Між тым, выступоўца выцер твар насоўкай і з хвіліну моўчкі ўглядваўся ў людзей, якія слухалі яго.
“Цяпер, — сказаў праз паўзу пастар Себасцьян, — вы пабачыце роспіс на сценах гэтага Храма, які зрабіў наш сябра, мастак Юліус. Няхай вас не засмуціць і не азмрочыць змест карцін, якія выявіў праз свой талент творца, бо жыццё, як вядома, кароткае, а толькі мастацтва вечнае, хоць бы таму, што зразумець яго дадзена не кожнаму”.
Адразу пасля гэтай невялікай абвесткі, Юліус Гармата, за якім моўчкі сачылі дзесяткі пар вачэй, пацягнуў за шпагат і ўсё рыззё, якім былі занавешаныя сцены, спаўзло ўніз. У аголеныя вокны хлынула святло і перад маімі вачыма паўстала намаляванае мастаком.
Шум хваляй прашамацеў над натоўпам і разам сціх.
Тут, хоць і далёкі ад выяўленчага мастацтва, я павінен дасканала і аб’ектыўна апісаць тое, што ўбачыў і над чым доўгі час упарта і самааддана працаваў Юліус Гармата, і ўражанне, якое ён зрабіў на мяне і ўсіх прысутных выкананай ім працай.
Пасля некалькіх хвілін беглага агляду, першая думка, якая прыйшла мне ў галаву (дарэчы, яна неўзабаве спраўдзілася), што творчая ідэя Юліуса Гарматы, пакідаючая незабыўнае ўражанне, а пасля працяглага азнаямлення маючая выклікаць самыя розныя пачуцці, уступае не толькі ва ўскосную, а і ў прамую канфрантацыю з усімі існуючымі цяпер ідэалагічнымі ўстаноўкамі ўладаў і, пэўна, выкліча з іх боку неадэкватную рэакцыю ў адказ, бо ў мастацкай форме спрэс выракаецца пастулату аб блізкай бессмяротнасці.
На столі ангара творца змясціў, як я зразумеў, выяву смерці.
Ён выканаў гэта ў выглядзе бяспо-лай істоты ў чырвоным, а не ў традыцыйным чорным колеры, абмінуўшы ўсе ранейшыя мастацкія тлумачэнні гэтай постаці. Падобная на старэючага трансвестыта, яна не выклікала страху альбо пачуцця агрэсіі з яе боку, а, наадварот, усяляла жаданне цікаўнасці і спакойнага назірання, як я бачыў такое ў адной забытай старажытнай кінастужцы мінулага стагоддзя, дзе смерць гуляла ў шахматы з рыцарам на жыццё. Зараз жа яна была ў атачэнні павукоў, якія процістаялі процьмам мух, што адразу выклікала ў мяне адпаведную рэакцыю. Мухі былі пад яе нагамі, у паветры, поўзалі за спінай, адкладвалі яйкі і размнажаліся, нягледзячы на тое, што былі атакаваны павукамі, якія, тым не менш, не маглі даць ім рады.
На сцяне сярэдняга яруса ў простым вырашэнні ў манеры, так бы мовіць, адвольнага прымітывізму, была размешчана масавая сцэна ў пейзажы, прастора якога вызначалася заніжанай перспектыўнасцю — вочы прыцягваў пярэдні план. Панарама выяўляла неба з чор-ным дыскам сонца і зямлю, паўсціланую мухамі і іх лічынкамі. У гэтым пейзажы, нібы раздзя-ляючы яго напалам, рухаліся па крузе на карачках малпападобныя істоты, зацугленыя лейцамі, за якія заднія трымалі пярэдніх. У тварах некаторых з іх мне падалося быццам нешта знаёмае, пакуль я не пазнаў дзяржаўных функцыянераў, а таксама поп-зорак і так званых свецкіх ільвоў і львіц.
У гэтым жа ярусе кідаліся ў вочы выяўленыя мастаком тры сцэны забойстваў жывёл. Як я ведаў са старажытных тэкстаў, кіт быў адзінай жывёлай, якая не пажадала, і якую Ной не ўзяў у свой каўчэг. Кіт лічыўся ўнікальнейшай істотай на планеце, і тая істота, дарэчы, перастала існаваць к сярэдзіне дваццаць першага стагоддзя. Кіт — не рыба, а млекакормячае. Мастак намаляваў яго ў стане агоніі, з перакуленым падбрушшам, з якога тырчаць гарпуны і дзіды. Забойцы кіта, якія атачылі яго з усіх бакоў на сваіх чаўнах, таксама малпападобныя, з тварамі вычварэнцаў, знаходзіліся ў стане эйфарыі ад атрыманай імі перамогі.
Я асцярожна рухаўся ўздоўж сцен, разглядаючы далей тое, што выявіў мастак. Мойра ішла по-бач, трымаючы мяне за руку. Між тым, чарговая сцэна на сцяне сярэдняга яруса ўяўляла забой-ства зубра. Некалькі малпападобных, апранутых у вайсковую форму і са стогадовай даўніны аўтаматамі ў руках стралялі ў вялізнага звера. Зубр, пярэднія ногі якога падламіліся, укленчыў перад імі, сцякаючы крывёю. Роспіс сярэдняга яруса заканчваўся сцэнай забойства вялізнай птушкі. Наўрад ці Юліус Гармата намаляваў экзэмпляр, які сапраўды калі-небудзь існаваў у прыродзе. Хутчэй за ўсё гэта быў вобраз птушкі: нешта падобнае я бачыў на рэпрадукцыях з карцін старажытнага прымітывіста Анры Русо, якія каляровымі ўкладышамі змяшчаліся ў адной з кніг па гісторыі жывапісу — тую кнігу я раней выкупіў у зборшчыкаў смецця. Бела-чырвоную птушку, якая трапіла ў сіло, трымалі за крылы двое, зноў жа малпападобных гуманоідаў, трэці — пракусваў ёй чэрап вострымі, штучна заточанымі зубамі.
Читать дальше