Сяргей БЕЛАЯР
РАССЛЕДАВАННІ ІНСПЕКТАРА САРВЫ
Цыкл навукова-фантастычных апавяданняў
ТАЯМНІЧАЕ ЗНІКНЕННЕ
Аксід жалеза надаваў Марсу бледна-чырвонае, амаль аранжавае адценне, праз што планета нагадвала баскетбольны мяч. Па меры набліжэння можна было добра адрозніць дэталі: ударныя кратары, даліны, Нікс Алімпіка, каньёны, палярныя шапкі. Па-свойму Марс быў нават прыгожы.
У дзверы пагрукалі.
— Заходзьце! — адарваўся ад ілюмінатара інспектар Дэпартамента пазазямных крымінальных расследаванняў Ратаўт Сарва.
— Праз гадзіну выходзім у кропку скідання, спадар інспектар! — сунуў галаву ў каюту Пётр Голін, памочнік капітана «Яна Гевелія». — Будзьце гатовыя!
— Зразумеў, дзякую! — зборы не адбіралі шмат часу. Мінімумам рэчаў Сарва абыходзіўся не толькі ў камандзіроўках.
Ангар быў поўны тэхнікаў: праводзілася перадстартавая падрыхтоўка бота. Нават самая малая няспраўнасць ставіла функцыянаванне калоніі пад пытанне.
— Укладвайце рэчы, спадар інспектар! Зараз вам дапамогуць апрануць скафандр! — паводле правілаў касмічнага флоту, скіданне бота з людзьмі дазвалялася толькі пасля таго, як капітан судна даваў згоду.
Са скафандрам Сарва мог справіцца і сам, але карабельны статут пісаўся не для таго, каб яго парушаць.
— Прышпіліцеся і расслабцеся! Астатняе зробіць аўтаматыка!
— Я і не хвалююся! Не ўпершыню! — невялікая шчыльнасць атмасферы Марса стварала спрыяльныя ўмовы для пасадкі. Нават пры вертыкальным балістычным уваходзе найбольшы каэфіцыент перагрузкі не перавышаў дзесяці адзінак, а шырыня калідора ў самым вузкім месцы складала трыста кіламетраў.
— Пасажырскі лайнер «Адысей» забярэ вас праз тыдзень. Паспрабуйце да гэтага часу скончыць расследаванне, інакш застаняцеся на Марсе яшчэ на чатыры з паловай месяцы, пакуль не прыйдзе «Касіяпея»! — папярэдзіў Бівоін Жыбартаў. — Будзе трохі трэсці!.. Поспехаў!
Тэхнікі задраілі люк, але пакутаваць ад чакання не давялося: таймер вёў зваротны адлік. Калі лічбы абнуліліся, спрацавала катапульта.
Перагрузка была амаль непрыкметная. За пяцьдзясят пяць кіламетраў ад паверхні на бот абрынуліся даволі моцныя парывы ветру. Спуск заняў больш за гадзіну. На ўзлётна-пасадачнай пляцоўцы — падмеценым ад камянёў кавалку паверхні памерамі з два футбольныя полі — бот ужо чакалі.
— З прыбыццём, спадар інспектар! Дазвольце прадставіцца — Міклаш Шаверда, намеснік кіраўніка калоніі. Мне даручана суправаджаць вас і аказваць усялякую дапамогу!.. Зараз мае людзі перагрузяць кантэйнеры ў прычэпы, і нам можна будзе адправіцца ў калонію.
— У вас заўсёды так ветрана, спадар Шаверда? — вецер узмацняўся на вачах.
— Большую частку года, спадар інспектар! Розніца тэмператур паміж паўночным і паўднёвым паўшар'ямі!.. Хлопцы, варушыцеся, набліжаецца пылавая бура!
Спадарожнікі Шаверды пачалі рухацца хутчэй. Калі б ціск атмасферы быў роўны зямному, правалтузіліся б даўжэй.
— А бот не перакуліць? — на пляцоўцы панавалі сапраўдныя пылавыя віхуры. Штуршкі ветру станавіліся ўсё больш адчувальнымі. Даводзілася прыкладаць пэўныя намаганні, каб выстаяць на адным месцы.
— У апорах — адмысловыя загваздкі! Не страшны ніякі ўраган!
Толькі цяпер Сарва звярнуў увагу на шматлікія дзіркі.
Калі разгрузачна-пагрузачныя работы скончыліся, мужчыны расселіся па ўсюдыходах, і калона ўзяла курс на «Эдгара Райса Бераўза». Раз-пораз машыны аб'язджалі тэктанічныя разломы, кратары і лававыя трубкі. Вецер падняў пясок, таму ехалі па прыборах.
— Вы не маглі б расказаць мне пра здарэнне, спадар Шаверда?
— Не жадаеце губляць час, спадар інспектар? Разумею!.. З чаго пачаць?
— З самага пачатку!
— Гэта здарылася дзесяць дзён таму. На пачатку адзінаццатай Віжкгаіл Багушэўскі адправіўся ў трэці лабараторны бокс: напярэдадні Фестар Юхноўскі прыцягнуў з геолагаразведвальнага рэйду даволі незвычайны кавалак пароды, і Багушэўскі хацеў з ім папрацаваць.
— Юхноўскі — гэта ваш галоўны геолаг? — падчас вымушанай бяздзейнасці Сарва азнаёміўся з матэрыяламі, дасланымі па Старнеце Каланізацыйнай службай.
— Ён самы! — кіўнуў Шаверда. — Боксы ў нас герметычныя, так што Багушэўскага хапіліся толькі на наступны дзень, на планёрцы.
— Гэта значыць, што амаль суткі ніхто не пацікавіўся, чаму Багушэўскі не выходзіць з лабараторнага бокса?
— Віжкгаіл за працай мог і забыцца пра час. Спачатку Кайша спрабавала змагацца з парушэннем дысцыпліны, але пасля махнула рукой.
Читать дальше