Прызнаюся, мне есць што сказаць i пра прастытутак. I я скажу, хоць бы дзеля таго, каб яшчэ больш узмацніць кантраст i падкрэсліць цнатлівасць выразу «маладая беларуская літаратура».
У 1928 годзе ў часопісе «Беларуская мэдычная думка» нехта А. Н. Шапіра змясціў артыкул «Прастытуцыя ў БССР i за мяжой», дзе прыводзіцца такая статыстыка:
«На 1 жніўня 1889 г. у межах Менскай, Магілеўскай ды Віцебскай губэрняў зарэгістравана 430 прастытутак. Гэта 8 прастытутак на кожныя 100 тысяч насельніцтва. Адпаведна па гарадах: Менск — 65, Віцебск — 53, Бабруйск — 37, Гомель — 22, Слуцак — 12, Полацак — 8, Быхаў — 8, Рагачоў — 7. З ix 50,5% — мясцовыя. Сацыяльнае паходжанне: з сялян — 26%, з дваран — 2,8, з купецтва — 2,3, з мяшчан — 64, з салдатак — 4,7, іншыя — 0,2. Цяпер параўнаем.
У 1927 годзе прастытутак зарэгістравана 342. Гэта ўжо 7 на кожныя 100 тысяч насельніцтва, Адпаведна па акругах: Менская — 70, Магілеўская — 67, Бабруйская — 49, Гомельская — 42, Віцебская — 42, Аршанская — 37, Мазырская — 6, Полацкая — 29. Асноўная характарыстыка: малады век, беднасць сем'яў, нізкі культурны ўзровень i недастасаванасць да працы...»
На жаль, у мяне няма сучаснае статыстыкі, бо сённяшніх прастытутак ніхто, здаецца, не рэгіструе, адно пішуць паўсюль, што ix вельмі шмат.
Але вернемся да ёгаў... да дадаізму... да індуктыўнае методы раскрыцця злачынстваў... Не. Да маладой беларускай літаратуры. Гэтая тэма — як лязо. Настолькі вузкая i вострая, што, ідучы, абавязкова закранеш чыю-небудзь асобу. Таму я ўвесь час i саслізгваю з яе на такія тэмы, пра якія яна не піша i ў якіх сённяшні рэпарцёр пачуваецца ўпэўнена i бяспечна.
Наогул беларускія пісьменнікі жывуць досыць ізаляваным літаратурным жыццём, i іхнія выступы ў школах ды бібліятэках толькі падкрэсліваюць гэтую ізаляванасць.
Беларускія пісьменнікі не прадаюцца. З гэтай прычыны можна шкадаваць /маўляў, нікому не патрэбныя/, а можна i ганарыцца /маўляў, не матэрыял для статыстыкі А.Н.Шапіры/.
Беларускія пісьменнікі маюць мізэрныя наклады. У часопісе — да 10 тысяч, у кніжцы — дзве ці пяць тысяч. Гэта адзін часопіс на кожную тысячу насельніцтва БССР /для параўнання: адзін «Огонек» прыпадае на кожных 90 жыхароў СССР/ i 2-5 кніжак на кожныя 10 тысяч. Без уліку таго, што большая частка гэтай літаратуры ідзе ў бібліятэкі i ў макулатуру. Словам, публікавацца па-беларуску сёння — амаль тое самае, што пісаць «у стол».
Магчыма, сярод старэйшых пісьменнікаў ёсць i больш спрыяльная статыстыка, але наша гутарка — пра маладых.
Хто гэта такія? Каб адказаць, адной сучаснай статыстыкі мала, нават калі б яна й была. Тут трэба ўбачыць структуру літаратурнага працэсу, правесці тэарэтычную экспертызу i зрабіць крытычную інтэрпрэтацыю кожнага, каму засвярбела пяро ў руках. А мы ў такія гушчары яшчэ не лазілі. У нас комплекс анамаліі, «сям'і адзінай». Як бы мы ні казалі пра сябе — нацыянальная літаратура! ці — традыцыі i наватарства ці — дасягненні, дасягненні ці — планетарны кантэкст! ці — пад знакам высокага гуманізму! — усе гэтыя словы аб'ектыўна застаюцца толькі загалоўкамі матэрыялаў сямейнай насценгазеты, аўтары, выдаўцы i рэдактары якой — бабуля, дзядуля, тата, мама i мы з братам. Да тага ж кожны з нас у гэтай газеце чытае толькі тое, што напісаў сам. Так атрымліваецца. Мы ніколі не станем аналізаваць адно аднога. Хіба што цётка Клава, калі зойдзе, дык скажа, чый матэрыял лепшы i без памылак. Але — заўважце — яна ўжо чалавек з іншай сям'i, з сям'i дзядзькі Валодзі, хоць i аднога з намі роду.
У «сям'і адзінай» беларускіх літаратараў есць i яшчэ адна асаблівасць, якая не дазваляе ім грунтоўна высветліць, хто есць хто. Справа ў тым, што наша сям'я нейкім парадаксальным чынам належыць да групы рызыкі... Бачыце, навошта мне ў пачатку давялося ўзмацняць кантраст? Ужо зносіць у аналогіі...
Беларускі пісьменнік піша з аглядкай. Ён ад пачатку ўпэўнены, што ен не Бальзак i не Габрыэла Містраль. Але — тс-с-с! Пра гэта гаварыць не прынята. Бо тады адразу разбураецца ілюзія, імя якой: «беларуская савецкая літаратура». Разбураецца хоць бы ўжо таму, што гэтая літаратура абсалютна стратная i выходзіць на грошы, якія беларускія выдавецтвы зарабляюць на масавых рускамоўных выданнях таго ж Бальзака, Гамсуна ці Набокава... А самае галоўнае, што беларуская літаратура стратная наўмысна! Ёсць выключэнні — Караткевіч, напрыклад, ці Быкаў. Але не могуць жа ўсе пісаць на такім узроўні, ды навошта ім гэта, калі i так усе нармалёва: выдавецкая палітыка, кнігі, літаратура, чытач — гэта ўсе, вядома, ілюзорнае, затое ганарары — сапраўдныя! A пачніся заўтра гасразлік, рэалістычная выдавецкая палітыка, давядзецца дыферэнцыраваць, i ў сённяшнім шэрагу роўных, у «сям'і адзінай» выявяцца i таленты, i няздары. Ну як гэта сказаць тату, што ен зноў прынёс у насценгазету нецікавы артыкул? Гэта ж наш тата, родны... Усім па цукерцы, а тату, значыцца,— не?..
Читать дальше