“Хто хоча выпіць?” — спытаў ён.
У люстэрку я ўбачыў, як Васка Петкавіч і Андруш запытальна ўтаропіліся мне ў патыліцу.
“Бадай што ніхто не супраць”, — сказаў я, узяў з рукі доктара біклагу і глынуў. Пасля мяне прыклаліся да яе і астатнія. Доктар Арвід павесялеў.
“Справа ў тым, — коратка патлумачыў я яму, — што ў дадзеным выпадку няма падставы для некрафіліі, бо наш, так бы мовіць, суб’ект, хутчэй за ўсё знаходзіцца ў стане вампірычнай комы, з якой дзіўным чынам уступае ў кантакт са знаёмымі і сваякамі, працягваючы сваё псеўдажыццё. Вось толькі, ці можна назваць падобнае неверагоднае існаванне жыццём? І што такое тады ўвогуле жыццё — можа, доктар Арвід мае на гэты кшталт адпаведнае тлумачэнне?
Доктар Арвід зморшчыў лоб, памарудзіў у роздуме, а потым сказаў: “Наколькі я ведаю, кома — своеасаблівы паталагічны сон, пры якім чалавека немагчыма разбудзіць, бо ў яго страчана свядомасць. Кома развіваецца ў выніку глыбокага тармажэння ў кары галаўнога мозга, якое ўплывае на падкорку і цэнтральную нервовую сістэму. Пры гэтым наступае кіслароднае галаданне.” “Так, — падбадзёрыў я, — працягвайце, калі ласка.”
“Іншым разам коме спадарожнічае шызафрэнія, і тады ўзнікае ступар — з трызненнем і галюцынацыямі. Я не так часта назіраў каматознікаў, але магу адрозніць апаплектычную кому ад гіпаксічнай, ныркавую ад пячоначнай, дыябетычную ад гіперглікемічнай ці гемарагічнай, толькі вось, што такое вампірычная кома — мне невядома. Вы, Берташ, можаце патлумачыць мне яе сутнасць?”
“Не, — адказаў я пасля паўзы. — Калі такія веды і існавалі пры эпідэміі вампірызму, то, пэўна, збівался ў бок дэманалогіі, а цяпер нават яны ўвогуле згублены”.
“Самае незразумелае — матэрыялізацыя вампіра. Я не даю гэтаму веры. Якім чынам, лежачы ў труне месяцамі і нават гадамі, можна выходзіць наверх, скачваць з кагосьці энергію і працягваць існаваць? Пра што гэта ўсё сведчыць?” — засумняваўся Арвід.
“Гэта можа сведчыць толькі пра адно: што мы ўсе і наш свет хаваем яшчэ адну неразгаданую таямніцу”.
“Цікава, вельмі цікава, — доктар Арвід зноў прыклаўся да біклагі. — А завостраны асінавы кол у нас ёсць?” “Ёсць”, — запэўніў яго Андруш.
“Я не стану забіваць каматозніка”.
“Мы зробім гэта самі, — уступіў у размову Васка Петкавіч. — А вы засведчыце смерць”.
“Не будзем дзяліць не знойдзенае”, — ахалодзіў я іх. — Мы ўжо пад’язджаем і адразу пачнём працаваць. Таму, доктар Арвід, пакуль што дастаткова алкаголю”.
Той з неахвотай засунуў біклагу ў кішэню.
Праз некалькі хвілін мы апынуліся на ўскрайку паўночных могілак, і я спыніў машыну, пасля чаго правёў кароткі інструктаж, які тычыўся ў асноўным доктара, бо па мінуламу разу ўсе астатнія ведалі, што ім рабіць. Я паставіў Андруша з Васка Петкавічам, а сабе зноў жа ўзяў у пару доктара Арвіда, і мы пайшлі. Вядома, нам былі непатрэбныя лішнія сведкі, і таму я паслаў Андруша наперад, каб хутка абышоў той участак, дзе мы павінны працаваць.
На могілках, дарэчы, нікога, апроч нас, у гэты час быццам не назіралася. Спёка яшчэ не спала, але тэрмометр надалонніка паказваў ужо толькі трыццаць два градусы па Цэльсію. Днём было нашмат больш спякотна. Андруш неўзабаве вярнуўся і паведаміў, што людзей паблізу няма і што ён знайшоў магілу Тэафіла Слімака, якую мы ўскрывалі некалькі дзён таму. Мы рушылі ўслед за ім па напаўзарослай быльнягом і засмечанай сцяжынцы, што вычварна пятляла сярод шматлікіх, разбураных, засмечаных альбо размешчаных абы як магіл. Доктар Арвід хацеў зноў прыкласціся да біклагі, але я яму не дазволіў, і ён, падумаўшы, згодна кіўнуў і сказаў, што сапраўды яшчэ вельмі спякотна і задушліва і можна атрымаць сонечны ўдар, хоць да гарачыні прывык.
Я адразу пазнаў месца, дзе мы капалі раней, і паказаў усім і доктару, у прыватнасці, на пліту з надпісам, які сведчыў, хто пад ёй пахаваны. Пліта была са свежай шчылінай: гэта мы нязграбна разбілі яе мінулым разам, а пад ёй і па баках ускапаная нашымі рыдлёўкамі зямля. Але я адразу скіраваў увагу на магілы побач.
Іх было некалькі, дзве — бліжэй да ўсіх. Адна з гэтых дзвюх была безыменная, а на другой — у метры ад магілы Тэафіла, я выявіў жалезны пруток з непрыкметнай іржавай таблічкай з бляхі, на якой з цяжкасцю прачытаў: Патрык Слімак 1995 – 2050
Выцягнуўшы пруток з зямлі, я з хваляваннем угледзеўся ў зарослы пустазеллем, непрыкметны капец зямлі. Няўжо там, на двухметровай глыбіні, сапраўды стаілася пачвара, якая ўжо нарабіла столькі бедаў? Дзесьці ў глыбіні душы я сам не даваў гэтаму веры. Камера, на якую я спадзяваўся здымаць, у поўнай гатоўнасці вісела ў мяне не шыі, дыктафон быў падключаны на запіс раней.
Читать дальше