Я ўключыў рухавік і паехаў у бок жытла свайго новага сябра. Па дарозе я ўвесь час думаў пра Мойру, пра тое, як яна пераносіць смерць тых, да каго паспела прывыкнуць, — Платона і вось цяпер Барбі. Безумоўна, яна мужная жанчына, але іншым разам здараецца так, што ў чалавека быццам ірвецца нябачная ніць ягонага жыцця і ў непадыходзячы для гэтага момант, пасля чаго ён робіць самыя неабдуманыя ўчынкі. І хоць Касіус паабяцаў на словах тры дні адтэрміноўкі, каб атрымаць ад мяне выкуп, рэальная пагроза для жанчыны існавала і вырастала з кожнай хвілінай. Варта хутчэй, думаў я, правесці эксгумацыю, забраць Мойру і — прэч адсюль. Вось толькі цікава, дзе зараз знаходзяцца пастар Себасцьян, Юліус Гармата і яго вучань. Можа, іх можна вызваліць, калі яны яшчэ не скіраваныя ў Мегаполіс? А можа, іх выпусцяць? Ва ўсялякім разе — з мяне досыць.
Маркус сустрэў мяне на падворку. Ён меў змрочны выгляд і адразу запрасіў мяне ў пакой, спытаўшы толькі, ці я не галодны.
Я адказаў яму, што цяпер маю грошы і магу дазволіць сабе нават натуральную ежу: смажанага труса, напрыклад, ці бохан жытняга хлеба з лустай сала, але прыехаў да яго не есці, а параіцца, што рабіць.
“З чаго вы так “падняліся”, Берташ? — спытаў ён з іроняй. — Вы ж быццам яшчэ не злавілі ўпыра?” “А вы, я бачу, не верыце ў яго існаванне”.
“Пра гэта потым. Як я казаў вам раней, вайна пачалася. Нашы камрады, пра што вы, пэўна, ве-даеце, арыштаваныя мясцовымі службамі і знаходзяцца пакуль яшчэ тут, у Эдэме, у спецізалятары.
Мой інфарматар паведамляе, што гэта часова і іх, хутчэй за ўсё, неўзабаве дэ-партуюць у горад. Гэта — адно. Другое ў тым, што я не хачу канфрантацыі з дэфармантамі, і вам варта, калі вы нечакана ўзбагацелі, як я вам раней раіў, аддаць Касіусу выкуп за таго апантанага, якога вы разам з Андрушам завалілі на звалцы.
“Я адмовіўся. Яны забілі майго сабаку, і я сказаў Касіусу, што выкупу не будзе”.
“І як ён рэагаваў?” “Даў трое сутак на роздум”.
“Неверагодна. Чым вы яго так кранулі?” “Мяркую, адчуў, што я такі ж амаральны, як і ён”.
“Калі ён даведаецца, хто “выканаў” Ёхана Цынка і разам з ім яго сваяка, то будзе не да маральнасці: у вас і ва ўсіх нас пачнуцца яшчэ большыя праблемы”.
“З’еду адсюль. Як толькі здабуду доказ”.
“Вы яшчэ спадзеяцеся на сапраўдны Эдэм?” “Я хачу душэўнага спакою, Маркус”.
“Але ў нас небагата людзей. А вы яшчэ і забярэце Мойру”.
“Мяркую, што так, і яна паедзе разам са мной”.
Маркус задумаўся на хвіліну, а потым кіўнуў, згаджаючыся.
“Я не магу вас затрымліваць, Берташ. Вы даказалі сваю рашучасць і вартасць, але вольныя ў выбары. У нас знойдзецца, чым і як адказаць на гвалт.” “Думаеце, усё так складана? Я чуў казань пастара і бачыў роспіс. Наўрад ці ўлады ад гэтага пахіснуцца. А раптам вязняў увогуле выпусцяць?” “Не. І вы, Берташ, у душы ведаеце, што такое малаверагодна. Іх справа на стале ў палкоўніка Скута. Цэнзара нават узнагародзілі”.
“Адкуль вам такое вядома?” “Мой інфарматар паведамляе, што зняволеных павязуць у
Мегаполіс праз суткі — паслязаўтра. Іх прызналі небяспечнымі злачынцамі і ворагамі сістэмы. Усіх пасля допытаў чакае лагер.
Разам з імі адправяць затрыманага раней навукоўцу Публія Роса, які даследаваў разам з вамі падзеі ў дваццаць першым бараку.” “А вы асабіста, што думаеце пра казань пастара Себасцьяна?” “Мяркую, што гэта бунт супраць цяперашняй сістэмы. Яна такога не даруе.” “А ў іншым сэнсе?”
Маркус задумаўся на некалькі секунд.
“Калі вышэйшы Розум і існуе, — сказаў ён, — то гэта настолькі па-за нашым разуменнем, што нават імкненне да імкнення, каб неяк вытлумачыць яго задачы і дзеянні, пазбаўлена любога сэнсу.” “Што ж, — сказаў я, — вернемся да нашай рэальнасці.” “Яна ўскладняецца.” “І што вы прапануеце?” “Перастрэць аўтазак на дарозе”.
Я нейкі час маўчаў, абдумваючы словы Маркуса, а потым сказаў: “Рашэнне цалкам лагічнае, але ёсць сумнеў”.
“Мы, у выпадку ўдачы, адразу пераправім іх далёка за межы паселішча і забяспечым новымі дакументамі”.
“На ваш след выйдуць “гракі” Скута. Вы, не сумняваюся, даўно пад каўпаком. Мойра кажа, што знікненне Платона спарадзіла мноства чутак у мясцовых, а значыць, дайшло да Цэнзара”.
“Яны самі хістаюцца. Паўсюль абсурд, Берташ. Калі вы мусіце скончыць з “п’яўкай”?” “Магчыма, сёння, бліжэй к ночы”.
“З’едзеце адразу?” “Я баюся за Мойру”.
“Я дам вам нашага чалавека ў дапамогу”.
“Не трэба, — адмовіўся я. — Доктар Арвід заменіць пастара
Читать дальше