— Рана ці позна падмена ўсё роўна б адкрылася! Такое немагчыма захаваць пад сакрэтам!
— Чаму ж, Кірстаўт?.. Ты ж сам сцвярджаў, што навуковага інтарэсу артэфакт не ўяўляе. Ніхто не возьмецца вывучаць металічную даўбешку, а лепшага сховішча, чым музейны фонд, адшукаць нельга!
— Але прафесар Екель...
— Екель даведаўся пра артэфакт усё, што яго цікавіла. Навошта прафесару праводзіць паўторныя аналізы? У выпадку неабходнасці ён заўсёды мог бы звярнуцца да вучня, якому давяраў больш, чым самому сабе... Выбух гіперпрывода зблытаў табе ўсе планы, Кірстаўт, і таму давялося імправізаваць: ты выклікаў мяне для таго, каб я зрабіў афіцыйную выснову аб сапраўднасці «Молата Тора». За адсутнасцю прафесара Екеля гэта зняло б усе пытанні. Аднак... Der Teufel steckt im Detail!.. Адкуль табе было ведаць пра паходжанне сплаву? Екель даверыў гэтую інфармацыю толькі свайму нататніку, паколькі не быў упэўнены ў правільнасці работы палявога абсталявання.
— Ратаўт, ты вінаваціш мяне ў падмене? — вочы Немера зрабіліся круглымі.
— Не толькі ў падмене прадмета, які мае гістарычную каштоўнасць, але і ў продажы яго прыватнаму калекцыянеру. Калі моцна захацець, зусім няцяжка аднавіць лакатар URL... Толькі не кажы, што ты проста цікавіўся прадметамі мастацтва, якія выстаўляюцца на закрытых сусветных аўкцыёнах, Кірстаўт!
— Менавіта так!
— Аб'ём адпраўленай інфармацыі большы за той, што павінен быць пры звычайным пошуку. Ты загружаў на сайт фатаграфіі артэфакта!.. На сваю бяду, прафесар Екель падзяліўся з табой чарцяжамі і данымі пра склад сплаву. Ты вырабіў дакладную копію артэфакта і з дапамогай саўдзельніка са складу археалагічнай экспедыцыі падмяніў ёю арыгінал, які разам з іншым бартавым смеццем быў выкінуты пры старце «Марка Тэрэнцыя Варона» з арбіты Нептуна. Дыспетчарская служба зафіксавала пазапланавае скіданне і змяненне ў рабоце аднаго з экіпажаў службы ўтылізацыі... У граберы знаходзіўся твой чалавек, Кірстаўт?
— Я нават не буду каментаваць усё гэтае трызненне, Ратаўт! — фыркнуў Немер. — Нясмешна!
— І не думаў жартаваць, Кірстаўт! За выкраданне артэфакта цябе чакае вялікі тэрмін. З канфіскацыяй. Без права на амністыю. А арбітальныя турмы Хаўмеі — не самае лепшае месца ў Сонечнай сістэме! Але калі ты пагодзішся супрацоўнічаць са следствам...
Павісла доўгая паўза — інспектар даў галоўнаму захавальніку магчымасць усвядоміць сказанае. І зрабіць правільны выбар.
— Я не ў стане вярнуць «Молат Тора»!..
— Гэтым зоймемся мы, Кірстаўт! Ты проста расказвай!
МАЯК
Даныя, атрыманыя дзякуючы растраваму электроннаму мікраскопу, дазволілі Ратаўту Сарву прыйсці да адназначнага заключэння, што смерць астрафізіка Люторга Артамянкова няшчасным выпадкам лічыцца не можа, паколькі структура металу, з якога быў выраблены карабін страховачнага фала, была зменена на субмалекулярным узроўні.
— А апаратура для гэтага мелася ў распараджэнні толькі аднаго чалавека — Драгіі Радзевіч.
Інжынер-металазнаўца выклікала ў інспектара інстынктыўную антыпатыю, як толькі Сарва ступіў на борт міжнароднай касмічнай станцыі «П'ер Шарль ле Маньер». Занадта моцна Радзевіч падкрэслівала сваю харызматычнасць, праз што пакутавалі астатнія члены экіпажа.
— Цяпер засталося высветліць, што ёй рухала, — у любым расследаванні выяўленне матываў злачынцы з'яўлялася адной з самых складаных задач. Гатовы папрацаваць з сабранымі матэрыяламі, Сарва ўзброіўся стылом, аднак скончыць справу інспектару не далі: у дзверы пагрукалі.
— Спадар Сарва, начальнік станцыі просіць вас як мага хутчэй прайсці на мосцік, — на адным дыханні выпаліў бортінжынер Грытаўт Усеня, памочнік Вітаўта Ярэмы.
— Нешта здарылася?
— Радыёграма з Зямлі.
— Іду! — ніколькі не сумняваючыся ў тым, што паступіла новае распараджэнне ад камісара Айнбунда, інспектар сунуў свой камп'ютар у чахол на сцягне, замкнуў дзверы каюты і накіраваўся ў цэнтральны адсек.
Сарва меў рацыю.
— Вам загадана адправіцца ў трынаццатую кропку Лагранжа, на «Leidarstjarna». Гэта маяк паміж Уранам і Нептунам, які служыць арыенцірам для караблёў, якія вывучаюць транснептунавыя аб'екты, — начальнік станцыі працягнуў інспектару радыёграму. — Ад вас патрабуюць высветліць прычыну збою ў рабоце маяка.
Сарва прабег па тэксце вачыма. «Пуцяводная зорка» спыніла карэктную працу тры гадзіны таму. Нягледзячы на спраўнасць радыёперадатчыка, звязацца з маяком так і не ўдалося.
Читать дальше