Інспектару выдзелілі ложак у лазарэце, паколькі свабодных кубрыкаў не мелася: «Агесілай II» перавозіў каланістаў на Трытон. Восем з чвэрцю астранамічных адзінак паміж арбітай Урана і «Эрнстам Юліусам Эпікам» крэйсер пераадолеў за дваццаць адну гадзіну, палова з якіх сышла на разлік каардынат выхаду.
Пояс Койпера. Сарву ніколі раней не даводзілася залазіць далей за Плутон. Думка пра маштабы выклікала трапятанне, а гэта ж толькі нязначная частка Млечнага шляху! «Агесілай II» мог не баяцца сутыкнення з астэроідамі — верагоднасць такога варыянту была блізкай да нуля.
Сканеры крэйсера выявілі навукова-даследчае судна адразу ж на выхадзе з гіперпрасторы. «Эрнст Юліус Эпік» павольна плыў на адлегласці мільёна кіламетраў ад «Агесілая II».
— Хуткасць гаворыць пра тое, што рухавікі судна альбо адключаны, альбо выйшлі са строю! — для інспектара зрабілі выключэнне: прысутнасць старонніх на капітанскім мосціку была строга забаронена.
«Эрнст Юліус Эпік» рухаўся па інерцыі, якая слабела па меры праходжання праз гравітацыйныя палі к'юбівана, плуціна і рассеяных аб'ектаў.
— Сярэдні наперад! — загадаў палкоўнік Вештарт Мармылёў, капітан крэйсера. — Трансфакатарын — на максімальнае набліжэнне!
Карцінка пачала імкліва павялічвацца памерамі, пакуль не заняла ўвесь цэнтральны дысплей. Любыя сляды пашкоджанняў на корпусе адсутнічалі.
— Паспрабуйце выйсці з імі на сувязь!
— Так, спадар палкоўнік! — усе спробы пацярпелі фіяска: на ніводнай з частот «Эрнст Юліус Эпік» не адказваў. Маўчанне было адказам і на светлавыя сігналы, якія не заўважыць было немагчыма.
— Выпускайце боты!
У камплект абсталявання апаратаў далёкага пошуку ўваходзілі магутныя лічбавыя відэакамеры. Аператар падвёў боты практычна ўшчыльную да судна, і тэлеметрыя пацвердзіла герметычнасць корпуса «Эрнста Юліуса Эпіка». Асаблівая ўвага была ўдзеленая эвакуацыйным люкам.
— Ніводзін з аварыйна-выратавальных модуляў карабель не пакінуў! — рэзюмаваў Сарва, выцягнуў свой камп'ютар і пачаў уводзіць у яго даныя. Версіі аб сутыкненні, тэхнагеннай аварыі і абардажы інспектар адкінуў.
— Што б там ні адбылося, людзі па-ранейшаму застаюцца на борце!.. Пошукавай камандзе падрыхтавацца да высадкі! — збліжэнне двух велізарных суднаў патрабавала тонкага манеўру, таму Мармылёў вырашыў скарыстацца ўсё тым жа малым дапаможным катарам.
Памежнікі і Сарва апранулі скафандры і занялі месцы ў катары, пасля чаго Ішора здзейсніў майстарскую стыкоўку з «Эрнстам Юліусам Эпікам». З механічнымі засаўкамі знешніх створак шлюзавай камеры справіліся з дапамогай накіраванага выбуху, папярэдне адстукаўшы па корпусе паведамленне азбукай Морзэ.
Генератар штучнай гравітацыі не працаваў: па шлюзавай камеры плавалі незамацаваныя прадметы. Вельмі дарэчы прыйшліся чаравікі на магнітнай падэшве. Ні асноўнага, ні дзяжурнага асвятлення не было, і каманда запаліла нашлемныя ліхтары. Каб аднавіць герметычнасць, падначаленыя лейтэнанта выкарыстоўвалі вязкацякучую кампазіцыю на аснове палімераў і ліставую накладку з эластычнага матэрыялу.
— Запускайце помпы! — праз пяць хвілін шлюзавая камера напоўнілася паветрам. З праходам унутр судна праблем не паўстала — пераборку замыкала крэмальерная засаўка. — Уваходзім!.. Што з паветрам?
— Газааналізатар паказвае норму! — адгукнуўся сяржант Кайна, зірнуўшы на прыбор, які вісеў у яго на грудзях. — Звычайнае стэрыльнае паветра, якое прайшло шматразовы рэцыкл!
Тым не менш, зняць шлемы Ішора не дазволіў.
Інспектар зрабіў чарговую памету: нічога, што магло б дапамагчы знайсці адказ. Усе скафандры аказаліся на месцы.
— Цікава, чаму нас ніхто не сустракае?.. Яны не маглі не заўважыць крэйсер!
— Не маю ніякага ўяўлення! — Сарва вывеў на дысплэй камп'ютара трохмерны план «Эрнста Юліуса Эпіка», хоць мог прайсці па судне з заплюшчанымі вачыма: часу на вывучэнне было дастаткова. — Мабыць, нам лепш пачаць з рубкі кіравання!
Лейтэнант перашыхтаваў салдат, і калона пакрочыла па калідоры. Першым прыпынкам стала першая ж пераборка.
— Электрычнасці няма! — паведаміў Кайна, агаліўшы нутро панэлі доступу.
— Падымайце ўручную!
Узброіўшыся загадзя падрыхтаванымі ламамі, салдаты ўзяліся за справу. Праз некалькі хвілін праход быў свабодны.
— Сяржант! — лейтэнант не хацеў рызыкаваць: калона працягнула рух толькі пасля таго, як Кайна праверыў адсек. Магутныя ліхтары давалі дастаткова святла, што дазволіла інспектару праводзіць пільны агляд. Пакуль нічога цікавага не сустракалася.
Читать дальше