У цэнтральным адсеку інспектара сустрэў сам капітан «Арыстарха Самоскага».
— Спадар Сарва, аддаю ў ваша распараджэнне найлепшага свайго спецыяліста — Іза Рывеса.
— Дзякую! — кіўнуў інспектар, машынальна адзначыўшы, што на твары Голга Драка не было і ценю незадавальнення. Фрахт грузавога судна падлягаў кампенсацыі ў двухразовым памеры сабекошту пералёту. — Загадайце задзейнічаць трансфакатар на максімальнае набліжэнне.
— Слухаюся, спадар Сарва!
Звернуты да «Арыстарха Самоскага» бок «Пуцяводнай зоркі» вонкавых пашкоджанняў не меў. Не плавалі абломкі і вакол маяка. На жаль, грузавое судна не мела спецыялізаваных сканераў, якія моцна спрасцілі б Сарву задачу.
— Рыхтуйце бот, спадар Драка! — ацаніць стан адваротнага боку Сарва мог толькі візуальна.
Бот выглядаў настолькі старым, што інспектар мімаволі западозрыў капітана ў карыстанні даўно спісаным маламерным суднам. Быццам у насмешку на борце бота красаваўся зроблены пад трафарэт люмінесцэнтнай фарбай надпіс «Імклівы».
— Ён хоць даляціць?
— Не трэба хвалявацца, спадар Сарва! Яшчэ як даляціць!
Капітан не падмануў: бот паспяхова пераадолеў адлегласць паміж грузавым суднам ды маяком і зрабіў віток вакол «Пуцяводнай зоркі». Інспектар пераканаўся ў тым, што герметычнасць корпуса маяка парушаная не была.
— Стыкуйцеся, спадар Рывес!
Збліжэнне «Пуцяводнай зоркі» і «Імклівага» прайшло паспяхова: Рывес з першага разу дакрануўся падушкамі электрамагнітных захватаў да паўночнага стыковачнага вузла. Сарва ўвёў код доступу, пасля чаго аўтаматыка адкрыла пераходны люк.
Калі працэдура шлюзавання завяршылася, апранутыя ў скафандры інспектар і тэхнік апынуліся ўнутры маяка. Сарва скарыстаўся газааналізатарам. Нягледзячы на тое, што паветра «Пуцяводнай зоркі» падыходзіла для дыхання, яны вырашылі шлемы не здымаць.
— Спадар Рывес, адпраўляйцеся ў прыборны адсек, а я пакуль займуся пошукамі экіпажа. У мяне выклікае здзіўленне, чаму нас ніхто не сустрэў.
— Добра!
Сарва зверыўся з выведзенай на пярэдні шчыток аб'ёмнай мадэллю маяка, пасля чаго пайшоў да цэнтральнага адсека, па дарозе ўважліва агледзеўшы модулі ў пошуках слядоў тэхнагеннай аварыі.
Нікога і нічога.
Шанс сустрэць каго-небудзь у жылых ячэйках быў вельмі высокі, таму інспектар вырашыў надаць кластару асаблівую ўвагу. Чатыры ячэйкі аказаліся пустымі, а вось у пятай Сарву чакаў сюрпрыз.
Памерамі ўбудаваная ў сцяну гардэробная шафа пахваліцца не магла. Таму тое, што ў ёй атрымалася змясціцца даросламу мужчыну, не магло не выклікаць у інспектара здзіўлення. Рука Сарвы была на паўшляху да дзверцаў, калі яны з грукатам адчыніліся і з шафы выпаў незнаёмец. Усё адбывалася ў абсалютным маўчанні.
Інстынкты не падвялі — Сарва рэзка сышоў убок і рвануў з кабуры пісталет. Страляць не давялося — мужчына скурчыўся на падлозе ў позе эмбрыёна, са страхам гледзячы на інспектара. Камбінезон незнаёмца быў мокры ад багатай салівацыі.
Сарва выдыхнуў і схаваў зброю.
— Я не зраблю вам шкоды!
Словы інспектара прывялі да процілеглага эфекту — мужчына літаральна затросся ад страху.
— Усё ў парадку! Я тут для таго, каб дапамагчы вам! — з такім жа поспехам Сарва мог звяртацца да сценкі. Незнаёмца літаральна калаціла ад жаху. — Ды што ж вас так напалохала?
Пакінуць астранаўта інспектар не мог. Роўна як і цягнуць з сабой — незнаёмец успрымаў любы рух інспектара як агрэсію.
Брудны пакрамсаны камбінезон, шчацінне, шматлікія гематомы і драпіны — член экіпажа выглядаў так, нібы блукаў па сметніку. Імкнучыся не рабіць рэзкіх рухаў, Сарва дастаў з аптэчкі першай дапамогі, што вісела на сцяне, флакон з заспакаяльным і напоўніў пластыкавую мерную лыжку.
— Гэта дапаможа!
Незнаёмец завішчаў адразу ж, як інспектар зрабіў першы крок. Высокія ноткі выдавалі паніку. Зразумеўшы, што наладзіць кантакт не атрымаецца, Сарва выкінуў з жылой ячэйкі ўсё, аб што мог параніцца астранаўт, пасля чаго замкнуў звонку дзверы. Варта было пашукаць іншых членаў экіпажа.
Пошукі доўжыліся нядоўга: у тэхнічным памяшканні, якое межавала з кластарам, інспектар наткнуўся на жанчыну. Яна сядзела ў крэсле і манатонна ківалася, чым нагадвала кітайскага балванчыка.
— Прашу прабачэння, што перашкаджаю вам... — Сарва павольна наблізіўся да жанчыны, напалову павернутай да яго. Ніякай рэакцыі. — Я вам дапамагу!
Ані на словы, ані на дотыкі жанчына ніяк не адрэагавала, працягваючы разгойдвацца. Яе погляд быў накіраваны ў пустэчу. Нічога не змянілася і пасля таго, як інспектар павадзіў пад носам жанчыны змочанай у нашатырным спірце ваткай.
Читать дальше