ФАБІЯН
Нічагуткі, гэты сабачка-сышчык знойдзе: у яго нюх, як у ганчака на лісіным тропе.
МАЛЬВОЛЬЁ
«М» — Мальвольё. «М» — о, эўрыка! З гэтай літары пачынаецца маё імя.
ФАБІЯН
А, што я казаў? Востры нюх заўсёды верне выжлятніка па згублены след.
МАЛЬВОЛЬЁ
«Эм» — супадае, але ў далейшым паслядоўнасць парушаецца. Чаму «О», а не «А»? Тут яўная загваздка. Чаму тут «О»?
ФАБІЯН
Для эфектнага фіналу, спадзяюся?
СЭР ТОБІ
Безумоўна, а калі не, то я вымешу з яго гэтае «о» кіем!
МАЛЬВОЛЬЁ
Ага, яшчэ ж у канцы і гэтая галосная «Ё».
СЭР ТОБІ
Так, так, брат, галосная табе ў канцы будзе — загалосіш і зацяўкаеш на ўвесь свой сабачы голас.
МАЛЬВОЛЬЁ
М. О. А. Ё.? У гэтай другой страфе намёк не такі, як у першай, і ўсё-такі, калі тое-сёе пераставіць ды прыціснуць адно к аднаму, дык сэнс можа схіліцца і да мяне, бо кожная ж з гэтых літар уваходзіць у напісанне і майго імя. Ціха, ціха! Тут ужо ідзе проза. ( Чытае .) «Калі гэта трапіць у твае рукі, задумайся. Зоркі майго лёсу паставілі мяне вышэй за цябе, але ты не бойся вялікасці: адны вялікімі нараджаюцца, другія велічы дасягаюць, а трэцім веліч даруецца. Твой лёс прасцірае да цябе рукі; няхай жа твая кроў і дух прымаюць іх у абдымкі, а сам ты, каб прызвычаіцца да таго, чым можаш стаць, скінь з сябе сваю пакорную скуру і з’явіся на свет новым і свежым. Праяўляй непрыязнасць да сваяка, рэзкасць — да слуг; няхай твой язык загадвае па-дзяржаўнаму; прымі на сябе маску выключнай важнасці. Гэтыя парады дае асоба, якая ўздыхае па табе. Прыгадай, хто хваліў твой убор, калі ты быў у жоўтых панчохах; хто жадаў засёды бачыць цябе ў панчохах лімоннага колеру і каб чорныя стрыпкі на тваіх панталонах былі завязаны накрыж. Прыгадай гэта ўсё, кажу я табе. Дзейнічай смялей — і ты ўсяго дасягнеш, калі толькі таго пажадаеш. Калі ж не захочаш, то я, як і раней, буду бачыць у табе толькі слугу — аднаго з чэлядзі, які не варты дакрануцца нават да пальчыкаў фартуны.
Тая, што хацела б памяняцца з табой сваім становішчам — Трагічна Нешчаслівая».
Дзённае святло і роўнае поле не праяснілі б большага — тут жа ўсё так ясна. Я буду гордым; я буду чытаць трактаты палітычных аўтараў; я буду кпіць і здзекавацца з сэра Тобі; я змыю і счышчу з сябе ўсе шапачныя знаёмствы з рознай драбязой; я стану цюцелька ў цюцельку такой важнай персонай, як тут патрабуецца. Не, я не памыляюся. Гэта не плод распаленага ўяўлення, бо кожны ж радок у пісьме — яўны доказ таго, што мая гаспадыня ўлюбілася ў мяне. Менавіта яна нядаўна хваліла мае жоўтыя панчохі, падвязаныя чорнымі стрыпкамі крыж-накрыж. Ёй тады гэта вельмі падабалася, і сваім напамінкам аб тым маім уборы яна праяўляе сваё пачуццё захаплення мной і тонкім намёкам, нібы загадваючы, падказвае мне апранацца так, як ёй падабаецца. О, вялікі, вялікі дзякуй маім пуцяводным зоркам за пасланы лёс: я шчаслівы! Я буду непрыступны, фанабэрысты, буду з’яўляцца перад ёй толькі ў жоўтых панчохах з падвязкамі крыж-накрыж. Хвала, хвала табе, Юпітэр, і вам, мае зоркі! Ага, тут яшчэ прыпісачка. ( Чытае .) «Ты не можаш не здагадацца, хто я. Калі ты прымеш мае пачуцці і гатовы адказаць на іх узаемнасцю, дакажы гэта сваёй усмешкай; твае ўсмешкі вельмі табе да твару. Пагэтаму ў маёй прысутнасці ты заўсёды ўсміхайся. Дарагі мой, каханы мой, я прашу ў цябе гэтага». О Юпітэр, дзякую табе, усемагутны бог! Я буду, буду ўсміхацца, буду рабіць усё чысценька тое, што табе жадаецца, мілая! ( Выходзіць .)
ФАБІЯН
Ну, сіньёры, я не згадзіўся б саступіць сваю долю ў такой забаўцы нават за пенсію ў некалькі тысяч — вядома з казны персідскага шаха.
СЭР ТОБІ
А за такую выдумку гатоў ажаніцца з той шэльмай-выдумшчыцай.
СЭР ЭНДРУ
Я таксама гатоў.
СЭР ТОБІ
I не дамагацца ніякага пасагу, апроч яшчэ аднаго такога жарту.
СЭР ЭНДРУ
I я не дамагаўся б.
ФАБІЯН
А вось і яна — наша знаходлівая свавольніца.
Вяртаецца МАРЫЯ .
СЭР ТОБІ
Хочаш наступіць мне нагой на карак?
СЭР ЭНДРУ
Альбо мне?
СЭР ТОБІ
Пажадаеш, містрыс, каб мне зараз жа разыгралі ў косці маю свабоду, і я станаўлюся тваім вечным рабом?
СЭР ЭНДРУ
Альбо я, дальбог!
СЭР ТОБІ
Ты падумай толькі, галава садовая, у які вір летуценняў ты яго ўштурхнула. Хай толькі іх прывід знікне, дык ён жа звар’яцее.
Читать дальше