empty 28.
У сувязі з арыштам пастара Себасцьяна і Юліуса Гарматы нашыя намеры правесці эксгумацыю і выявіць упыра больш нельга было адкладваць. Але, як толькі я з’явіўся да свайго часовага жытла, то ўбачыў ля брамы паштара-самакатчыка, які ўручыў мне канверт са штэмпелем мясцовага муніцыпалітэта. Паштар быў зусім малады, з прыкметамі мікрацэфаліі, і я не стаў яго ні пра што распытваць, рассудзіўшы, што гэта дарэмны занятак. Урэшце, у канверце аказалася позва. Мне прапаноўвалася неадкладна зайсці ў казённае месца, дзе прайсці рэгістрацыю і, да таго ж, пажадана мець пры сабе план па ачыстцы вакол паселішча некалькіх гектараў зямель звалкі ад смецця..
Пасля нядоўгага роздуму я вырашыў аформіць рэгістрацыйныя паперы, набыць, такім чынам, хоць на пару дзён нейкую псеўдалегальнасць і так неабходную мне адтэрміноўку. З гэтай нагоды я, папярэдзіўшы Мойру, і наведаў мясцовы муніцыпалітэт.
Як толькі я зайшоў і за мной з рыпам зачыніліся дзверы, да мяне імкліва пасунулася постаць вартаўніка. Гэта была жаўтаскурая жанчына гадоў сарака, апранутая ў форменную накідку. Чорныя вочы яе на атлусцелым твары, вывучаючы, свідравалі мяне.
“Вы да каго і па якой справе?” — агучыла яна традыцыйнае пытанне і падазрона ўтаропілася ў мяне.
Я сказаў.
У адказ яна няўцямна махнула рукой у бок доўгага калідора, пасля чаго вярнулася на сваё месца: у крэсла за сталом, на якім грувасціліся састарэлы апарат унутранай сувязі і такая-сякая ежа.
Я пайшоў па бязлюдным калідоры, па баках якога адзін за другім мясціліся кабінеты служачых. Ніхто не выходзіў з іх і не заходзіў унутр. У самым канцы я ўбачыў дзверы з акенцам — нечым накшталт невялікай амбразуры з палічкай унізе. Над акенцам вісеў адмысловы слаган: АДНО АКНО — АДНО ВЫРАШЭННЕ
Я зазірнуў у акенца. У глыбіні пакойчыка сядзеў жаўтаскуры таўстун, чорнавалосы і чарнавокі. Скура на яго пульхных шчоках ільснілася ад поту, а лоб быў такі нізкі, што складвалася ўражанне, быццам валасы раслі адразу ад броваў. Таўстун трымаў у руцэ шклянку з напоем ружовага колеру і раз-пораз падносіў яе да роту, каб глынуць. Побач, на паўабарота да яго, сядзела белая дзяўчына са зморшчаным невыразным тварыкам і нешта набірала на камп’ютары старога ўзору.
Я паклаў на палічку перад сабой картку-пасведчанне, позву і сказаў, што хачу зарэгістравацца на часовае прабыванне ў Эдэме, і што сюды я прыбыў з Мегаполіса.
Не звяртаючы на мяне аніякай увагі, таўстун нахіліўся да дзяўчыны і дэманстратыўна ашчаперыў яе за грудзі. Тая ў адказ роблена захіхікала.
Не спыніўшыся на гэтым, укормлены чыноўнік працягваў паводзіць сябе нібы самец малпы, усяляк імітуючы палавую актыўнасць. Са старажытных анімалістычных стужак я ведаў, што такія паводзіны характэрныя для асобін, якія не задаволены сваім сацыяльным становішчам у статку і мусяць прэтэндаваць на больш высокі статус на іерархічнай лесвіцы. Не зважаючы, альбо знарок ігнаруючы мяне, ён палез ёй пад сукенку. Дзяўчына, якая, на мой погляд, была тут звычайнай сакратаркай, ненатуральна, нават задаволена віскнула і пачала адпіхваць яго руку.
Я счакаў і паўтарыў сваё запытанне. Таўстун, быццам нічога не чуў, вярнуўся ў першапачатко-вае становішча, дацягнуўся да пластыкавай бутлі з напоем і даліў з яе ў шклянку.
“Зойдзеце заўтра”, — нарэшце зневажальна вымавіў ён і з пагардлівым выглядам нахіліўся над нейкай паперай на стале. Гэта была яго памылка, бо я імкліва прасунуў у акенца руку, схапіў яго за валасы і, што было моцы, стукнуў галавой аб стол. З носу ў яго адразу пырснула кроў.
“А-а-а-а! — завішчэў ён. — Дапамажыце!”
Гэты яго крык, не пазбаўлены, дарэчы, нейкага паскуднага нахабства, літаральна прывёў мяне ў шаленства, бо я рвануў дзверы, імкнучыся заскочыць у кабінет і прадоўжыць пачатае.
Але дзве-ры былі заблакіраваны, да таго ж, ззаду мяне ўжо захапілі за рукі ўкормленыя малойцы, пэўна, яго супляменнікі, якія з’явіліся немаведама адкуль, быццам матэрыялізаваліся з паветра.
Яны аднак не ўсчалі са мной бойку, а адвялі ў бакавую нішу, дзе месціўся, як я здагадаўся, кабінет іх начальніка рангам вышэй. За сталом, паклаўшы на яго ногі ў белых скураных макасінах, сядзеў, апрануты ва ўсё белае, цёмнаскуры мужчына гадоў сарака пяці, з лысым чэрапам і пафарбаванымі вусамі. Выслухаўшы крыклівыя тлумачэнні сваіх памочнікаў, ён спытаў: “Вы хто такі і па якой справе?”
“Палкоўнік Скут, — з націскам сказаў я, — загадаў мне зарэгістравацца, каб узначаліць у паселішчы работы па ачыстцы ад смецця. Гэта вы даслалі мне позву?”
Читать дальше