— «Арыстарх Самоскі» прыбудзе праз шэсць гадзін... Які ваш канчатковы вердыкт, спадар Сарва?
— Забойства, інсцэніраванае пад няшчасны выпадак.
Ярэма нахмурыўся і некалькі імгненняў моўчкі глядзеў на Сарву, нібы спадзяваючыся на тое, што інспектар жартуе. Начальніку станцыі адказ Сарвы спадабацца не мог.
— І хто ж забойца?
— Тайна следства, спадар Ярэма. Да майго вяртання я папрашу вас нікога з экіпажа са станцыі не адпускаць. Ні ў якім разе!
Іншых пытанняў начальнік «П'ера Шарля ле Маньера» задаваць не стаў.
Інспектар вярнуўся да сябе і сабраў рэчы. Бесперабойная праца маяка гарантавала правільнасць курсаў падчас апускання ў гіперпрастору. Нават самая маленькая памылка ў разліках магла скончыцца катастрофай.
Грузавое судна, якое вымушана змяніла курс, прыбыла са спазненнем на дзве гадзіны: навігатар вывеў «Арыстарха Самоскага» занадта далёка ад МКС. Інспектар перайшоў на борт, і карабель зноў задзейнічаў гіперпрывод.
Не жадаючы губляць часу, Сарва скарыстаўся пошукавай сістэмай Старнету, каб сабраць інфармацыю пра «Пуцяводную зорку», а таксама скончыць папярэднюю справу. Схіліўшыся над камп'ютарам, інспектар пачаў перабіраць версіі:
— Асабістая непрыязнасць?.. Падстаў для таго, каб лічыць гэта матывам злачынства, няма. Радзевіч ставілася да калег аднолькава карэктна. Сутычак з Артамянковым у яе не было... Помста? У асабістай справе інжынера-металазнаўцы адсутнічалі запісы пра тое, што Радзевіч і Артамянкоў калі-небудзь перасякаліся ў мінулым. Не мелі кантактаў і іх сваякі. Спроба падседзець?.. Мела б сэнс, калі б астрафізік з'яўляўся яе начальнікам...
Супрацьперагрузачны кокан дазваляў нівеліраваць усе наступствы апускання ў гіперпрастору.
— Канкурэнцыя?.. Сферы інтарэсаў абодвух не перасякаліся... Радзевіч не прымала ўдзелу ў дзейнасці экстрэмісцкіх груповак... Не прытрымлівалася радыкальных поглядаў... Псіхічны стан стабільны. Траўмаў, здольных парушыць работу мозгу, не атрымлівала. Рэўнасць?.. Калі дапусціць тое, што інжынер-металазнаўца была закаханая ў астрафізіка, навошта ёй забіваць яго? Неўзаемнае каханне? — некалькі імгненняў Сарва задуменна пакусваў кончык стыла, пасля чаго зрабіў памету ў сваім камп'ютары: па вяртанні на станцыю надаць больш увагі адносінам паміж Радзевіч і Артамянковым. — І ці няма тут саперніцы?
Заспеўшы аб'ект кахання ў ложку з іншай жанчынай, Радзевіч магла асмеліцца на забойства. Пасля нядоўгага роздуму інспектар прыйшоў да высновы, што інжынер-металазнаўца не стала б спакушаць лёс. Занадта вялікая рызыка. Што яшчэ?
Сарва задумаўся над адноўленай на падставе паказанняў сведак і даследаванняў месца злачынства карцінай. Задача астрафізіка была простай — руцінная праверка сканера спектральнага аналізу, нацэленага на Бетэльгейзе. Артамянкоў прышпіліўся з дапамогай страховачнага троса і паплыў да прыбора, устаноўленага на апоры, вышыня якой складала трыццаць пяць метраў. Пасля дзвюх трацін адлегласці карабін фала не вытрымаў нагрузкі, і астрафізіка пачало выносіць у адкрыты космас. Сітуацыя ўскладнялася тым, што Артамянкоў у паніцы зблытаў кнопкі рэактыўнага ранца, чаму атрымаў дадатковае паскарэнне. Манеўраныя рэактыўныя рухавікі МКС на амаль трохсотметровы спуск з арбіты разлічаны не былі, і, апусціўшыся, «П'ер Шарль ле Маньер» ніколі б больш ужо не падняўся. У начальніка станцыі не мелася іншага выйсця, як адмовіцца ад небяспечнага манеўру.
Ахвяраваць адным дзеля сотні іншых... Космас дыктаваў свае правілы этыкі. Амаль заўсёды з дзвюх бед даводзілася выбіраць меншую. Інспектар прызнаў дзеянні Ярэмы правамернымі. Хоць наўрад ці забарона выхаду са станцыі добраахвотнікаў-ратавальнікаў сведчыць на яго карысць...
Далей за сто пяцьдзясят метраў ні страховачныя тросы, ні ранцы не працавалі. Самы блізкі да «П'ера Шарля ле Маньера» касмічны карабель прыйсці на дапамогу не паспяваў, а акрамя даследчых зондаў іншых спускальных апаратаў на станцыі не мелася.
Ход думак Сарвы парушыў сінтэзаваны жаночы голас:
— Выхад з гіперпрасторы праз трыццаць хвілін.
Інспектар схаваў камп'ютар і падабраўся. «Арыстарх Самоскі» перасек нябачную мяжу: спыніліся вібрацыі корпуса і ўключыліся насавыя тармазныя рухавікі.
Грузавое судна выйшла з гіперпрасторы за дваццаць тысяч кіламетраў ад «Пуцяводнай зоркі». Шарападобная форма дазваляла маяку заставацца нерухомым адносна Урана і Нептуна. Пілот на мінімальнай хуткасці павёў да маяка грузавое судна: даў магчымасць уволю ім налюбавацца.
Читать дальше