“Момант, — сказаў я. — Пэўна вы, доктар, справакавалі яго тым, што мялі яму рукі і ногі. Ён нежывы. Дакладней не зусім жывы.
Ва ўсякім разе напэўна сцвярджаць нічога нельга. Дайце мне шпрыц!” “Годзе здзекавацца над целам. Я не дам!” “Што ж, тады я сам.”
Я ўзяў завостраны кол і націснуў вастрыём шыю нябожчыка. І тут рот яго скасіла ўбок, і мы пачулі нешта накшталт прамоўленага слова.
“Шэ-й-м-а-х-х-ц-ц-ц...”
Мы замерлі.
“Што ён сказаў? — захваляваўся Васка Петкавіч. — Вы чулі?”
“Ён сказаў: schmerz1. Боль. Быццам па-нямецку,” — разгублена патлумачыў доктар Арвід.
“Ды не, — аспрэчыў Андруш. — Вам надалося. Ён сказаў: бруд.
І гэта па-мясцоваму. Смецце.”
“А па-моему: “шмаль2”, — ліхаманкава выказаў сваю думку
Васка Петкавіч.
“Нічога такога ён не гаварыў, — працягваючы здымаць, абверг усіх я. — Гэта небяспечная істота, якая знаходзіцца ў стане агрэсіі.
Яна галодная. І яна не жыве — хоць і жывая. А калі і жыве — то не ў нашым вымярэнні. Гэта — “п’яўка”. Упыр. Ваўкалак. Нашыя продкі бачылі іх сапраўднае нашесце. Скончылі базар. Андруш, ты гатовы?”
Schmerz (ням.) — боль.
Шмаль (жарг.) — танны наркотык.
“Так”.
“Тады хутчэй. Нас могуць пабачыць і выклікаць эсбэшнікаў.” “Пачнём! — адразу згадзіўся Андруш. — Што мне рабіць?”
“Момант! — нервова выдыхнуў з сябе доктар Арвід. — Апошні тэст! Адзіная самая простая сапраўдная прыкмета, якая сведчыць аб захаванні жыцця ў целе, — гэта змена колеру пазногце-вага ложа, калі на яго націснуць, што я зараз і раблю. Вось так,” — ён рэзка адхіснуўся.
“Гаварыце! — загадаў я яму.
Але я мог бы і не прыспешваць яго, бо ўбачыў ужо сам: з рота “п’яўкі” марудна выпаўзла невялікая колькасць пены і сцякла ўніз.
“Пульс! Я чуў удар! У яго б’ецца сэрца, хоць і вельмі рэдка! — выкрыкнуў доктар Арвід.
“Што з таго?” — спытаў я.
“Гэты чалавек — жывы”.
“Вылазьце, доктар. Тут вы больш не патрэбны!”
Васка Петкавіч скінуў уніз канец лесвіцы, і доктар з лаянкай палез з ямы. Пасля кароткага роздуму я прыклаў кол завостраным канцом да грудзей упыра — там, дзе павінна быць яго сэрца, а другой трымаў у кадры камеру.
“Давай жа, Андруш”, — сказаў я.
Той пабляднеў і, узяўшыся за канец палкі, рашуча налёг на яе ўсім сваім цяжарам. Кол мякка пайшоў у цела ўпыра, і ў тую ж хвіліну з адкрытага рота “п’яўкі” выразна пачуўся стогн, цела яго заторгалася ў канвульсіях, ён гучна захроп, а потым зароў, але не надоўга, і раптам усё заціхла. З грудзей упыра паказалася даволі густая вадкасць белага колеру, змешаная з крывёю. Тое ж выцякала і з яго рота.
Я аддаў камеру Васка Петкавічу і папрасіў яго здымаць замест сябе.
“Я ў гэтым больш не ўдзельнічаю, — сказаў зверху доктар
Арвід. — Вы забілі жывога”.
“А вы калі-небудзь назіралі, як такіх жывых “п’явак” заліваюць бетонам? — спытаў я ўжо са злосцю, змешанай з ліхаманкавым хваляваннем. Рукі мае дрыжэлі, у горле перасохла. — Вы ж, пэўна, бачылі дзяцей, якіх ён замарыў? Можа, вы б хацелі забраць яго сабе дадому і лячыць?”
“Ідзіце вы ўсе да д’ябла!” — доктар Арвід закінуўся ўгору з біклагай.
“Андруш! — прапанаваў я, — вылазь адсюль, бо я намераны скончыць гэтую справу!” “Не, — адказаў той. — Я вам дапамагу”.
“Тады адхініся. І сцеражыся, каб на цябе не пырскнула з трупа”.
У некалькі ўзмахаў я адсек упыру галаву востра заточанай з усіх бакоў рыдлёўкай. З шыі і тулава адразу лінула і расцяклася тая самая, белага колеру, неаднаразова апісаная ў старажытных хроніках, вадкасць з крывёю. Пасля гэтага я выкінуў наверх рыдлёўку і вылез сам. Следам за мной выбраўся з ямы Андруш, адбегся ў бок і пачаў ванітаваць.
“Закопваем, і хутка”, — сказаў я.
Мы пакідалі ў яму пальчаткі, рэспіратары і праз некалькі хвілін магіла “п’яўкі” зраўнялася з зямлёй. Я збольшага праверыў запіс на камеры і з немалым хваляваннем упершыню застаўся задаволены: доказ ва ўсіх фазах, ад пачатку і да канца, урэшце, быў у маіх руках.
empty 30.
Калі на чалавека находзіць туга, і жыццё падаецца не маючым аніякага сэнсу, то стан гэты не вылечыць ні алкаголем, ні набытымі грашыма, ні нават каханнем.
Менавіта ў такім стане я вярнуўся ў свой часовы прытулак.
Мне нават прыйшло ў галаву, што ўпыр, кантактуючы са мной, перад сваім сконам паспеў нейкім чынам “скачаць” з мяне частку жыццёвай энергіі. Таму, першае, што я зрабіў, — дык гэта прыняў цёплы душ. Мойра, якой я расказаў пра тое, як прайшла эксгумацыя, дапамагла мне пераапрануцца: у мяне небеспадстаўна закралася падазрэнне, што я мог запэцкацца ці ў кроў “п’яўкі” ці ў яго выдзяленні. Я адчуваў стомленасць, але заснуць хоць хвілін на дваццаць не мог з-за нервовага ўзбуджэння. Каб не губляць дарэмна часу, я заняўся мантажом набытага матэрыялу: не парушаючы храналагічага парадку, пачаў стыкаваць стужку аднаго з самых, як спадзяваўся, істотных доказаў, так бы мовіць, рэальнасці нашага не рэальнага існавання.
Читать дальше