Непрацяглы час ён вывучаў мяне нібы ў нерашучасці, думаў, а потым загадаў службоўцам, каб выйшлі з кабінета, расплыўшыся пасля іх сыходу ў няшчырай усмешцы.
“Ведаю, — сказаў мне гэты нафарбаваны пляшак, — чаму вас сюды прыслалі. Я адразу здагадаўся. Вам варта было спачатку зайсці да мяне, і мы б усё ўзгаднілі. — Канешне, — працягваў ён, — я павінен падпарадкоўвацца загадам з Мегаполіса і абавязаны выканаць іх, узгадніўшы з палкоўнікам Скутам, — што і зраблю з асабістым задавальненнем. Толькі вось навошта такая канспірацыя?..”
Тут я хацеў перапыніць яго і сказаць, што ён памыляецца, прыняўшы мяне за нейкага таямнічага візіцёра са сталіцы, але чамусьці абачліва прамаўчаў.
“Мы зараз жа вызначым патрэбную пляцоўку і прыступім да працоўных захадаў. Так. Вы можаце аб’ездзіць усё, агледзець і вырашыць непасрэдна на месцы, — ён выцягнуў з шуфляды пад сталом мапу і расклаў, — вось тут, прыкладам, ці вось тут”, — ён тыцнуў у паперу пальцам, унізаным безгустоўным залатым пярсцёнкам.
Я зноў хацеў спытаць, што ён мае на ўвазе і што трэба вырашаць, але ён мяне перапыніў.
“Пра часовую рэгістрацыю можаце не думаць — вось вам чысты бланк, самі запоўніце яго. Не гэта зараз важнае. Як толькі вы скончыце вышукі, дадзіце мне знаць, і мы адразу выклікаем з Мегаполіса каманду спецназа. У яе складзе скрозь адны жанчыны-дэфарманты, а яны, самі ве-даеце, не цырымоняцца і адразу пачнуць дзейнічаць”.
Я забраў бланк з дазволам і выйшаў ад чыноўніка ў непаразуменні. У калідоры зноў было пуста і мяне ніхто не спыняў.
Каманду спецназа? Але навошта? Што яны задумалі рабіць у паселішчы з дапамогай узброеных жанчын-сілавікоў, якія, як я ведаў, не спыняюцца перад самым жорсткім гвалтам.
Памылкова я завярнуў у супрацьлеглы бок калідора і неўзабаве апынуўся у цёмным яго канцы перад масіўнымі, абітымі бляхай дзвярыма, якія аказаліся зачыненымі. Я павярнуў назад, але спыніўся, бо з-за дзвярэй быццам пачуліся слабыя прыглушаныя стогны. Раптам я ўбачыў на блясе чырвона-карычневыя плямы. Такія ж самыя былі і на сценах, там-сям размазаныя — быццам некага цягнулі тут поцягам, а ён чапляўся за сцены і драпаў іх рукамі. Кроў — адразу вызначыў я, і толькі цяпер успомніў папярэджанне Мойры аб тым, што ў муніцыпалітэце раз-пораз знікаюць асобныя прасіцелі ці рэдкія шукальнікі справядлівасці, альбо якія іншыя наіўныя скаржнікі, і тут варта быць асабліва насцярожы. Шолах за спінай прымусіў мяне імкліва абярнуцца. Двое беласкурых ва ўсім белым — белыя кашулі і белыя нагавіцы — моўчкі ўтаропіліся ў мой твар. Абодва былі даволі высокія, дзесьці каля ставасьмідзесяці пяці сантыметраў, з бясколернымі рэдкімі валасамі, адзін амаль зусім лысы. Негледзячы на тое, што ён глядзеў на мяне праз акуляры ў тонкай пазалачонай аправе, яго выдавалі вочы вар’ята. Чамусьці менавіта гэта было маёй першай думкай. Другі цэпка змераў мяне позіркам чалавека, які не звыклы да супраціву. У знешнасці яго было нешта агіднае: белая сальная скура, мочкі вушэй зрасліся з запалымі шчокамі, а шырокі і вузкагубы рот крывіўся ва ўсмешцы.
Я чакаў пакуль яны не парушаць паўзу. Пляшак у акулярах зрабіў гэта першым.
“Вы, пэўна, заблукалі? — з прыхаваным здзекам спытаў ён. — Дык вам назад і далей”.
“Ці можа вам адчыніць?” — спытаў другі, знешнасць якога ўпарта працягвала нагадваць мне пра садысцкія схільнасці.
“Не адмоўлюся”, — нахабна і з націскам адказаў я, хоць моцна ўстрывожыўся.
Яны з нейкай доляй няўпэўненасці, але настойліва пачалі адціскаць мяне да выхаду, што толькі павялічыла мае падазрэнні. “Справа ў тым, што я не маю ключоў!” — з крывой усмешкай мармытаў адзін.
“Так, і ў мяне іх бракуе”. — запэўніваў другі.
“Хіба што нам загадаюць...”
Урэшце я дасягнуў выхаду і з палёгкай апынуўся вонку. Пот сцякаў у мяне па спіне і па твары — у будынку муніцыпалітэта не працавала ніводнага кандыцыянера. Поўны цьмяных падазрэнняў, я рушыў прэч.
Праходзячы праз плошчу, я раптам звярнуў увагу на мурына са збітым, у сіняках тварам. Кунтус — я ўспомніў яго імя. У мяне цупкая зрокавая памяць, але і без гэтага я адразу пазнаў у ім аднаго з эсбэшнікаў, хутчэй за ўсё, як я тады вызначыў, стажора, з якім некалькі дзён таму бязлітасна разлічыўся за адсочку з яго боку. Апрануты ў брудныя нагавіцы і падраную кашулю, ён меў выгляд апушчэнца, хоць я мог падумаць, што гэта проста маскіроўка. У руках малады мурын нёс пластыкавую скрыню. Міжволі зацікавіўшыся, я наблізіўся да яго бліжэй. Наўрад ці ён вызначыў, хто менавіта раней напаў на яго і адабраў зброю, хоць мог мяне памятаць, як аб’ект адсочкі. Тым не менш, я назіраў, рухаючыся за ім, што ён будзе рабіць далей. Мурын падышоў да Дошкі кандыдатаў на бессмяротнасць, спыніўся, паставіў на зямлю скрыню, адкінуў з яе ўбок крышку і выцягнуў адтуль... не, я не мог памыліцца — пачак налепак. Дзве з іх ён наклеіў знізу на бетонную сцяну, потым падабраў скрыню і пайшоў далей.
Читать дальше