«Дзеля таго каб была шырокая, глыбокая ды плённая глеба для мастацкага развіцця, агромністая большасць, якая існуе да паслуг меншасці, звыш меры сваёй індывідуальнай патрэбнасці павінна быць па-рабску падначалена жыццёвай нястачы. За іхні кошт, дзякуючы лішку іхняе працы, той прывілеяваны клас вызваляецца ад барацьбы за існаванне, каб нарадзіць ды задаволіць свет новых патрэбнасцяў» /Ніцшэ/.
Вось я й падумаў, што не толькі гэтыя будынкі цешаць нашыя душы, але i славутыя спецбуфеты, спецлазні, спецпаліклінікі, спецжонкі ў спецтрантах i спецдзеці ў спецшколах. Зачыніць! — патрабуюць адныя. Навошта? — бароняць другія. А па вялікім рахунку, i для тых, i для тых,— для ўсіх нас гэта ўсяго толькі прыемная, казытлівая тэма. Гульня ўяўлення. Эх, ёсць жа недзе рай зямны...
Калі ты яшчэ верыш у гэта, чытай класікаў.
Свабода, роўнасць правоў, міралюбства, справядлівасць — «усе гэтыя вялікія словы,— кажа Ніцшэ, — маюць цану толькі ў барацьбе, як сцягі,— не як рэальнасці, а як пышныя найменні для нечага зусім іншага». Для чаго — ён сам не ведае. Скажы, навошта нам Сталін?
Цяпер ты крытыкуеш яго. Але ўся твая крытыка ў падтэксце сваім мае адзін змест: б'еш — значыць, любіш. Якая розніца, як да яго дакранацца, галоўнае — да яго! Якая розніца, у каго верыць: у бога ці ў д'ябла,— галоўнае верыць! «Няма маральных з'яваў, а есць толькі маральная інтэрпрэтацыя гэтых з'яваў» /Ніцшэ/. Ca шчырай асалодай ляпілі яму помнік i з той самай асалодай гэты помнік руйнавалі. Варвары, што я яшчэ скажу. Усе ў ix так. Усе свае, «маленькае»,— гонар, каханне, мову — усе нясуць ці на алтар, ці на вогнішча. Ну, добра — у Расеі, там спрадвеку, а тут гэта адкуль? Хіба з сярэдзіны XIX стагоддзя, калі й тут павольна ды няўхільна рабілася Расея? З яе нямецка-татарскім імператарскім дваром. Як жа хутка беларусы зафанацелі! Яны ж i ў Бога ніколі толкам не верылі, а тут — прыйшоў, пабачыў, перамог. Сталін.
Праўда, усё гэта ў нас так глыбока, што мы можам i не ведаць. Асабіста я з маленства не любіў вайскоўшчыну, гадоў да пяці-шасці мяне стрыглі пад нуль, я казаў: «Я Хруш-чоў!» Усе смяяліся i фатаграфавалі мяне каля аленя.
Але вернемся да будынкаў, якія нам так да душы.
Вось ты, інтэлігентны чалавек, слухаеш добрую музыку, чытаеш нешта — i раптам успомніш войска, сваю службу. Бруд, хамства, ідыятызм на кожным кроку. Але ў душы ў цябе — бязмежны сентымент, Згадзіся, не раз пашкадаваў, што не застаўся на прапаршчыка, праўда?
Гэтак дзіцёнак пяці гадоў знойдзе раптам сваю старую забытую дунду i — паспрабуй адбяры!
Тая дунда — імперскі стыль майго маленства. Трапяткі вобраз Сталіна ў сэрцы. Вялізныя неонавыя літары — КПСС. Настальгія па войску — яшчэ ад дунды... Цяпер ты заўважаеш, як у гэтых будынках адбіваецца музыка Дзітрыха i Генрых? Характэрная рыса мілітарызму — любоў да ўсялякіх галубкоў ды партальчыкаў на фасадах, да ўшытых х/б i п/ш, да кукардаў... Фасад! Балет у кірзавых ботах. На манументальным фрэнчы абавязкова павінна быць шмат зорачак, планачак, банцікаў, аксельбанцікаў, на плячах — наплечнікі, на штанах лампасікі... Вось бы яшчэ павін хвост у адно месца!
А цяпер паглядзі направа i ўбачыш чалавека з вяслом. Гэта Фрыдрых Ніцшэ — гіпсавы вясляр. Давай цыгарэту. А Эльзы ўжо няма. Знеслі Эльзу — галаву адбілі, рукі-ногі паламалі, а на тым, што засталося, дамалявалі тое, чаго не відаць. Але не бядуй. Знойдзем i Эльзу. «Мы жывём у свеце фантазіі, у свеце вычварным, выкручаным назнаніцу, пустым, але поўным ясных сноў» /Ніцшэ/.
Імперскі стыль — гэта кукарда. Цэшка. Калі глядзець яшчэ глыбей, дык перафразую Бэндара: у маёй Стэшкі есць адна маленькая цэшка. Памятаеш, як нашыя пасталелыя аднакласніцы не зважалі на нас, а беглі глядзець гэтых курсантаў. Войска i жанчыны /дакладней, «бабы»/ — дзве рэчы непадзельныя. I каля кожнай радзілкі 50-х абавязкова сядзіць Эльза... Але гэта, мабыць, ужо пра Фройда, a помнікаў Фройду ў Менску няма...
Некалі яны былі на дамах, якія ўтвараюць вакзальную браму горада. З аднаго боку стаяў Ніцшэ i трымаў на плячы прыладу працы асілка — адбойны молат. A з другога боку — ca снапом каласоў у руках стаяла моцная i здаровая жанчына — Эльза.
Войска любіць моцных i здаровых. A ў цябе гнілыя зубы. Не сочыш, падрываеш абараназдольнасць.
Але потым я бачыў, як Ніцшэ i Эльза ляжалі ў выгбе прывакзальнага будынка. А яшчэ пазней ix не стала зусім. Toe самае здарылася i з гіпсавым весляром, i з Дзітрыхам, i з Генрых, i з аленямі, мядзведзямі, зайцамі й нават жабамі Ніцшэ. Знеслі i тое-сёе з дамоў, хоць дом знесці — гэта табе не жабу выкарчаваць.
Читать дальше