Убачанае прымусіла Сарву задумацца. Высновы напрошваліся несуцяшальныя. Спяшацца з канчатковым рашэннем інспектар не стаў: большая частка «Пуцяводнай зоркі» заставалася неабследаванай.
Сарва зрабіў у камп'ютары памету пра патэнцыйную сімуляцыю і рушыў далей. Перш чым дайшоў да цэнтральнага адсека, інспектар сустрэў яшчэ траіх.
Стан двух мужчын і жанчыны нічым не адрозніваўся ад стану іх калег.
— Яны як быццам усе разам звар'яцелі... Спадар Рывес, што ў вас?
— Прыборы відавочна спрабавалі зламаць, спадар Сарва. Прычым рабілі гэта без выразнага алгарытму дзеянняў — проста таму, што хацелі ламаць... Шкода нязначная, але часу на рамонт спатрэбіцца нямала. Самому мне не справіцца — давядзецца прасіць дапамогу.
— Скажыце, спадар Рывес, а разгром не мог учыніць вар'ят?
— Характар пашкоджанняў кажа пра тое, што такіх павінна быць некалькі... А чаму вы пытаецеся, спадар Сарва?
— Я знайшоў пяцярых членаў экіпажа. І ўсе яны нічым не адрозніваюцца ад гародніны.
— Не сімулююць?
— Адказ на гэтае пытанне трэба будзе даваць вашаму суднаваму медыку, спадар Рывес. Паведаміце на «Арыстарх Самоскі» пра паломку і знойдзеных членаў экіпажа, а я пакуль займуся бартавым журналам.
У цэнтральным адсеку знаходзіліся яшчэ чацвёра. У стане, які выключаў усякую магчымасць допыту.
Пульт кіравання не пацярпеў, і інспектар вывеў на дысплэй бартавы журнал. Апошні запіс быў зроблены за пяць гадзін да таго, як знікла сувязь з маяком. Сарва пачаў праглядаць запісы ў адваротным парадку. Бартавы журнал неабавязкова павінен змяшчаць адказ, але...
Хутка прыбылі людзі з грузавога судна. Каб не губляць час, Сарва адключыў сувязь. На жаль, вывучэнне бартавога журнала нічога не дала.
— Давядзецца шукаць у іншым месцы... — інспектара зусім не збянтэжыла няўдача. У модулях «Пуцяводнай зоркі» былі ўсталяваныя камеры відэаназірання, і Сарва збіраўся праглядзець запісы з іх. — Людзі ніколі не вар'яцеюць проста так!.. З якой пачаць?
Модуляў на маяку хапала: «Пуцяводная зорка» выкарыстоўвалася таксама ў якасці шырокапалосага рэнтгенаўскага тэлескопа. Інспектар павагаўся і прыняў рашэнне пачаць у алфавітным парадку. Немалы аб'ём працы Сарву зусім не пужаў.
Праз некаторы час інспектар дабраўся да запісу, зробленага ў прыборным адсеку за трыццаць хвілін да таго, як з «Пуцяводнай зоркай» перарвалася сувязь. Высокая якасць дазваляла разгледзець усё ў дробных дэталях. У аб'ектыў трапілі двое астранаўтаў. Мужчыны займаліся манатоннай працай роўна да таго часу, пакуль адзін з камп'ютараў не выйшаў з рэжыму чакання. Варта было толькі дакрануцца да клавішы «Enter», як абодва прыціснулі далоні да вушэй і паваліліся на падлогу.
— Ці не тут хаваецца разгадка? — Сарва павялічыў маштаб малюнка, аднак вугал павароту манітора не дазволіў зразумець, што магло выклікаць гэткую неадэкватную рэакцыю членаў экіпажа. Задачу моцна ўскладняла тое, што ў запісе адсутнічаў гук. Падчас праверкі высветлілася, што прычына схаваная ў няспраўнасці абедзвюх аўдыякалонак. Перасеўшы за іншы камп'ютар, інспектар высветліў, што аддалены доступ немагчымы.
Сарва пазначыў час здарэння, затым вярнуўся да іншых запісаў. Паўторны прагляд даў новую, надзвычай важную інфармацыю: персанал «Пуцяводнай зоркі» ў пэўны момант раптам страціў чалавечае аблічча. Рэагавалі людзі па-рознаму, аднак аб'ядноўвала іх адно: поўная прастрацыя.
Інспектар вылаяўся і ўключыў сувязь.
— Рывес, вы чуеце мяне?.. Неадкладна адказвайце, Рывес!.. Рывес!.. Вось д'ябал! — Сарва пабег у прыборны адсек у прадчуванні блізкай бяды.
Тэхнікі з «Арыстарха Самоскага» ў розных позах валяліся на падлозе.
Інспектар бухнуўся на калені перад Рывесам. Аднаго погляду на твар тэхніка было дастаткова, каб зразумець: іскра розуму ў вачах Рывеса згасла. Астатнія выглядалі не лепш.
Смутныя падазрэнні штурхнулі інспектара да дысплэя. Трэць экрана займала акно аўдыяфайла.
На тое, каб скласці два і два, шмат розуму не патрабавалася.
— Інспектар Сарва выклікае капітана Драка!
— Слухаю вас, спадар Сарва!
— У нас няштатная сітуацыя, спадар Драка. Неадкладна дашліце суднавага медыка!
— Што здарылася? — у голасе капітана «Арыстарха Самоскага» адчуваліся ноткі страху.
— Тэхнікі страцілі дзеяздольнасць, спадар Драка... У вас на борце ёсць чалавек, які добра разбіраецца ў камп'ютарах?
— Так, — пачуўся адказ пасля невялікай паўзы.
— Ён мне патрэбны!
— Праз пяць хвілін Рангель і Цімаш будуць у вас, спадар Сарва!
Читать дальше