МАРЫЯ
Не, вы праўду кажаце: гэта на яго падзейнічала?
СЭР ТОБІ
Як шклянка гарэлкі на павівальную бабку.
МАРЫЯ
Дык вось што: калі хочаце бачыць вынікі нашай пацехі, панаглядайце за яго першым выхадам да мілэдзі. Ён з’явіцца перад ёй у жоўтых панчохах, а гэты колер у яе выклікае гідлівасць, і ў падвязках крыжыкамі — шык моды, якога яна цярпець не можа. Ён увесь час будзе перад ёй скаліцца, а гэта так не пасуе да яе цяперашняга настрою: мая мілэдзі цяпер у такой меланхоліі, што ягоныя дурныя ўхмылкі выклічуць у яе да яго толькі пагарду. Калі вы ўсё гэта хочаце бачыць на свае вачы,— марш за мной!
СЭР ТОБІ
Хоць у браму Тартара, непараўнальны д’ябал знаходлівасці!
СЭР ЭНДРУ
Эх, мая не мая — куды дзеўка, туды й я!
Выходзяць .
СЦЭНА I
Сад Алівіі.
Уваходзяць ВІЁЛА і БЛАЗЕН з бубнам .
ВІЁЛА
Памагай бог, прыяцель, і табе, і тваёй музыцы. Ты так і жывеш прыбубенным?
БЛАЗЕН
Не, сіньёр, я жыву прыцаркоўным.
ВІЁЛА
А ты што — званар ці клірык?
БЛАЗЕН
Не ў занятку справа, сіньёр; я бубню ў сваёй халупцы; мая ж халупка стаіць пры царкве, вось і жыву прыцаркоўнікам.
ВІЁЛА
У такім разе ты і пра караля мог бы сказаць, што ён прыдурак, бо пры ім жыве дурань, альбо што царква стала забубеннай, калі ты пры ёй блазнуешся з бубнам.
БЛАЗЕН
А чаму б і не, сіньёр? Падумаць толькі, які наш век! Любая прымаўка, што саф’янавая рукавічка для баламута: шах-мах — і ўсё «шыварэйшн-навыварэйшн».
ВІЁЛА
Пэўна, што так. Калі словы распускаць направа і налева, дык яны ж могуць разбрысціся абы-куды.
БЛАЗЕН
Вось то-та ж і яно! Таму, сіньёр, я і хацеў бы, каб у маёй сястры не было імя.
ВІЁЛА
Чаму ж гэта?
БЛАЗЕН
А таму, сіньёр, што імя — слова, а паколькі словамі часта гуляюць, то як бы і мая сястра не загуляла. Бяда ім, словам, калі над імі, беднымі, чыняць шальмоўства, калі іх зневажаюць кайданамі.
ВІЁЛА
А якія ў цябе падставы, скажы?
БЛАЗЕН
Шчыра кажучы, сіньёр, я не магу нічога сказаць без слоў, а словы апошнім часам сталі такімі хлуслівымі, што ў мяне няма ахвоты даводзіць імі сваю праўду.
ВІЁЛА
Ты, як бачу, жывучы каля бога, не баішся нікога.
БЛАЗЕН
О, не, сіньёр, таго-сяго я ўсё-такі пабойваюся. Па шчырасці сказаць, вы, сіньёр, для мяне нішто; я быў бы рады, каб мая абыякавасць зрабіла вас невідзімкай.
ВІЁЛА
Ты не дурань сіньёрыны Алівіі?
БЛАЗЕН
Не, сапраўды не, сіньёр. Пры ёй дурняў няма і не будзе, аж пакуль яна не выйдзе замуж. Але і мужа таксама часамі цяжка адрозніць ад дурня, як і сяледчык ад сардынкі; толькі муж, здараецца, бывае тлусцейшы. Я, па праўдзе кажучы, у яе не за дурня, а за словаблуда.
ВІЁЛА
А цябе я не так даўно сустракаў у двары графа Арсіна.
БЛАЗЕН
Дурасць, сіньёр, ходзіць па свеце, як сонца; яна свеціць усюды. Мне было б шкада, сіньёр, калі б яна радзей наведвала вашага гаспадара, чым маю гаспадыню. Здаецца, у яе пакоях я сустракаў і вашу мудрасць?
ВІЁЛА
Ну не, калі ты ўжо і за мяне прымаешся, я цябе пакіну. На вось пятак за тваю дасціпнасць.
БЛАЗЕН
Хай Юпітэр, калі будзе стрыгчыся, дасць табе на бараду!
ВІЁЛА
Шчыра кажучы, я і сам не счакаюся барады ( убок ), хоць мне і не хацелася б, каб яна ў мяне вырасла. Твая гаспадыня дома?
БЛАЗЕН
А як вы думаеце, сіньёр, калі б іх была пара, яны б пачалі размнажацца?
ВІЁЛА
Безумоўна, калі скласці разам і пусціць ва ўжытак.
БЛАЗЕН
Я не адмовіўся б ад ролі Пандара Фрыгійскага, сіньёр, каб раздабыць Крэсіду для такога сімпатычнага Траіла.
ВІЁЛА
Я разумею цябе, хітрун, ты нядрэнна выпрошваеш.
БЛАЗЕН
Спадзяюся, сіньёр,— не так ужо цяжка будзе і вам выпрасіць тут што-небудзь. Крэсіда якраз і была папрасімкай. Мая гаспадыня дома. Я ёй перадам, адкуль вас занесла сюды, а вось хто вы і што вам ад яе трэба — гэта ўжо вышэй маёй сферы. Я сказаў бы маёй «стыхіі», але ж слова гэта ўжо вельмі зашмальцавана. ( Выходзіць .)
ВІЁЛА
Мазгі на месцы ў ім, каб строіць дурня;
Без розуму не многа наблазнуеш.
Сапраўдны блазен мусіць добра ведаць,
Калі і дзе з каго і як пакпіць —
Умець ацэньваць і ахвяру жартаў,
I зручнасць выпадку. А ўсё ўлічыўшы,
З налёту біць, як вастрадзюбы ястраб,
Ці па дурному ўдоду ці, ў варону.
Майстэрства блазна, як мастацтва слова,
Нічым не ўступіць іншаму мастацтву,
Што ў нас чамусьці лічыцца па праву
Арэнай дзейнасці адных разумных.
Дурны мудрэц, хоць колкі і сярдзіты,
Лепш, чым разумнік, дурасцю набіты.
Читать дальше