— Клас! 18 актаў! /Пасля «Легенды пра Нараяму»./
Эротыка, вядома, размякчае нам закасцянелыя мазгі. Але ж мы нібы крадзём яе ў шэдэўраў — у фільмаў, карцінаў i кніг. У Рубенса, у Багдановіча, у Вісконці. A ўрэшце, толькі па ей i ацэньваем шэдэўры. Вось калі б ты нарадзіўся там...
Там адзін пісьменнік сказаў, што можна жыць у дупле старадрэвіны i пачувацца шчаслівым. Прозвішча пісьменніка Камю, што па-французску значыць «кірпаты». У часе вайны ў Іспаніі так называлі савецкія знішчальнікі, толькі па-іспанску гэта гучыць «чатас». Але калі ты захочаш стаць пісьменнікам, цябе ніхто не назаве Камю ці «чатас». Цябе могуць назваць толькі «кірпаты». Бо ты можаш стаць пісьменнікам толькі тут. Ты можаш стаць толькі тутэйшым пісьмсннікам, якога тут усё задавальняе, бо за гады застою, напрыклад, ніводзін беларускі пісьменнік не выехаў з краіны Тут у краіну Там. Адзін, здаецца, ці два былі выгнаныя з Саюза пісьменнікаў, адному кідалі ў вокны камяні, двух-трох пашчыкалі ў друку... Вось, здаецца, i ўсе ахвяры, якія за праўду i чалавечнасць, за сваю мову панеслі 300 тутэйшых літаратараў. I як заўсёды, якраз тыя, каго выганялі i каму білі шыбы, каго шальмавалі,— тыя i аказаліся рэдкімі беларускімі пісьменнікамі, якіх чытаюць i ведаюць i тут, i там. Але вернемся да цябе.
Дзеля таго каб стаць тутэйшым пісьменнікам, трэба рыфмаваць вершы i раз-пораз пакрыкваць на бакі:
«Не трэба нам біць па крылах! Лепей згасіце святло і, калі вочы прызвычаяцца да цемры, глядзіце, як мы будзем лятаць!..»
Ты ніколі не бачыў, як лятае таракан?
Ён лятае толькі тут. Бо там, у дупле, яго даўно б з'елі караеды. А тут ён выпаўзае апоўначы з-за ракавіны, прысядае на ўсе свае ногі, уяўляе сябе знішчальнікам, раскірэчвае крылы i... Галоўнае, каб ніхто не запаліў святло.
Калi не хочаш вершы, можаш пісаць музыку. Толькі памятай, што тараканы адыгралі важную ролю ў эвалюцыі жыцця на Зямлі, a Людвік ван Бетховен сваю 9-ю Сімфонію напісаў на матывы беларускіх народных песень. Ведай, каб ганарыцца!..
Праўда, першы беларускі оперны тэатр, дзе паўтараста гадоў таму гралі першую беларускую оперу Манюшкі i Дуніна-Марцінкевіча i які стаяў на рагу вуліц Леніна ды Інтэрнацыянальнай у Менску, знеслі ў 1984 годзе /аўтар зносу — архітэктар Грыгор'еў/, каб ты мог нармальна развіваць хуткасць. A іншых Манюшкаў у нас проста няма. Зрэшты, i гэтага я ўзяў напракат у Польшчы. Магу яшчэ ўзяць там беларусаў Міцкевіча Адама i Сыракомлю Уладзіслава. Магу таксама з літоўскае пазычальні «пракаціць» кампазітара Галкаўскаса /Галкоўскага/, магу з расейскай — Дастаеўскага, Грыбаедава, Пісарава, Грына... Магу з французскай — Апалінэра. Вось толькі задорага ўсё гэта каштуе. Надта ж ix шмат, гэтых нетутэйшых беларусаў. Бо не падыходзяць яны пад наш крытэрый — тутэйшых. Дзякуючы крытэрыю ў нас няма Бетховена, а тых Бетховенаў, якія ў нас ёсць,— не надта цэняць там.
Крытэрый — гэта самае надзейнае, што мы маем. Гэта такая палка, якой мераюць пісьменнікаў, мастакоў i кампазітараў. Калі ты вышэй за крытэрый, ты проста не змесцішся пад ракавінай, i ўсім будзе цесна.
Хочаш паспрабаваць? Тады вазьмі што-небудзь экстракласнае, напрыклад, апавяданне якога-небудзь Борхеса, перакладзі на беларускую мову, замест Карласа пастаў Міколу, замест Вальпараіса — Бешанковічы. Цяпер занясі гэта ў любую тутэйшую рэдакцыю i паслухай, якім занудным голасам табе скажуць:
— Малады чалавек, у вас няма адчування мастацкае прозы. Спускайцеся лепей да нас, пад ракавіну, а калі згасяць святло, усе разам будзем лятаць...
I лоб у ix будзе блішчэць ад сала.
Там інакш. Там гэтага няма. Там усіх тараканаў спалілі яшчэ ў часы святой інквізіцыі. Разам ca словам крамола. А тут...
Хочаш ведаць, чым тутэйшая культура адрозніваецца ад тамтэйшай? Тады едзь у Сынковічы i спытай, дзе ў ix калгасны свінарнік. Каля свінарніка знойдзеш пакінуты храм, помнік архітэктуры сусветнага значэння. Раптам табе захочацца абмачыць сцяну. Што ж, не ты першы, не ты апошні, Гэта як плюнуць з вышыні.
Дык вось. Там цябе за такое, можа, i не асудзяць, бо не зразумеюць. А тут — асудзяць. Маральна асудзяць, калі заўважаць... Але зразумеюць.
1988
10 ПАЛЬЦАЎ МІЖ МНОЙ І ТАБОЙ
Дазволь прадставіць табе Філона Кміту-Чарнабыльскага... Праўда, зрабіць гэта будзе вельмі няпроста. Бо ён — з гісторыі, а ты сляпы ў гісторыі, бо ен — патрыёт, а ты глухі да патрыятызму, бо ён — таямнічы i спрэчны, а ты нямы, каб спрачацца са мной. А самае галоўнае, што я нічым не адрозніваюся ад цябе.
Читать дальше