Хвіліны чакання цяклі адна за другой. Некалькі аўтамабіляў прыпаркаваліся перада мной і ззаду майго “джыпа”. На першых паверхах адчыніліся крамкі і шапікі, і людзей навокал адразу па-большала. Гэта мне нават спрыяла: у натоўпе заўсёды лёгка згубіцца, хоць “выконваць” старога здрадніка перад самымі дзвярыма на вачах усіх, таксама не выпадала. Але...
Я ўспомніў пра тое, што захапіў з сабой грым і, гледзячы ў люстэрка задняга віду, хутка перафарбаваў свой твар і рукі ў карычневы колер. Так будзе лепш, вырашыў я і стаў цярпліва чакаць далей. Хвіліны беглі адна за другой.
Урэшце я пабачыў, як з дзвярэй пад’езда выйшаў ахоўнік з сумкай у руцэ, а адразу за ім даволі бадзёра крочыў сам Ёхан Цынк у светла-шэрым касцюме і белым саламяным капелюшы на га-лаве. Я пазнаў яго. За ім нечакана з’явілася і яшчэ адна постаць. Мужчына гадоў пяцідзесяці, з прыкметным жыватом і такімі ж, як у старога, плябейскімі рысамі твару. Сын, адразу вызначыў я.
Ахоўнік расчыніў дзверы кабіны і ўладкаваў старога на заднім сядзенні. Потым спераду пасадзіў Цынка-малодшага, а сам сеў за руль.
Становішча ўскладнялася. Значыць, замест аднаго Цынка ў машыне з’явіліся адразу два, плюс ахоўнік-вадзіцель. Я ўключыў рухавік і рушыў следам за іх машынай. Праз некалькі хвілін мы ўліліся ў паток іншых машын.
Дзверцы майго “джыпа” я разблакіраваў, каб зручней выскачыць з кабіны, і краем вока сачыў за “Міцубісі” справа. Гэта была звычайная мадэль, і з верагоднасцю ста адсоткаў, меркаваў я, ба-кавое шкло кабіны і лабавое таксама былі звычайнымі. Ёхан Цынк не настолькі важная і ўплывовая асоба, каб выдзяляць яму браніраваны аўтамабіль з куленепрабіваемым шклом. Хіба што мог набыць за свае грошы. Як мог пражыць так доўга, няхай сабе і псеўдажыццём, гэты дзяржаўны функцыянер, а па сваёй вартасці — апарыш з грамадскай прыбіральні, якія я бачыў у паселішчах? — мільгала ў маёй галаве. Хіба яго жыццё каштуе нават мезенца такіх людзей, як Платон? Альбо Мойра? Але Платона згубіла выпадковасць, інакш гэты напаўтруп, якога везлі цяпер у Эдэм, ужо гніў бы на дзяржаўных могілках. А Мойра — яна павінна быць са мной і нарадзіць дзіця.
Я рухаўся ўжо амаль усутыч. Самога Ёхана Цынка я праз шкло не бачыў, толькі абрысы невы-разнай постаці на заднім сядзенні, затое яго сына і вадзіцеля і целаахоўніка ў адной асобе, хоць і мелькам, але добра разгледзеў. Гэта быў дэфармант гадоў сарака, з высокім, завостраным кверху, чэрапам і збягаючым назад, як у малпы, ілбом. Хутчэй за ўсё ён якраз і з’яўляўся сваяком Касіусагарбузагаловага, канчаткова вырашыў я.
На сваім пазадарожніку я то адставаў, то зноў наганяў іх. Праз паўхвіліны, адзначыў я, павінен быць святлафор. Пасля Непажаданых Падзей машын у гарадах дый па ўсёй краіне значна паме-нела. У бакавым люстэрку, а таксама задняга бачання, за мной рухаліся на рознай адлегласці ўсяго некалькі аўтамабіляў. Наўрад ці хоць адзін з іх акажацца набітым агентамі службы бяспекі ці звычайнымі паліцыянтамі — такая выпадковасць, згубіўшая Платона, не магла паўтарыцца двойчы. Хіба толькі ў старога маразматыка былі і існуюць сувязі з інферальнымі сіламі, якія яму дапамагаюць, але я ў гэта не надта верыў. Верагодна, меркаваў я, Платон пачаў страляць першым і наўрад ці паліцыянты вызначылі, што гэта менавіта замах і менавіта на нікчэмнага старца, які ўжо нічога не вырашаў. Усё дадумалі тэлевізіёншчыкі. Нават сам Ёхан Цынк, меркаваў я, можа і не лічыць дагэтуль, што быў на кароткі час у ролі патэнцыяльнай ахвяры. Магчыма, ён ужо нават і не памятаў сам ні пра зганьбаваны ім сымбаль, ні пра палітычныя даносы, ні пра расціснутыя лёсы людзей, якія мелі фатальную неасцярожнасць аказацца побач з ім, ці на яго шляху. Вось, думаў я, усяго ў двух-трох метрах справа ад мяне едзе “чалавек-цень”, тупая палітычная жывёла, з па-ідыёцку завышанай самаацэнкай, упэўненая ў сваёй значнасці. Нікчэмнае і шкоднае насякомае, нават і дастаткова няпалоханае, хоць на гэты час і пражыло столькі год. Што ж, давядзецца яго напужаць. Невыразныя дагэтуль абрысы майго плана раптам пачалі складацца ў маёй галаве ў нешта ак-рэсленае. Даганяць іх на трасе, як я збіраўся раней? Але на бальшаку гэта адразу выкліча падазрэнні: любы прафан насцярожыцца, калі да яго машыны ззаду прыклеіцца іншая. Дый мой джып уступаў “Міцубісі” ў хуткасці. Калі яны разгоняцца на поўніцу, я акажуся зусім у дурным становішчы, хіба не так? Значыць, вырашыў я, — пара. Цяпер у сілу ўступала толькі ўдача. Калі яна сёння са мной, я працягну жыць далей, калі ж не, то гэты шлях — мая памылка.
Читать дальше