Падзей ніхто не сачыў за гэтым і не наладжваў тэхаглядаў. Тэхніку, калі прадавалі, то звычайна з рук у рукі і адразу пад ключ.
Яшчэ праз некалькі хвілін я спыніўся перад першым банкаматам, які трапіўся мне на вочы, уставіў у сістэмны блок картку, набраў код і зняў гатоўкай усе грошы, якія былі на рахунку.
Іх аказалася даволі шмат. Цяпер, падумаў я, з мяне на нейкі час зваліцца гэта праблема, а там я дабуду доказ і пакіну паселішча разам з Мойрай. Але палёгкі ад сваіх меркаванняў я не адчуў, бо мяне, нягледзячы на гарачыню ў кабіне, а вентылятар даўно не працаваў, пачало ліхаманіць, а на душу раптам абрынуўся цяжар. Пачыналася, пэўна, звычайная рэакцыя на стрэс, а ўсялякае забойства, няхай сабе і маральна неабходнае, само па сабе скаланае нервовую сістэму любога чалавека. Нават “людзіцені”, як я ведаў з гістарычных хронік, якія былі выканаўцамі ў часе ма-савых расстрэлаў, шмат хто з іх гублялі раўнавагу, ушчэнт співаліся, а то і вар’яцелі.
Між тым я рухаўся ў рэдкім патоку машын да выезду з горада. Я вырашыў не скіроўваць на бальшак з-за небяспекі сустрэчы з патрулямі, а выслізнуць адсюль па бездарожжы, тым больш, што мой пазадарожнік меў два вядучыя масты.
Збольшага мне гэта ўдалося, але я, тым не менш, не рызыкаваў, і перад самым паселішчам загнаў джып ў былую сіласную яму на звалцы і нават прыкідаў крыху смеццем, каб машына была незаўважана, пасля чаго пайшоў у Эдэм пешшу, па дарозе падключыўшы свой надалоннік.
empty 22.
Ужо на падворку я адчуў нядобрае. Беніта, якая заўсёды карысталася нагодай, каб пакруціцца каля мяне, на гэты раз імкліва шмыгнула ў дзверы. Выгляд у яе быў напалоханы. Некалькі жаўтаскурых падшыванцаў, з ліку яе так званых кватарантаў, з нахабным выглядам ўтаропіліся ў мой бок.
Мойра выйшла мне насустрач. У яе быў скамянелы твар.
“Яны забілі Барбі”, — сказала яна.
Трупік шчаня ляжаў на ганку. Жывот у сабакі быў успораты па ўсёй даўжыні,так што вантробы вываліліся вонкі. Мухі рыжага колеру атакавалі іх.
“Хто гэта зрабіў?” — спытаў я.
Але яна не ведала дакладна, хіба толькі тое, што, па словах суседзяў, гэта былі дэфарманты. Мойра расказала мне, што хадзіла на працу, і яе не было дома ў час нападу, інакш яна б пачала страляць — у яе ж ёсць зброя. Суседзі бачылі дваіх нападнікаў.
Тыя нічога ў доме не кранулі, затое пакінулі пасля сябе паперу.
“Вось яна”.
Я паднёс да вачэй змяты аркуш.
“Пачнём з сабачкі”.
Наўрад ці хто, акрамя мяне, зразумеў бы прыхаваны сэнс гэтага напаўздзеклівага сказа. Гарбу-загаловыя ўсё-такі даўно высачылі, дзе маё жытло. Я разумеў, што ўсё, што адбылося, будзе мець непрадказальны працяг, што надышоў час сур’ёзна перасцерагчы Мойру і, у рэшце-рэшт, усё ёй растлумачыць. Але спачатку трэба было пахаваць Барбі. Мы загарнулі шчаня ў кавалак кужаля, ахвяраваны Мойрай, і я аднёс яго ў дальні кут на падворку, дзе і закапаў. Калі я ўжо скончыў гэтую сумную справу, да мяне, азіраючыся, наблізіўся Жан, які, пэўна, чакаў зручнага моманту, каб загаварыць, але не хацеў пры Мойры.
“Што ты хочаш, Жан?” — спытаў я яго. “Тут былі гарбузагаловыя”, — сказаў ён. “Бачу. Ты іх ведаеш?” “Не. Але яны прасілі перадаць, што будуць чакаць цябе на плошчы сёння ці заўтра адразу пасля апоўдня”.
“Яшчэ што?” “Інакш, — сказалі, — чарговая будзе яна”, — і Жан паказаў кіўком у бок Мойры.
Я павярнуўся і пайшоў у дом. Стомленасць раптоўна навалілася на мяне. Хіба толькі на вайне я адчуваў нешта падобнае, але тады я, пэўна, быў маладзейшы і спрытнейшы.
“Навошта ты з’ехаў, Берташ? — спытала Мойра, падышла ўсутыч і паклала рукі мне на плечы. — Ты прывёз кнігі? Чаму ты вярнуўся пешшу?” “Я без кніг і без джыпа. Ён заграз на звалцы”.
“Што здарылася, Берташ? Чаму яны забілі Барбі?”
Я расказаў ёй па магчымасці коратка пра сваю з Андрушам сутычку на звалцы з гарбузагаловымі.
“Вось, — дадаў я, — канешне варта было сцерагчыся, але я меркаваў, што мы паспеем адсюль з’ехаць. Барбі я мусіў забраць з сабой”.
На вачах Мойры нечакана выступілі слёзы.
“На зямлі ж шмат месца. Хопіць пакуль усім, але гэтая набрыдзь паступова адбірае ў нас усё: ежу, жытло, каханне, волю. Чаму мы павінны цярпець такі ўціск, Берташ?” “Калі я знайду забойцу, то зраблю з ім тое ж, што ён зрабіў з сабакам. Але галоўнае цяпер не ў гэтым. Нам пара шукаць новы прыстанак. Я хутка здабуду доказ, але на гэта патрабуецца час, і мы павінны быць напагатове. Асабліва ты.”
Яна задумалася, але неўзабаве прапанавала: “Трэба паведаміць Маркусу”.
Читать дальше