Сяргей Белаяр
Марныя спадзяванні
Лятаючая талерка завісла над мястэчкам. Крыху памаячыўшы ў гарачым ліпеньскім паветры, мякка спланіравала. Выпусціла магутныя апоры, прызямлілася. Сонечныя блікі весела зайгралі па паверхні касмічнага апарата, кідаючы на твары выпадковых прахожых дзіўныя цені. А гараджане спяшаліся, мітусіліся на аўтобусных прыпынках, лаяліся, і нікому не было справы да іншапланецян, нібыта кожны дзень у мястэчку садзіліся зоркалёты.
Стоячы ля вялікага люстэрка, высокашаноўны Алгрр паправіў парадны мундзір, падміргнуў сваёй выяве, настройваючыся на мажорны лад. Усміхнуўся. Нарэшце ў космасе знойдзена населеная планета. I дзе?.. У самай глухмені Сусвету, куды нават патрульныя караблі заходзяць вельмі рэдка... Гэта было сапраўднай удачай, шансам, які выпадае раз у некалькі мільёнаў гадоў. Россып узнагарод ажыўлена зазвінеў, нібыта пацвярджаючы думкі прышэльца.
Паляпаўшы сябе па кішэнях — ці не забыўся на ўрачысты даклад — высокашаноўны Алгрр рашуча накіраваўся да трапа, цягнучы па металічнай абіўцы падлогі доўгі зялёны хвост. Касмічны падарожнік прайшоў па ярка асветленым калідоры. Спыніўся ля задраенага люка. Набраў код доступу. Брама адчынілася.
Паціраючы рукі ад задавальнення, пасланнік зорак павольна спусціўся па трапе. Глыбока ўдыхнуў, падставіў твар сонечным промням. Новая планета яму падабалася. Яна нагадвала Алргг. Toe ж неба, тыя ж дрэвы, нават паветра здавалася родным.
Іншапланецяніна перапаўняла эйфарыя. Кантакт... Як доўга расы Універсума чакалі сустрэчы з братамі па розуму. Колькі патрачана сіл і сродкаў... 3 часу апошняга кантакту з разумным істотамі прайшло больш за мільён гадоў, і зорная садружнасць ужо паспела забыць усю радасць пазнання новага. Ім усім трэба было ўскалыхнуцца. I свежая планета падыходзіла для гэтага як мага лепш. Падумаць толькі — да саюза касмічных рас далучыцца новая жыццёвая форма са сваёй сістэмай каштоўнасцей, арыгінальным светаразуменнем і назапашанымі ведамі...
Высокашаноўны Алгрр ледзь стрымаўся ад таго, каб не пусціцца ў скокі. Аднак своечасова авалодаў сабой. Новая, няхай нават і разумная, раса яшчэ не падстава ўпадаць у дзяцінства. Што ні кажы, а санавітаму чыноўніку не да твару скакаць, нібы балерына. Вярхоўны кіраўнік садружнасці наўрад ці ўхваліць падобнае...
На вялікае здзіўленне іншапланецяніна яго ніхто не сустракаў. Не было ні духавога аркестра, ні дэлегацыі афіцыйных асоб, ні натоўпу цікаўных, якія б гронкамі ўвешвалі ліхтарныя слупы і платы. Нікога...
«Дзіўна, — падумаў высокашаноўны Алгрр, нервова тузаючы кончык хваста. — Аналітыкі ж казалі, што новая раса гатовая да кантакту...» Іншапланецянін здзіўлена агледзеўся. Нейкія каменныя скрыні (няўжо ў іх можна жыць?) навальваліся з усіх бакоў, прыціскаючы сіметрычнымі прамавугольнікамі. Нудна цягнуліся вуліцы. Зрэдку праносіліся транспартныя сродкі, аднак кіроўцаў-робатаў высокашаноўны Алгрр разгледзець не змог. Прама пасярод вялізнай плошчы высіўся бронзавы ідал.
Прышэлец нават адкрыў рот ад здзіўлення. Бронзавы ёлупень, пакрыты разводамі птушынага памёту, здаваўся недарэчным. Калос у адной руцэ трымаў змяты кавалак матэрыі, а другой паказваў некуды ўдалечыню. Высокашаноўны Алгрр міжволі паглядзеў у пазначаным кірунку, але нічога, акрамя чарговай каменнай скрыні з металічнымі крыжамі, якія блішчалі на сонцы, выявіць так і не змог.
Пасланнік паціснуў плячыма. Аб густах не спрачаюцца. Калі першабытнікам падабаецца жыць у скрынях і любавацца на кавалак засмечанага гіпсу, гэта іх права. А ў высокашаноўнага Алгрра ёсць справы больш важныя.
Іншапланецянін змахнуў з мундзіра нябачныя парушынкі, а затым накіраваўся да безгустоўнага будынка, ля якога мітусіліся двое тубыльцаў. ВІННА-ГАРЭЛАЧНАЯ КРАМА.
Высокашаноўны Алгрр зверыўся з кішэнным аналізатарам, але прыбор упарта маўчаў. Сэнс дзіўнага словазлучэння быў яму невядомы.
Высокашаноўны Алгрр, падышоўшы да першабытнікаў ушчыльную, сказаў:
— Добры дзень, спадарства. Рады вітаць вас ад імя зорнай сістэмы Арглл. Я прыйшоў з мірам.
Пачатак быў урачыстым і велічным. Высокашаноўны Алгрр нават пакрыўся потам.
Аднак словы іншапланецяніна прывялі да нечаканага выніку. Адзін з абарыгенаў, які задраў да неба шкляны прыбор і назіраў за зоркамі (высокашаноўны Алгрр быў здзіўлены — як можна глядзець на зоркі днём?), раптам папярхнуўся, закашляўся. 3 рота тубыльца палілася брыдкая вадкасць, якая гідка смярдзела.
Читать дальше