Даўнавата я прыдумаў таго літаратара. Ажно бачу цяпер, што прыдумаў сябе. Хы-гы. Мая кніга будзе нечага вартая, але, пэўне, таксама не патрапіць у друк. Хто стане з ёю вэдзгацца! A пераемніцу мне мяняць ужо позна. Хіба неяк падвыхаваць яе? Чаму, скажам, яна самахоць адчыняе дзверы майго пакоя, калi я заняты? Можа, яе сапраўды тут нешта зацікавіла?
Падвыхаваць... A друкуйце-ткі, мадэмуазель, маю кнігу на машынцы! Вы не ўмееце? Я навучу! Там, дзе процант — нескладовае «ў», дзе параграф — «і». Усё астатняе пазначана. Кляц... кляц... кляц... У вас атрымліваецца. У вас атрымаецца, ма шэр.
13.
Неўзабаве Настаўнік i сапраўды настала перабраўся ў ложак. Лежачы, ён цэлымі днямі пісаў. А я вечарамі друкавала ягоныя пісьмёны на машынцы.
Часта да нас заходзілі лекары, рабілі яму ўколы. А ён у іхняй прысутнасці абавязкова пачынаў стагнаць i плакаць, паказваючы, дзе ў яго баліць. I на ногі паказваў, i на галаву, i на грудзі — паўсюль. Лекары ж нязменна глядзелі толькі ўнізе жывата i казалі, што патрэбна аперацыя.
Аднойчы да нас прыйшоў нейкі кульгавы дзядзька. Я падумала, што лекар, але ён загаварыў пакраёваму:
— Добры дзень, мэтхен. Вы, калі ласка, не здзіўляйцеся, я таксама пісьменнік. Маё прозвішча Ганоеў.
Ён прыязна ўсміхаўся мне ў вітальні, а з суседняга пакоя ўжо грымеў радасны бас:
— Ганоеў! Я пазнаў цябе! Гражына, гэта Ганоеў! Заходзь. Хы-гы.
Госць пракульгаў у пакой, а я пайшла ставіць гарбату.
Яны ні пра што не гаварылі. Адразу ўзяліся за нейкія паперы, чыталі. Толькі зрэдку пачыналі неяк задаволена скуголіць.
— Колькі вам гадоў? — спыталася я ў Ганоева.
Ён падняў адсутныя вочы i адсутным голасам сказаў:
— Мы раўналеткі.
— I вы таксама пішаце пра хваробы? — мне чамусьці карцела адарваць ix ад чытання.
— Ну, пэўным чынам, так. Пра што могуць пісаць хворыя пажылыя людзі? Пра хваробы.
— У яго AIDS, хы-гы...
— Праўда? — здзівілася я.
— А што? — заўсміхаўся Ганоеў,— Дзіўна, што краёвы пісьменнік хварэе на AIDS?
— Ды не... Але недарэчна неяк.
— Вось,— павярнуўся Ганоеў да Настаўніка,— Адносіны да нашае літаратуры маеш. Наш пісьменнік настолькі адсталы i забіты, што нават AIDS яму не па зубах!
Настаўнік яўна ператрымліваў усмешку на вуснах.
— Мілая фройляйн,— сказаў Ганоеў.— А вы ніколі не задумваліся над тым, што нашая літаратура якраз i зберагае нас ад усялякіх навамодных хваробаў?
— Вас? — спыталася я. Здаецца, яны канчаткова кінулі свае паперы.— Хіба вы пішаце толькі для сябе?
Напэўна, Ганоеў пакрыўдзіўся, a Настаўнік з робленай весялосцю пазіраў то на яго, то на мяне.
— I для вас,— сказаў Ганоеў.— Вы ж яшчэ разумееце роднае слова.
— Разумею, але я ніколі не чытала вашых кніг. Прабачце, я нават ніколі не чула вашага прозвішча...
Яму зрабілася зусім няёмка, але ж гэтаксама няёмка было мне.
14.
Хы-гы... Як яна цябе, Ганоеў! Апошняга майго прыяцеля, здольнага маладога паэта, абярнула ў нішто. Э, мадэмуазель! З вас, бадай, яшчэ можа быць нештачка. А ты, кульгавы, пойдзеш пабітым сабакам...
Не здолеў адказаць дзяўчынцы, пераканаць, што мы квітнеем! А яшчэ рэдактар. Іншых правіш...
Э-эх, пісьменнікі! Ільвы Мікалаевічы... Такое творыце, чаго ўжо i самі ўсвядоміць не здатныя. Як яшчэ ў роце ейным павяртаецца тое слова краёвае пасля ўсёй нашай дзейнасці? Гэта ж мы, ратавальнікі, слова тое i топім. Мы топім, а яно, як чыстае паветра, мячыкам вылузваецца з-пад нашых задніц i плыве далей. Без нас. А мы — баластам — на дно. I толькі бурбалкі ад нас — рамэны i паамы — падымаюцца, гнаныя ціскам, на паверхню, i назаўсёды знікаюць там.
15.
Пасля тае размовы я зачынілася ў сваім пакоі i доўга-доўга глядзела ў вакно: на панылы двор, на прадымленыя сцены. I было мне сумна-сумна.
Між снегу пасярод двара рычэў той самы вялізны экскаватар. Мусіць, некалі ен быў чырвоны, а цяпер увесь забрудзіўся сопатам i зямлёю. Плямы колішняй фарбы нагадвалі кроў.
Я прысела да машынкі i адшукала патрэбны радок:
«Ты прыйшла нечаканая, прыгожая i прывабная. Ты адному з нас стала каханай.
Ты была добрая i разумная. Ты другому з нас стала жонкай.
Ты прыйшла жорсткая i аблудная. Ты трэцяму з нас стала лёсам. Ярмо тваё ён праклінае, бо ён раб твой. Ён, ненавіснік твой i абаронца, славіць імя твае, Літаратура!»
Гэтага было дастаткова. Яшчэ радок, i мне зноў абрыдне ўсё на свеце. Чаго бралася?..
Я хацела зразумець ix, Настаўніка i гэтага Ганоева. Няўжо так недарэчна можна пражыць усе жыццё? Яны, першыя агітатары за тое, каб прыносіць карысць, самі са сваёй карысцю нікому не патрэбныя.
Читать дальше