Сяргей БЕЛАЯР
ВЫРАТАВАЛЬНАЯ МІСІЯ
I
Фатонны зоркалёт «Слейпнір» імкліва набліжаўся да канчатковай кропкі маршруту — міжнароднай касмічнай станцыі «Ёган Кеплер».
— Як думаеш, чаму знікла сувязь са станцыяй? — спытаў Кінбут Бянткоўскі, гледзячы ў манітор, на якім, вылучаючыся на фоне вугальна-чорнай прасторы з сотнямі немігатлівых зорак, расла Asteroidea.
— Не ведаю, камандзір, — паціснуў плячыма Едка Гедройц, — прычын можа быць шмат, пачынаючы ад паломкі перадатчыка і заканчваючы сонечнай бурай. Навошта гадаць? Састыкуемся і ўсё высветлім!
Бянткоўскі кіўнуў. Зямля атрымала сігнал SOS тыдзень таму, пасля чаго экіпаж МКС на сувязь больш не выходзіў
— Будзем спадзявацца, што нічога сур’ёзнага не адбылося!
— Гэта апошняе, у што я стаў бы верыць. Больш рацыянальна зыходзіць з таго, што ў іх праблемы! Прычым сур’ёзныя.
— Ты ператвараешся ў закаранелага цыніка, Едка!
— Космас робіць мяне такім. Пройдзе яшчэ не адна тысяча, калі не мільён гадоў, перш чым зоркі перастануць быць варожымі людзям. Заўсёды трэба настройвацца на самае горшае.
«Ёган Кеплер» паступова запаўняў сабой увесь экран.
— Бачных пашкоджанняў не адзначаю! — паведаміў Доўкгал Геліч, скарыстаўшыся трансфакатарам. — Зваротны бок разгледзець не магу!
— Як толькі скінем хуткасць да самай малой, высылай бот!
— Ёсць высылаць бот пасля тармажэння!
— Пераходжу на тармажэнне! — папярэдзіў таварышаў Скумін Разыцень. Насавая дзюза выплюнула сноп распаленага вадароду, «Слейпнір» слаба тузануўся. Слупок акселераметра хутка папоўз уніз, паказваючы адмоўнае паскарэнне.Праз некалькі хвілін, калі да станцыі заставалася пяцьсот кіламетраў, інжынер-радыст выпусціў бот, карэктуючы яго курс пры дапамозе джойсціка. Разведчык не баяўся ні паскарэння, ні рэзкага змянення курсу, ні звышвысокіх і звышнізкіх тэмператур, што дазваляла выкарыстоўваць яго ў шырокім дыяпазоне даследаванняў.
Астранаўты не адрывалі поглядаў ад манітораў. Напружанне расло.
— Выява выразная! Адхіленні тэхнагеннага характару адсутнічаюць!.. Што за чорт?
— Што здарылася, Доўкгал?
— Я страціў кантроль над ботам! — Геліч рухаў джойсцікам, аднак нічога не змянялася: разведчык куляй нёсся да станцыі. Усачыць за сапраўдным вадаспадам даных не ўяўлялася магчымым.
Праз імгненне камера бота адключылася.
Інжынер-радыст вылаяўся і паспрабаваў аднавіць кантроль над ботам. Нічога не атрымалася — разведчык урэзаўся ў адну з сонечных батарэй. Яна выбухнула мільёнам аскепкаў і дробных абломкаў. Куляючыся, бот пачаў адыходзіць ад МКС.
— Што гэта было?
— Не ведаю, капітан! Бот быў спраўны — я двойчы пратэставаў усе сістэмы... — у голасе інжынера-радыста гучалі ноткі разгубленасці. — Сувязь нібы абсеклі...
Бянткоўскі і Гедройц пераглянуліся. На твары работніка службы бяспекі з’явіўся выраз: «Я ж казаў!»
— Адмовіла і асноўная, і дублюючая сістэма. У маёй практыцы такое ўпершыню!.. Паспрабуем другі бот?
Бянткоўскі думаў нядоўга:
— Толькі асцярожна!
— Ёсць асцярожна! — словы Геліча не разышліся са справай: ён акуратна падвёў бот да меркаванай мяжы мёртвай зоны з гатоўнасцю ў любы момант вярнуць разведчыка. Апаратура нічога не рэгістравала. Нервова аблізаўшы вусны, інжынер-радыст плаўна штурхнуў джойсцік.
Бот перасёк нябачную рысу і працягнуў рух. Геліч падвёў разведчыка ўшчыльную да «Ёгана Кеплера», дазволіўшы разгледзець паверхню МКС у дробных дэталях, пасля чаго накіраваў на іншы бок.
— Герметычнасць корпуса не парушана!.. Ніякіх слядоў экстраннай эвакуацыі!
— Паспрабуй звязацца з імі!
— Ёсць!.. Выратавальнае судна «Слейпнір» выклікае міжнародную касмічную станцыю «Ёган Кеплер»!.. «Ёган Кеплер», адкажыце «Слейпніру»!.. — інжынеррадыст перабраў шэраг частот, але на кожнай з іх адказам быў толькі белы шум.
— Доўкгал, вяртай бот!.. Экіпажу падрыхтавацца да стыкоўкі!.. — астранаўты завозіліся ў крэслах, правяраючы прывязныя рамяні і ўладкоўваючыся ямчэй. Пераканаўшыся ў тым, што ўсе гатовы, капітан загадаў: — Скумін, пачынай!
Працэдура заняла каля паўгадзіны — «Слейпнір» зблізіўся са станцыяй і выпусціў злучальныя аўтаматычныя фермы, увянчаныя магутнымі магнітнымі прысоскамі. Дакрануўшыся да спецыяльных прыёмных пляцовак, яны намёртва зафіксавалі зоркалёт. Для ўзлёту патрабавалася адключыць электрычны ток, які сілкаваў магніты.
— Едка, бяры Геліча, Валовіча і Хурду!
Читать дальше