Яшчэ прыходзяць на змену маладзейшыя, дзярзае кудысь новая генерацыя. Але куды вы, пыляняты бяскрылыя! Адно, што выгадуецеся на сытых кураў, а паляцець — ужо не паляціце. Ніколі...
19.
Гэтак мы пражылі год. Настаўнік з кожным днём марнеў у сваім ложку i пісаў усё менш i менш. Я даглядала яго, прыбірала ў кватэры i друкавала. Мне зусім надакучыла мая стаматалогія, i я намервалася кінуць інстытут. Чаму б не ўладкавацца куды машыністкай ці браць замовы дахаты?
Па-ранейшаму прыходзілі лекары i раілі Настаўніку аперацыю. Ён не распавядаў мне пра гутаркі з імі. Затое часта i падоўгу мы гаварылі пра літаратуру. Гутарыць было нашмат цікавей, чым што-кольвечы чытаць. Я стала дастаткова абазнаная ў пісьменніцкім жыцці, у тым, як варта пісаць, а як няварта. Гэта былі смешныя гутаркі або злыя. Настаўнік не стрымліваў свае эмоцыі i часам нават брудна лаяўся.
Вельмі часта ён плакаў у сваім ложку i прасіў чагосьці зусім нерэальнага. Напрыклад, набыць яму ў краме фінікаў ці заплаціць экскаватаршчыку, каб той «памаўчаў». Гэта, вядома, былі капрызы.
Калі мы зарэгістравалі шлюб, ён забараніў мне ўваходзіць да яго без выкліку. Сказаў, што я яму фіктыўная жонка. I дазваляў толькі прыносіць пошту, ежу i прыбіраць. Гэтак мы сталі бачыцца радзей i карацей.
Нарэшце аднойчы ён сам прыйшоў у мой пакой. Яму было цяжка перасоўвацца. Але пры гэтым ён быў апрануты ў шчыгульны цёмны гарнітур з белай кашуляй i гальштукам. Такім Настаўніка я яшчэ не бачыла ніколі. Ён запрасіў мяне да сябе.
Пакой быў прыбраны, ложак засцелены. На стале ляжаў тонкі стосік папераў. Настаўнік паказаў мне на фатэль, а сам прысеў да стала. Увесь час ён сарамліва ўсміхаўся.
20.
— Бачыце, ма шэр. Я нарэшце дапісаў сваю нудную кнігу. Вы надрукуеце гэтыя астатнія старонкі на машынцы i занясеце на адрас, што пазначаны ў канцы.
Мушу паведаміць вам, што з гэтага моманту вы з'яўляецеся гаспадыняй гэтае кватэры, бібліятэкі майго асабістага архіва. Рабіце з імі, што палічыце патрэбным.
Мушу паведаміць таксама, што з гэтае хвіліны вы не звязаныя аніякімі абавязкамі адносна мае персоны. Спадзяюся, што я дастаткова маральна пражыў побач з вамі гэты год. Наша цяперашняя сустрэча — апошняя... Пацешуся, калі праз гады вы без злосці згадаеце пра мяне. Але не пакрыўджуся i ў тым выпадку, калі вы зараз жа назаўсёды забудзецеся на мяне. Можа, у вас ёсць пытанні?
— Ды не, здаецца... А куды вы?
— Куды я? Хы-гы. Быццам бы вы не ведаеце, Гэта наіўнае пытанне, ма шэр. Нуднае ці нянуднае, але я нарадзіў жывое. Разумееце? A парадзіхі часам не перажываюць родаў. Спадзяюся, такі адказ вас задаволіць?
— Бадай... Я чула, што калі паміраюць свойскія сабакі, яны таксама стараюцца сысці з дому...
— Вось, вось. Бывайце, мадэмуазель.
21.
I ён знік гэтаксама, як год таму назад з'явіўся. А я, як i тады, апынулася ў ягоным пакоі з ягоным рукапісам пад рукамі. Hi пра што не думаючы, я механічна прабягала вачыма па радках.
«Гэта здарылася са мною, калі я толькі пачынаў пісаць. Я шукаў ацэнак i парадаў, якіх-небудзь рэцэптаў, шукаў мэтра, сэнсэя. І такі знайшоўся. Ён быў качагарам у пісьменніцкім Доме творчасці. Ён i прымаў мяне ў сваёй качагарцы. Да слова памятаю ягоную навуку.
— Кожны боль, шаноўны, пачынаецца з асалоды,— казаў Сн мне.— Потым ужо стане нясцерпна, немагчыма трываць. I тады — хто выжыве, а хто не. Натуральны адбор. Скажы мне, ці ты выжывеш?
Ён зірнуў мне ў вочы сваім зморшчаным няголеным тварам i прахрыпеў:
— Ты хочаш выжыць?
Я апусціў вочы долу, i ён змяніў тон:
— Зрэшты, ты можаш адмовіцца...
— Выжыву,— паспяшаўся сказаць я.
— Глядзі.
Няспешным рухам ён паднес мне да твару распаленую да чырвані жалезіну, ад якой горача й брыдка патыхала мярцвячынай.
— Глядзі,— паўтарыў ён i прыклаў жалезіну да майго лба.
Я завыў ад страшэннага болю, але паспеў адзначыць, што боль i сапраўды пачаўся з асалоды.
Я ні хвіліны не шкадаваў, што стаў мечаны, што аддаўся ў нявольніцтва назаўжды. Цяпер імя гаспадыні будзе да сконў на маім твары. Я ніколі не бачыў яго, але ведаю гэтае імя лепш за сваё ўласнае: «Літаратура».
22.
Праз тыдзень я панесла рукапіс туды, куды прасіў Настаўнік. Ягоным адрасатам аказаўся Ганоеў. Ен сустрэў мяне вельмі стрымана i больш не называў ані мэтхен, ані фройляйн. Усім сваім выглядам ён паказваў, што візіт мой мусіць быць кароткі. Таму я адразу ў вітальні перадала яму рукапіс. Ён разгарнуў, дзе трапілася, i сказаў:
— Ваш муж быў мужны чалавек.
— Вы кажаце «быў», нібы ён памёр...
Читать дальше