Вернемся, аднак, зноў да нашых літаратурных спраў. Маю на ўвазе той выклік, які робіць Сяргей Дубавец Саюзу пісьменнікаў Беларусі ды, мабыць, i самім пісьменнікам, «Асабіста мне,— піша крытык,— сей-той з пісьменнікаў імпануе як аб'ект. Як суб'ект /г.зн. як творца/ ен мяне зусім не цікавіць». Ну, што ж, няхай. Не адзін такі чытач у нашай з'янычарызаванай Бацькаўшчыне. Тут ён не можа прэтэндаваць на арыгінальнасць. Праўда, ён тут крыху хітруе, бо часам піша пра беларускую літаратуру, хоць бы пра таго ж Быкава, i нават захапляецца Разанавым. А публікуючы гэтую кнігу, сам становіцца, хоча таго ці не, «фактам», а можа, нават «з'явай» у асяроддзі беларускіх літаратараў i тых, хто складае невялікую дружыну ix чытачоў. На большае пакуль што разлічваць не варта. Як i нашаму ветэрану Нілу Гілевічу, пра якога крытык піша: «Гэта ж праўда, што ў кожным беларускім доме хутчэй ведаюць, чытаюць i вызнаюць, напрыклад, П.Якубовіча ў «Знамени юности» i «Роднике», чым Н.Гілевіча ў «ЛiMe» i «Маладосці». I крыху ніжэй абагульняе: «Наша літаратура ніяк не ўплывае на мэты, арыенціры i ўяўленні свайго народа». Вядома, відавочнае перабольшванне, але прымем яго за гіпотэзу. Пра што яна сведчыць? Толькі пра тое, што мы страчваем Бацькаўшчыну, у нас няма сваей «хаты», яе раскідалі паны-янычары, як даўней выдатна пісаў пра гэта Янка Купала ў прарочай драме «Раскіданае гняздо». Нас выганяюць з сваей хаты, выкурылі з гнязда, мы разыходзімся куды вочы глядзяць: хто жабраваць, хто паміраць, хто лямантаваць, склікаць на Вялікі Сход. Што ж датычыцца нашай літаратуры, то яна прызнана на ўзроўні кампетэнтных экспертаў, i яны, а не тыя, хто чытае П.Якубовіча ці там Барона Брамбеуса, вызначае яе месца ў славянскай i еўрапейскай культуры.
Вось чаму мне здалося, што мой калега хітра пажартаваў, калі напісаў пра Саюз пісьменнікаў: «Колькi ж лйсаў пераламала гэтая манаполія ўжо ў наш час! Патэнцыяльныя геніі нацыі нікнуць у ейных абдымках, выкідваюцца з вакна, так i не стаўшы новымі Купаламі». Гэта, вядома, гратэск, але не вясйлы, не смешны, як у народнай казцы, a чамусьці да зласлівасці тэндэнцыйны. Нацыя нашая сёння пакуль што яшчэ не адрадзілася i трымаецца пакуль што на Саюзе пісьменнікаў i тых, хто вакол яго: невялікая групоўка ў Саюзе мастакоў, некалькі /на пальцах адной рукі палічым/ кампазітараў. Інстытут літаратуры /фактычна філіял СП/, сёй-той з іншых акадэмічных інстытутаў, урэшце, беларускія аддзяленні філалагічных факультэтаў. Яшчэ некалькі беларускіх школ i, здаецца, адзіны ў Мінску дзіцячы садочак, Яшчэ невялікія «групы падтрымкі». Апошнім часам прыбавілася яшчэ Таварыства беларускай мовы — новы «твор» Саюза пісьменнікаў. Гэта ўсё — фініта, як пісалі ў старых камедыях. Патушым гэтую апошнюю свечку нацыі — знікне, дэнацыяналізуецца ўсё іншае. I не было б у нас не толькі геніяў, а хоць бы сціплых талентаў, каб ix не адшукаў i бадай што за ручку не прывёў у літаратуру альбо літаратурны інстытут той жа нялюбы майму калегу Саюз пісьменнікаў.
Нам трэба ратаваць нацыю, народ. А гэтае ратаванне пачыналі i ўзначалілі пісьменнікі, згрупаваныя ў сваім Саюзе. I ворагі беларусаў, ix культуры i мовы спяць i ў снах шчаслівых бачаць, як само, без адміністрацыйнага націску распадаецца пісьменніцкае згуртаванне. Вопыт Старажытнага Рыма паказаў, што мова i літаратура народа можа стагоддзямі існаваць пасля смерці ix носьбіта. На ўзроўні вузкаэлітарнай культуры. Ратуй, Божа, беларусаў ад такога лесу! Але ж добрую справу робіць Сяргей Дубавец, публікуючы сваю кнігу. Яна яшчэ кагосьці прымусіць прачнуцца, каб ратаваць Бацькаўшчыну. Усіх, хто далучыцца ў гэтай гістарычнай справе да пісьменніцкай арганізацыі, мы толькі вітаем. Цяпер, здаецца, пісьменнікі тут ужо не ў адзіноце.
Уладзімір КОНАН 24.09.1989 г.
Падрыхтаванае на падставе: Дубавец С., Практыкаванні: Проза, эсэ, крытыка, Паслясл. У. М. Конана — Мн Маст літ., 1992 — 254 с.
ISBN 5-340-00886-Х
У сваіх эсэ i крытычных артыкулах Сяргей Дубавец (нар. 1958 г.) спрабуе даць аналіз глыбокага крызісу савецкай культуры ў яе беларускай «разнавіднасці», разважае над мінулым i будучым беларускай літаратуры. Апавяданні С. Дубаўца належаць да твораў т.зв «другой літаратуры» i выяўляюць пошукі новых нетрадыцыйных шляхоў i вобразных сродкаў.
Copyright © 2013 by Kamunikat.org - ePub