Я — калгасніца
Маладая,
Жыву весела,
Ані дбаю.
Ані дбаю... Бадай, гэтак і падаў цэнз новае ўлады: улада народа — улада бядняцкая — улада няўклюдаў, што прагнуць рэваншу ў дбайных, у каго нешта ёсць, без розніцы — адкуль.
У мовы рэваншызму шмат якіх герояў Пісьменніка загналі ў кут, давялі да самагубства. Яшчэ зусім нядаўна забіў сябе Сушчэня, забіла сябе Сцепаніда, яшчэ раней — Сотнікаў /усе на С? I цяпер вось — Роўба!/. Што тычыцца Сотнікава, дык яго можна «перачытваць» па-рознаму. Не выключана i такое прачытанне: ці ж гэта не паводзіны самагубцы, у якога адчай ужо асуджанага блытаецца з прагай адпомсціць катам уласнай смерцю? Такое прачытанне, дарэчы, падказвае Роўба, які стаіўся ў багне: « — Не, ужо не вылезу! — з панылай злосцю сказаў ен сабе ў думках...»
Але ж калі ў рэтраспекцыі твораў Пісьменніка чым далей, тым выразней безвыходнасць перарастае ў пытанне выбару, дык становішча Роўбы — гэта апафеоз безвыходнасці /«Усе роўна вылезці адсюль ен не мог»/. Аўтар /услед за ладам/ забраў у героя права на выбар. Смерць уяўляецца Роўбу шчасцем /«О, памерці тут, знайсці вечны прыстанак у родным кутку было б найвялікшым шчасцем, пра якое ён не адважваўся i марыць...»/, але i ўласная смерць ад яго не залежыць. Ён быццам i ішоў сюды тры месяцы толькі дзеля таго, каб памерці. Прыйшоў. «Але што рабіць, пакуль ён жывы, куды падацца?»
I ён, як здань — худы, у ашмоцці, зарослы i страшны — начамі соўгаецца па лесе, па могілках, праходзіць вуліцай з канца ў канец вёскі — туліцца да родных мясцінаў. У вачах аднавяскоўцаў ён — вяртанец з таго свету, прывід. I гэтае азначэнне, відаць, бліжэйшае, больш зразумелае людзям, чым «вораг народа».
Такія паводзіны Роўбы i такое ўяўленне пра яго лучаць «Аблаву» з народным паданнем, скажам, пра ваўкалака. Невытлумачальнае, нялюдскае адбылося /раскулачванне/ — i чалавек, вясковец, абярнуўся ваўком. Наводзіў начамі страх на ўсю вёску. А потым мужчыны талакою пайшлі ў лес, каб злавіць яго ці забіць. Ваўкалака Не знайшлі, але i ў вёсцы ён больш не паказваўся... Ну i, зразумела, да гэтага ўсяго бабуля-апавядальніца дадасць вам цэлую гісторыю чалавека-ваўкалака ва ўсіх падрабязнасцях...
Ўзбрыўшы на пустку, воўк завыў.
Пуціну заяц перамераў,
A быў тут хто або ня быў,—
I так, i гэтак мала веры.
I так, i гэтак свой прымус
Распасьцірае царства ночы,
Салодкі сон, магільны сон
Сьмяецца сьвету ўсяму ў вочы.
Заняпад працягваецца. Новыя пакаленні пайшлі не ад Роўбы, а ад ягоных «загоншчыкаў». Ад запалоханых, ад няўклюдных. Дагэтуль ніхто не адважваецца зноў набыць малатарню...
I цяпер, калі я прыйшоў да гэтае безвыходнасці, да гэтае сцяны i стаю перад ею, я ўжо не чую марудлівага голасу павадыра, не бачу ягонае спіны. Ён павярнуўся да мяне тварам i моўчкі глядзіць мне ў вочы. Маўляў, што тут яшчэ скажаш! Усё зразумела. Вось перад табой рыса, падведзеная 15-м санетам. Далей — нешта зусім іншае, новы вянок, зусім не падобныя да гэтых творы.
1989
СХЕМА
Не думаю, што алгебрай можна спраўдзіць гармонію. Не думаю, што трэба. Усе адно як гаечным ключом разбіраць дрэва. A калі гэта не дрэва, а вышка ЛЭП? Здаецца, кожная дысгармонія ў паэзіі мае рацыянальнае паходжанне. Таму дысгармонію спраўдзіць алгебрай можна. I трэба. Бо, разглядаючы ўсе новыя зборнікі, нізкі, вершы, усе, што ў ix есць несуладнага, кожны раз выходзіш на тыя самыя прычыны i матывы тае несуладнасці. I доказнасць твая, сістэма аналізу з кожным разам робіцца ўсё больш схематычнай. A ўрэшце i наогул ператвараецца ў трафарэт, у схему тыповага паэтычнага браку.
Спачатку — тры зыходныя прычыны несуладнасці.
1. Унутраны покліч пісаць кожную паэзію — i добрую, i кепскую. З гэтага ўсё i пачынаецца. Назавеце яго натхненнем ці творчым свербам, ці практычным разлікам,— сутнасць не зменіцца. Гэта энергетычны бок творчасці. I галоўнае цяпер пытанне: што прыводзіць у рух тая энергія? Вось жа, у нашым выпадку яна «прыводзіць у рух»:
2. Грамадзянскую пасіўнасць /аўтару «няма чаго сказаць»/ i
3. Брак духоўнага вопыту /хоць бы i элементарнае начытанасці/, творчае інтуіцыі.
Маючы на руках такія слабыя карты, наш аўтар блефуе. Гэты блеф /пункты 4-11/, заганны бок адносінаў «аўтар-твор»,— непасрэдна вынікае з папярэдніх зыходных прычын.
4. Прахадны змест, прахаднэя тэматыка. Аўтар не жадае або не здатны быць вострым, нечаканым, дзіўным. Ён уцякае ад адказнасці за прамоўленае слова, пераказвае ў рыфму агульнавядомыя лозунгі, сентэнцыі. Першыя сярод прахадных: антываенны пафас /«Трэба не зброю — надзею узносіць да зор»,— С.Панізнік/; аптымізм стваральных будняў /«душа ў наступленні штодзень»,— Я.Хвалей/; любоў да савецкай радзімы /«Украінец i грузін дзеляць весны, зімы... Мы усе тут, як адзін,— аднае Радзімы»,— У.Мазго/. Як бачым, прахадныя — гэта заўсёды прапісныя ісціны. Пра такія вершы толькі i скажаш — вельмі правільныя. Правільнасць зручная для версіфікатара. Ён не рызыкуе недабраць або перабраць з пачуццямі. З аднаго боку — зашмат правільнасді не бывае. З іншага — ніхто не адважыцца вінаваціць аўтара ў празмернасці пафасу, аптымізму, любові...
Читать дальше