Маркус выцягнуў з кішэні надалоннік і паклаў перад сабой.
“Як толькі аўтазак выедзе, мне дадуць знаць максімум ад таго праз некалькі хвілін”, — сказаў ён.
“Яны не могуць рухацца ў аб’езд?” — спытаў Людвік.
“А ты бы стаў такое рабіць?” “Навошта, калі няма пагрозы”.
“Публій Рос, ён хто як асоба?” — пацікавіўся праз паўзу Маркус.
“Апантаны, — сказаў я. — “Вучоны дзяцел, як кажуць пра такіх блатары. Але ўпарты і наўрад ці зменіць свае перакананні”.
“А яго асістэнткі? Куды яны дзяваліся?” “Па чутках іх перахапіла да сябе кітайская дыяспара”. “А якія ў яго перакананні?” — пацікавіўся Андруш.
“Глупства. Ён лічыць, што на Месяцы база іншапланецян, і адзін з іх назіральнікаў праз палтэр-гейсты правакуе нас на рэакцыю ў адказ. Хіба не ідыятызм?” “Да любой думкі трэба адносіцца рацыянальна, — сказаў Маркус. — Нават да такой бязглуздай”.
“Стагоддзямі грукаць у сцены, кідацца каменнем, перакульваць у людзей каструлі з супам — гэта што такое? Навуковы эксперымент? Проба на інтэлект?” “А па вашаму? Напрыклад, тое, што адбываецца ў дваццаць першым бараку?” “Упыр. Вампірызм існуе. Як доказ. Гэта зусім іншае.”
Я між тым здагадваўся, што Маркус, як вопытны псіхолаг, знарок завёў цяпер сярод нас адхіляючую гутарку, каб мы не “згарэлі” яшчэ да пачатку акцыі. На мой погляд, усё было правільна.
“Учора мы яго прыціснулі, — пахваліўся Андруш. — Гэх і зароў ён, калі я працяў яго асінавым колам”.
“Дык вы, урэшце, злавілі ўпыра?” — спытаў Маркус.
“Давялося патрывожыць. Ён быў вельмі незадаволены”.
“Не запамятайце, што вы мне абяцалі паказаць стужку”.
“І мне, — страпянуўся Людвік. — Пакажаце?”
Са сваёй схованкі мы бачылі, як па бальшаку раз-пораз праязджалі рэдкія машыны. У многіх з іх былі пашкоджаныя панэлі, корпус ці ўвогуле не ставала шкла, альбо нават дзверак.
Пасля Непажаданых Падзей з любым транспартам узніклі праблемы, немалая частка яго была затоп-лена на ўзбярэжжах раптоўным павадкам, а заводы, якія выпускалі камплектуючыя дэталі, даўно спынілі сваю дзейнасць.
Раптам надалоннік на каленях Маркуса падаў сігнал. Мы сцішыліся, прыслухоўваючыся, але, акрамя адназначнай рэплікі
Маркуса, вядома, нічога не пачулі.
Я зірнуў на Мойру. Яна няўцямна ўсміхнулася ў адказ, твар яе быў спакойны.
“Аўтазак выехаў, — паведаміў Маркус. — Праз пятнаццаць– дваццаць хвілін яны будуць тут”.
Людвік выцягнуў з-пад сядзенняў два аўтаматы, ражкі з патронамі і перадаў адзін аўтамат Мар-кусу.
“Праверым зброю”, — прапанаваў ён.
Я засёк час на сваім надалонніку. Было чвэрць на дзесятую гадзіну раніцы. Мы спешна падрыхтавалі сабе схованкі абапал дарогі і ў апошні раз коратка размеркавалі задачы кожнаму. Пасля чаго сталі чакаць.
Са звалак несла смуродам. Атрутны дым ад палёнага пластыку пачынаў прасочвацца ў салон. З мінулай сваёй дзейнасці я ведаў, што ёсць смецце, якое не знікае ніколі.
Ледзь чутны і далёкі шум рухавіка ўсякі раз прымушаў нас хапацца за зброю і рыхтавацца да раптоўнага выступу, але машын, як я ўжо адзначаў, было мала, і Маркус, які сачыў у бінокль, штораз адмоўна круціў галавой. Прайшлі пятнаццаць хвілін, а потым яшчэ дзесяць, але дарога з боку паселішча была пустая: аўтазак не паказваўся. Затое з супрацьлеглага боку мы пачулі набліжэнне грузавікоў, і сапраўды, праз некалькі хвілін убачылі, як па дарозе рухаюцца ў накірунку да паселішча дзве адкрытыя вайсковыя машыны, у кузавах якіх сядзелі ўзброеныя жанчыныдэфарманткі ў палявой форме.
“Нікому не высоўвацца,— папярэдзіў нас Маркус.— Гэта “Гідра”. Я ўстрывожыўся. Лятучыя атрады спецпрызначэння “Гідра”, складзеныя ў асноўным з жанчын, вызначаліся паталагічнай жорсткасцю і фанатызмам. Можна было яшчэ здагадвацца, куды яны трымалі свой шлях, але ўнутрана я ўжо чамусьці не сумняваўся — яны накіроўваліся ў Эдэм. Грузавікі няспешна праехалі перад намі: са сваёй схованкі нават без бінокля бачныя былі вы-цягнутыя галовы гэтых сучасных амазонак, з завостранымі макушкамі і забранымі над імі ў пукі валасамі — ва ўсіх аднолькавыя прычоскі. На каленях дэфарманткі трымалі аблегчаныя кароткаствольныя аўтаматы.
Час ішоў. Аўтазак па-ранейшаму не з’яўляўся, і дарога, над якой яшчэ курэў пыл, узняты двума вайсковымі грузавікамі, зноў пуставала.
“Звяжыцеся з вашым чалавекам,— параіў я Маркусу. — Пэўна, нешта не ў масць.” “Не магу, — адказаў ён, — я ніколі не саджуся на яго надалоннік, бо гэта небяспечна для яго самога. Трэба чакаць.” “Можа, яны змянілі гэты бальшак на іншую дарогу?” “Іншай няма. Зірніце, да слова, на мапу.”
Читать дальше