Пераборкі былі тоўстымі, і выкарыстоўваць цеплавізар не мела сэнсу. Сілы прыцягнення адсутнічалі, і таму ранцы сістэмы жыццезабеспячэння не важылі амаль нічога. Значна спрашчаўся і пошук доказаў. Важна было толькі ўважліва сачыць за тым, што плавала перад вачыма.
У наступным адсеку, адкрываць які таксама давялося ўручную, размяшчаўся галоўны размеркавальны шчыт. Нягледзячы на тое, што апаратура была спраўнай, аднавіць падачу электрычнасці не атрымалася: індыкатар напружання паказваў нуль.
— Не разумею, — нахмурыўся Кайна. — Нават пры спыненым рэактары ток у ланцугу прысутнічаць павінен: ёсць жа яшчэ аварыйныя акумулятарныя батарэі!
Шлях да рубкі кіравання пралягаў міма лабараторных боксаў. Яны ўсе да аднаго аказаліся пустымі. Унутры панаваў хаос, што не давала зрабіць адназначную выснову пра тое, ці здарылася на борце нешта экстраардынарнае. У кают-кампаніі пошукавая каманда таксама нікога не выявіла. Не наканавана было спраўдзіцца і надзеям заспець каго-небудзь з членаў экіпажа ў рубцы кіравання.
— Ні жывых, ні мёртвых!.. Усё гэта вельмі дзіўна! — сяржант перахрысціўся. Сарва вырашыў не каментаваць словы Кайны: у практыцы інспектара не было ніводнага выпадку сустрэчы са звышнатуральным.
— Куды цяпер, спадар інспектар?
— Праверым жылыя блокі і тэхнічныя модулі. Калі і там нікога — рэактарны адсек і грузавыя модулі. Дваццаць дзевяць членаў экіпажа не маглі знікнуць бясследна!
Лейтэнант аддаў новы загад:
— Сяржант, перадайце газааналізатар і займіцеся бартавым журналам!.. Каманда — наперад!
Салдаты перавярнулі жылыя блокі дагары нагамі і ўсё адно нікога не адшукалі. Ва ўсіх тэхнічных модулях было пуста. Дубль-скафандры таксама аказаліся на месцы.
Да рэактарнага адсека набліжаліся з асцярогай, аднак ні перад сцяной, ні ў самім адсеку стрэлка лічыльніка Гейгера-Мюлера не ссунулася ні на міліметр. Фон не быў павышаны і побач з ядзерным рэактарам.
Ніводзін з кантрольных прыбораў не працаваў, і Сарву з Ішорам давялося залазіць на рэактар і абследаваць яго візуальна. Усё аказалася некранутым, а вось паліўных стрыжняў бракавала.
— Як яны іх выцягнулі? — здзівіўся лейтэнант. — Калі контур замкнёны, падобная аперацыя немагчымая фізічна!
Здзіўленне інспектара было не меншым. Спускацца ўнутр ён не стаў, а зрабіў некалькі фотаздымкаў з розных ракурсаў, пакінуўшы права разбірацца з загадкай спецыялістам.
— Спадар лейтэнант? — дзякуючы таму, што перагаворныя прылады скафандраў былі настроеныя на адзін канал, Сарва меў магчымасць чуць перамовы і іншых членаў каманды.
— Што ў вас, Кайна?.. Разабраліся з бартавым журналам?
— На ніводным з трох носьбітаў даных нічога няма! — у голасе сяржанта чулася разгубленасць. — Ні біта інфармацыі!..
Словы сяржанта прымусілі інспектара напружыцца: нават у выніку самых жудасных аварый, якія цягнулі за сабой разбурэнне носьбіта на дзевяноста дзевяць працэнтаў, нейкая інфармацыя на ім усё адно заставалася.
— Стан экранавання? — дастаткова было афіцэру кіўнуць у бок акумулятарных батарэй, як памежнікі ўзяліся за іх агляд.
— Цэласнасць абодвух слаёў не парушаная, спадар лейтэнант! Ніякага вонкавага выпраменьвання...
— Яны не маглі падаць каманду на знішчэнне даных?
Замест Кайны адказаў Ішора:
— Які ў гэтым сэнс?.. Судна — грамадзянскае, экіпаж — міжнародны. Ніякіх сакрэтаў!.. Хіба што масавае вар'яцтва!
— Мне б хоць дзесяць мегабайт інфармацыі для аналізу рэестра! — сяржант цяжка ўздыхнуў. Разгубленасць змянілася бездапаможнасцю.
— Вяртайцеся да каманды, сяржант!
— Слухаюся! — млява адгукнуўся Кайна.
— Акумулятарныя батарэі цалкам разраджаныя, запасных паліўных стрыжняў няма! — паведаміў адзін з салдат.
— І што цяпер загадаеце думаць, спадар інспектар? Каб адкрыць сховішча, трэба сінхронна павярнуць тры ключы. Вар'ятам такое не па сіле.
— Давайце скончым пошук людзей!
Нягледзячы на тое, што шукалі зусім не іголку ў стозе сена, агляд зацягнуўся: «Эрнст Юліус Эпік» адрозніваўся каласальнымі памерамі. З кожным правераным адсекам і модулем надзея знайсці членаў экіпажа раставала. Затое расло здзіўленне: куды маглі падзецца навукоўцы?
— Аварыйна-выратавальныя модулі ў боксах, ніводзін са скафандраў не крануты, люкі шлюзавых камер задраены знутры... Не разумею!
У адрозненні ад лейтэнанта, інспектар не спяшаўся дзяліцца сваімі меркаваннямі — да таго часу, пакуль не будуць адпрацаваны ўсе версіі, нават самыя дзівацкія. Служба ў паліцыі прывучыла рабіць высновы выключна на падставе фактаў.
Читать дальше