СЯРГЕЙ БЕЛАЯР
СУСТРЭЧНЫ БОЙ
Навукова-фантастычнае апавяданне
Свет знік, каб праз імгненне з’явіцца ў выглядзе віртуальнай рэальнасці.
Перад сяржантам Уваравым слалася шырокае поле з рэдкімі дрэвамі. Злева знаходзілася станцыя Прохараўка, справа — лукавіна ракі Псёл, праз якую нямецкае камандаванне збіралася выйсці да Курска пасля няўдалага наступу на Абаяньскім кірунку.
Шлем ствараў ідэальны эфект прысутнасці — камп’ютарная мадэль «World of tanks 2.0» выглядала як сапраўдная. Паветра было чыстым і свежым, цішыня заспакойвала. У параўнанні з першай версіяй гульня рушыла далёка наперад — пачынаючы ад рэжыму «анлайн» і заканчваючы мноствам дадатковых гаджэтаў.
— Гэй, сяржант! — даляцеў да Аляксея голас камандзіра, лейтэнанта Доргаша. — Чаго ўтаропіўся? Залязай! З хвіліны на хвіліну пачнецца артпадрыхтоўка!
— Ёсць у танк! — адгукнуўся ды паспяшаўся заняць сваё месца Увараў, які ў экіпажы быў зараджаючым і наводчыкам. — Прывітанне ўсім!
Таварышы адгукнуліся бязладным хорам галасоў.
— Света, як малы?
— Яшчэ дваццаць пяць—трыццаць перамог — і ў мяне атрымаецца сабраць грошы, неабходныя для выплаты авансу! — адказаў механік-вадзіцель, яфрэйтар Ілья Купчын. Па-за гульнёй — Святлана Літвіновіч, дваццаць адзін год, студэнтка філфака са Смаленска. Яе адзіную з экіпажа старшакласнік мог назваць сябрам. Яны перапісваліся па «асьцы».
— Поспехаў! — пажадаў сяржант, які прымаў чужое гора — у малодшага брата дзяўчыны быў востры лейкоз — як уласнае. Увараў зачыніў люк і правёў позіркам па снарадах, правяраючы гатоўнасць да бою.
— Дзякуй, Лёша! — усміхнуўся аватар. — А ты як?
— Нармальна. Ніяк не дачакаюся, калі буду мець уласны танк!
— Галоўнае — не здавацца! Усё атрымаецца!
— Хацелася б.
Лейтэнант Пётр Доргаш — у рэальным свеце Віктар Пятроўскі, дваццаць два гады, маскоўскі «мажор» — яшчэ некаторы час памаячыў у люку, а затым нырнуў у вежу і спытаў:
— Гатовыя?
— Вядома, камандзір!
— Гатовыя! — кіўнуў Аляксандр Карко. Аватар стралка-радыста насіў Браніслаў Ягелончык, дваццацісямігадовы мастак-афарміцель з Кракава.
— Мінчук, ты як?
— Заўсёды гатовы! — пацвердзіў Аляксей.
— Чакаем! — лейтэнант Доргаш прытуліўся да перыскапічнага агляднага прыбора.
Нягледзячы на тое, што чакаць пачатку бою заставалася нядоўга, хвіліны здаваліся вечнасцю. Увараў увесь знерваваўся і сустрэў першы залп з радасцю і палёгкай. Катаныя пліты і лісты гамагеннай сталі толькі збольшага прыглушалі грукат кананады. Не дапамагаў справіцца з шумам і шлемафон.
Каб адцягнуцца і «забіць» час, Аляксей вырашыў агледзецца. «Трыццацьчацвёрцы» лейтэнанта Доргаша давядзецца дзейнічаць у складзе роты, якая складалася з такіх жа Т-34, англійскіх пяхотных Mk IV «Чэрчыль» і лёгкіх Т-70. Падраздзяленню былі выдадзены самаходныя штурмавыя гаўбіцы СУ-122 і лёгкія штурмавыя гарматы падтрымкі пяхоты СУ-76.
Праціўніка сяржант бачыць не мог, так што пра тыпы нямецкіх танкаў заставалася толькі здагадвацца. Увараў быў упэўнены ў тым, што 5-й гвардзейскай танкавай арміі будуць супрацьстаяць сярэднія Т-III, Т-IV і цяжкія «Тыгры», узмоцненыя САУ StuG III.
— Пачынаем праз пяць хвілін! — паведаміў па танкавай перагаворнай прыладзе стралок-радыст, каторы сядзеў над сімплекснай радыёстанцыяй.
Увараў адарваўся ад назіральнай шчыліны, зачыніў яе трыплексным шклаблокам і падцягнуўся.
— Пачынаем рух адразу пасля атрымання загаду! Напрамак — саўгас Кастрычніцкі! У выпадку з’яўлення праціўніка — прымаем бой! Пытанні ёсць?
Пытанняў не было.
— Наперад! — скамандаваў Доргаш, калі па радыёстанцыі давялі загад генерал-лейтэнанта Ротмістрава.
Рухавік зароў, і Т-34 жвава ўзяў з месца.
Жалезная лавіна спачатку павольна, а пасля паступова паскараючы тэмп, панеслася наперад.
Трэсла неміласэрна. У сярэдзіне танка грукатала, як у кузні. Паветраачышчальнікі са смуродам дызельнага паліва не спраўляліся — дым лез у нос і ў рот.
Прыкладна праз пятнаццаць хвілін паказаліся варожыя танкі. Сяржант не памыліўся: немцы сапраўды выставілі супраць савецкіх танкістаў T-III, T-IV і T-VI, за якімі кацілі штурмавыя гарматы.
— Да бою! — закрычаў Доргаш.
Увараў зарадзіў гармату каліберным бранябойным снарадам і далажыў:
— Гатовы!
— Зараз павесялімся! — ухмыльнуўся Пётр. У «World of tanks 2.0» яго прывяла прага вострых адчуванняў. Масквіч любіў рызыку, а ў «рэале» ён быў пазбаўлены магчымасці паказытаць сабе нервы з-за празмернай клапатлівасці бацькоў, якія кантралявалі кожны крок адзінага дзіця. Толькі ў гульні Віктар мог «адарвацца» на поўную.
Читать дальше