З часам экспрэсія пачала знікаць з нашых стасункаў. Кожны рабіўся ўсе больш самастойны, жыў сваім жыццём. I паміж намі зноў з'явілася дыстанцыя. Але ўжо дыстанцыя адчужэння. I звязвала нас адное сантыментальнае стаўленне да супольнага юнацтва. Аж пакуль не дадаўся да гэтага ўсвядомлены літаратурны інтарэс.
6.
— А цяпер ты вырашыў яго забіць? — спыталася я.
— Бабайку? З якой нагоды?
— Ён сам сказаў, што збор творцаў можа скончыцца для яго трагічна.
— Гэта цікава...
Спрут падняўся, выйшаў у вітальню ды вярнуўся ўжо без плашча i ў тэпцях.
— Бачыш, шаноўная, я ніяк не думаў пра такія вынікі. Вельмі можа быць, што пасля збору мы ўсе пакінем гэты дом іншымі людзьмі. Калі ж нехта акажацца забіты... маральна забіты, вядома,— гэта будзе азначаць толькі тое, што найлепшым чынам папрацавалі нашыя галовы i нашыя душы.
— А ты бачыш сярод нас вартых такога забіцця?
— Хто ведае?.. Маральна можна забіць толькі вельмі слабога чалавека, альбо чарвівага. Бо маральнае забойства — гэта самазабойства... Калі такі будзе наш вынік, мы, магчыма, i праўда створым нешта новае. Дакажам самае галоўнае — што літаратурная творчасць можа ўздзейнічаць на жыцце не толькі апасродкавана, але й непасрэдна.
Усе жывое, як ты разумееш, нараджаецца ў пакутах. I жывая літаратура таксама. A калі парадзіха проста-ткі ненатуральна старая, то i пакуты — ненатуральныя. Зрэшты, няхай сабе памірае. Нажылася. Нас цікавіць дзіцёнак.
— А што, калі гэта ўсе толькі пражэкты?
— Тады i сапраўды варта будзе засіліцца, гэткае будзе расчараванне. Бо што мы сення? Адмаўленне, якое прагае намаганнем усіх сваіх духовых сілаў ператварыцца ў сцверджанне. А не ператворымся, дык урэшце непазбежна адмовім самі сябе.
Мне здалося, што я абавязкова павінна зараз падумаць: «Які перада мной страшны чалавек!» Але так часта не хочацца рабіць тое, што ты чамусьці павінен быў бы зрабіць, што я толькі ўсміхнулася сваім думкам.
— Ты смяешся? — сказаў Спрут.— Але ж я тольхі разважаю, я нічога не ведаю канчаткова — што гэта будзе i як.
7.
Трэцім у іхняй кампаніі быў Дзік. Ён стаў худы, прыходзіў на дыктоўкі жорсткі i пануры i не пазнаваў мяне. Я нават спрабавала зазіраць яму ў вочы, каб убачыць там інтарэс да свае асобы, але марна. Гэта быў зацкаваны галодны воўк, а не дзік. Нават самаўпэўнены Спрут стараўся не зачапіць яго словам.
— Пястота,— казаў Спрут пра Дзіка.— Адседзеў — азвярэў.
— Дык нашто ён вам?
— Каб не забываліся, што такі ёсць.
— I ён піша вершы?
— Піша. Каторыя з зоны — хто не піша?
— А за што ён?..
— Якая розніца? Другі раз можа сесці ўжо за што хочаш. Хоць за канібалізм.
— I табе не боязна?
— А што? Боязь — таксама частка жыцця. Неад'емны элемент. Ці памятаеш, я казаў, што страх апанаваў нашыя душы тады, калі людзі пачалі прыручаць зло?..
8.
Вязень рашуча сеў на руіну. Ён скончыў.
Натоўп застыў у непаразуменні. Усе пазіралі на Бая. Недзе заплакала жанчына.
— Та-ак,— сказаў Бай.— Кажаш, страціцца ўсё! Мабыць, ты маеш рацыю. Да таго ідзе. Але ты нічога не сказаў пра выйсце. Пакажы нам шлях.
Наступіла пярэрва, калі ў напружаных душах збіралася злосць, гатовая раптам змяніцца на лютасць, выбухнуць нянавісцю.
— Які шлях? — не зразумеў вязень.
Вочы ў Бая наліліся крывёю, i ён закрычаў:
— Па якім выйсці з таго, што ты тут напрарочыў! Ці ты прапануеш нам задаволіцца гэтымі стратамі? Пакорліва чакаць ix i радавацца, што ты так спрытна ўсё прадбачыў?!
Цяпер ужо тысячы вачэй асвятліла ярасць. Некаторыя мужчыны падхапілі з зямлі глыжы.
— Не ведаю... — прамармытаў вязень.— Няма гэткага шляху.
I раптам з натоўпу выйшаў малацьбіт, які разбурыў сваю вязніцу першы. Ca злоснай радасцю ён прамовіў:
— А-ах! Выходзіць, i ты не прарок!
Некалькі мужчын рынуліся былі на вязня, але малацьбіт спыніў ix рухам.
— Хто ж тады прарок? — павярнуўся ён да Бая.— Ты абяцаў, што адзін з нас абавязкова будзе прарокам. Дык, можа, прарок — той, у мураваным склепе? Можа, ён адшукаў шлях?..
— Яшчэ дзве страты,— прашаптаў вязень аднымі вуснамі.— У нас не можа быць прарока... У нас няма выйсця...
I тут пчуліся гартанныя крыкі. Усе людзі паглядзелі ўгару ды ўбачылі, як над полем праляцеў вялізны чорны крумкач...
— Гэта тупік,— сказаў Бабайка.— Каб літарагура магла непасрэдна ўздзейнічаць на жыццё, яна сама мусіць стаць учынкам.
9.
Штосьці мелася адбыцца паміж намі. Гэткае напружанае было чаканне. I калі мы нарэшце сабраліся ў пакоі Настаўніка, за акном пачалася залева. Доўга-доўга мы сядзелі моўчкі i слухалі, як падаюць кроплі.
Читать дальше