— Абсталяванне для сістэмнага аналізу ў музеі ёсць?
— Ва ўніверсітэцкіх лабараторыях маецца ўсё неабходнае. Цяпер — канікулы, так што перашкаджаць ніхто не будзе... Ты мне вельмі дапаможаш, Ратаўт! — Немер адчуў палёгку.
Інспектар акуратна выцягнуў «Молат Тора» і пачаў разглядаць яго з дапамогай вялікай лупы.
— Тонкая работа! Якасць выканання кажа пра тое, што артэфакт відавочна выраблены прамысловым спосабам... Вось і сляды ад формы! Агульны стан «Молата Тора» сведчыць пра тое, што ён на працягу доўгага часу знаходзіўся ва ўмовах агрэсіўнага асяроддзя, а затым быў пахаваны пад тоўстым слоем грунту.
— Артэфакт знайшлі выпадкова — адна са сцен шурфа абвалілася пасля таго, як непадалёк ад раскопак праехаў шматтонны ўсюдыход. «Молат Тора» быў пахаваны на глыбіні васьмі метраў.
— Значыцца, артэфакту больш за тысячу гадоў?.. Не такі ўжо ён і старажытны!
— Насамрэч нашмат старэйшы: прафесар Екель ацаніў яго ўзрост у тры мільёны гадоў!
— І за гэты час артэфакт не згубіў сваёй формы? Адна толькі эрозія, выкліканая надзвычай дынамічнай сістэмай штормаў, павінна была ператварыць «Молат Тора» ў пыл.
— Кансервацыі спрыяла высокая доля лёду на паверхні Нептуна. Нездарма ж планету адносяць да асобнай катэгорыі «ледзяных гігантаў».
Сарва працягваў агляд да таго часу, пакуль не прыйшло паведамленне ад Айнбунда.
— Дазвол атрыманы!.. Вядзі ў лабараторыю!
Па дарозе Немер пабываў у рэктараце, дзе заручыўся пісьмовай згодай рэктара.
Лабараторыя была абстаўленая самай сучаснай тэхнікай: мецэнаты і прыватныя карпарацыі грошай на навуку не шкадавалі. Галоўны захавальнік адвёў інспектара ў кабінет загадчыка.
— Знаёмцеся, спадары! Піктурн Галанец! Ратаўт Сарва!.. Інспектару неабходна скарыстацца вашым абсталяваннем, Піктурн Вішутавіч! Вось дакумент!
Галанец прабег па тэксце вачыма, пасля чаго зрабіў запрашальны жэст.
— Вымушаны цябе пакінуць, Ратаўт!
Інспектар узяўся за справу грунтоўна: радыевугляродны аналіз, абсарбцыйная спектраскапія, тэрмагравіметрыя. Немера чакала расчараванне: Сарва не знайшоў нічога, што пацвярджала б версію галоўнага захавальніка.
Каб пераканацца ў тым, што нічога не прапусціў, інспектар звязаўся з паліцэйскім участкам, супрацоўнікі якога праводзілі расследаванне абставін гібелі «Марка Тэрэнцыя Варона», і запытаў матэрыялы справы.
— Выходзіць, я дарэмна хваляваўся? — на твары Немера з'явілася палёгка. Аповед Сарвы дазволіў яму нарэшце расслабіцца.
— Мне здаецца, што справа тут зусім не ў артэфакце, а ў хранічнай стомленасці разам з горыччу страты калегі і сябра, Кірстаўт! Падсвядома ты не хочаш змірыцца з новай рэальнасцю.
— Напэўна, ты маеш рацыю, Ратаўт!.. Прабач, што патурбаваў!
— Прашу прабачэння! — інспектар дакрануўся да піктаграмы прыёму выкліку. — Сарва слухае!.. Так, вядома, дасылайце!.. Адбылася памылка пры перадачы аднаго з файлаў, Кірстаўт! Дзе тут камп'ютар з выхадам у Старнет?
Галоўны захавальнік паказаў інспектару тэрмінал, а сам зноў пайшоў — працы Немеру хапала.
Файл аказаўся невялікім і змяшчаў у сабе лічбавыя копіі рэдкіх ацалелых лістоў з нататніка прафесара Екеля. Сінтэтычная папера дэфармавалася, таму ў тэксце мелася мноства лакун.
Сарва ў думках падзякаваў рэктару паліцэйскай акадэміі, у якой вучыўся, за тое, што той увёў у праграму навучання курс палеаграфіі. Дарэчы прыйшліся і веды судовага почырказнаўства.
Праз паўтары гадзіны інспектар памяняў сваё меркаванне. Каб выключыць памылку, Сарва зноў адкрыў файлы з матэрыяламі расследавання. Даных аказалася недастаткова, і інспектару давялося адпраўляць запыт у дыспетчарскую службу сектара, у зону адказнасці якой уваходзіў Нептун.
Адказ прыйшоў праз дзевяць гадзін.
— Усё сыходзіцца! — Сарва звязаўся з Немерам. — Ты маеш рацыю, Кірстаўт! «Молат Тора» — сапраўды фальшыўка!
— Бягу! — не прайшло і хвіліны, як галоўны захавальнік паўстаў перад інспектарам. — Расказвай!
— Сплаў іншапланетнага паходжання. Складаецца з нікелю, графену, карбіду вальфраму, хрому, кобальту і монакрышталічнага сапфіру з дамешкам палімерных матрыц. Ён атрымаў назву «Молат Тора», быў знойдзены на Нептуне, хоць насамрэч яго адлілі на Сатурне!
Немер асалапеў. Здольнасць гаварыць вярнулася да яго толькі праз некаторы час.
— З чаго гэта ты вырашыў?
— Прааналізаваўшы склад сплаву, я прыйшоў да высновы, што яго адлівалі пры сіле цяжару, роўнай адной цэлай трынаццаці сотым, у той час як сіла цяжару на Нептуне складае адну цэлую чатырнаццаць сотых. Прафесар Екель і члены археалагічнай экспедыцыі ведалі гэта, а вось той, хто падмяніў «Молат Тора», — не!
Читать дальше