслівы выпадак, шчаслівы выпадак — і не больш. Марыя неяк намякнула мне, што мілэдзі Алівія любіць мяне, а аднойчы я і сам падслухаў, як яна гаварыла, што калі б і палюбіла каго-небудзь, то толькі чалавека, падобнага на мяне. Што ж да яе сімпатый, то да мяне яна ставіцца з такой узнёслай павагай, як, здаецца, да нікога іншага са сваіх прыдворных. Які я з гэтага мушу зрабіць вывад, га?
СЭР ТОБІ
Які самаўпэўнены нягоднік!
ФАБІЯН
Цішэй вы! Самааналіз гэтага паўгалоўка ператварае яго ў надзьмутага індыка. Бач, як пыжыцца, натапырыўшы пер’е!
СЭР ЭНДРУ
Дальбог, у мяне свярбіць рука — заляпіць гэтаму лізуну аплявуху.
СЭР ТОБІ
Маўчы, кажу!
МАЛЬВОЛЬЁ
А чаму б і не стаць графам Мальвольё!
СЭР ТОБІ
Ах, падваротнік!
СЭР ЭНДРУ
Стральніце, стральніце ў яго з пісталета.
СЭР ТОБІ
Чакай, цярпі!
МАЛЬВОЛЬЁ
А што? — прыклады ёсць: графіня Стрэчы выйшла замуж за свайго камер-лёкая.
СЭР ТОБІ
Каб ты спрах, Езавель у панталонах!
ФАБІЯН
Цішэй, сіньёры! Ён у экстазе. Гляньце, гляньце, зараз лопне ад фанабэрыі!
МАЛЬВОЛЬЁ
Уяўляю: прайшло тры месяцы, як я ажаніўся з ёю. Сяджу сабе ў крэсле...
Читать дальше