Першапачатковы мой план, нават намер, быў просты: я рухаюся за машынай Цынка за горад, чакаю, калі мы апынемся на бальшаку, і далей дзейнічаю па абставінах, а задача ў мяне адна: не дапусціць, каб стары здраднік з’явіўся ў Эдэме.
Я прыпаркаваў свой “джып” на даволі вялікай адлегласці ад дома, дзе жылі ў асноўным былыя і цяперашнія чыноўнікі, сілавікі, а таксама іх дзеці ці сваякі, і абраў месца, якое, на мой погляд, не адсочвалася тэлекамерамі.
Першае, што я зрабіў, гэта адключыў свой надалоннік, праверыў зброю, потым, па магчымасці непрыкметна, старанна агледзеў вуліцу і пад’езды да будынка з дапамогай моцнага бінокля, які застаўся ў мяне з часу былых ваенных падзей.
Верхнія паверхі дамоў, ахутаныя выпарэннямі і смогам, між тым, афарбаваліся ў жоўтае першымі сонечнымі промнямі. У маіх вушах пасяліўся ўжо характэрны шум, а пальцы рук адчувалі ледзь чутныя вібрацыі вялікага горада, месца, дзе я зусім нядаўна адносна паспяхова пражываў, пакуль не здарыдася бяда з Эрыкай, а я сам быў так ганебна і па-дурному высланы ў правінцыю.
Даўняе пачуццё нянавісці пачало ахопліваць мяне, але я адрынуў яго, бо разумеў, што павінен быць спакойны, халоднакроўны і разліковы, як ніколі.
175
Лёс Мойры і ўсяго далейшага майго жыцця залежаў цяпер ад мяне. Думкі самага рознага кшталту мільгалі ў маёй галаве. Напрыклад, даўнішняя: навошта ўвогуле знішчаць старога, які ўжо нічога не вырашае? Па сутнасці, падараваць яму адносна лёгкую і, галоўнае, нечаканую смерць: пэўна ж, яго даўно запакутавалі старэчыя і невылечныя хваробы? Ці ён сапраўды спадзяецца на абяцаную яму хуткую бессмяротнасць? Падманшчыкі часта самі вераць у безумоўны падман і трапляюць на той самы кручок, які закідвалі для прастакоў. Іншая справа тое, што яго смерць павінна стаць знакавай: “людзі-цені” атрымаюць адчувальны ўдар з таго боку, адкуль даўно ўжо нічога небяспечнага не чакаюць. Страх, пра які казала Мойра, і толькі ён раптоўна казытне іх і прымусіць запанікаваць і нарабіць памылак. Што ж, з гэтага пункта гледжання я дзейнічаў маральна. Хоць, аб якой маралі можна меркаваць у адносінах да тых, хто імкнецца знішчыць цябе самога? Хіба Ёхан Цынк, прама ці ўскосна, не скіраваў на пагібель дзесяткі, сотні, а то і тысячы толькі за тое, што яны валодалі свядомасцю, а значыць думалі інакш? Калі ўсё тое псеўдадзяржаўнае ўтварэнне, пад камуфляжам якога ўтварыўся звычайны гноеадстойнік, будзе дэкамуфліравана тым жа страхам, то пад ім непазбежна адкрыюцца яшчэ больш жахлівыя абсурды і хаос. Толькі ці спрычыніцца ўсё гэта да нейкіх змен? Наўрад, меркаваў я. Для мяне больш цікава зазірнуць хоць краем вока ў тую бездань, якая так упарта хавае ад нас свае таямніцы. Якая розніца, у рэшцерэшт, хто тут будзе весці рэй, калі мы ўсе залежым ад нечага невядомага? І як яго называць? Праграмай? Для мяне важней выявіць упыра, “п’яўку” і адказаць хоць цяпер, праз стагоддзі на рубам пастаўленае пытанне, на тайну, якая не давала спакою і так палохала продкаў, а потым з’ехаць з Мойрай у якое-небудзь ціхае і запаветнае месца — сапраўдны, хоць на колькі там адсоткаў, а не штучны і ачолены смеццем Эдэм.
Я кінуў вокам на таймер свайго надалонніка. Ажыўлення ля дома, дзе знаходзіўся Ёхан Цынк, па-ранейшаму не назіралася. Можа, ён перадумаў альбо паранёс час візіту, магчыма, проста захварэў ці нават памёр. Добра, каб здарылася апошняе, думаў я, бо невялікая справа — разду-шыць спарахнелага дзяржаўнага клапа, а так я спакойна забраў бы свае кнігі і вярнуўся да Мой-ры. Праводзячы мяне дзве гадзіны назад, яна сунула мне ў рукі хатуль з ежай, пра што я згадаў цяпер. Я памкнуўся тады непрыкметна пакінуць яго ў хаце, але яна заўважыла і пакрыўдзілася, пасля чаго я забраў ежу з сабой. Напамін быў мне непрыемны, і я зноў адчуў прыхаванае па-чуццё сораму з-за таго, што каторы ўжо дзень існую, як нахлебнік. Грошы. Яны патрэбныя мне, як ніколі. Шмат грошай. Ці вырашаць яны тое, што я задумаў, я дакладна не мог ведаць, бо які сэнс загадваць наперад, калі самая дробная памылка ў самы дробны адрэзак часу можа стаць лёсаноснай.
Раптам наперадзе, перад пад’ездам дома, дзе, як я меркаваў, усё яшчэ знаходзіўся стары, я адзначыў пэўнае ажыўленне. У бінокль было добра бачна, што да пад’езда пад’ехала і спынілася ўсутыч цёмна-сіняя “Міцубісі”. З кабіны спрытна вылез вадзіцель з надалоннікам у руцэ і скіраваў да дзвярэй. Пад лёгкай тэніскай на яго грудзях ледзь бачна цямнеў рэмень наплечнай кабуры, а збоку ўгадваліся абрысы лёгкай агнястрэльнай зброі. Голы яго чэрап быў выцягнуты назад і ў вышыню. Дэфармант. Па маіх разліках — вадзіцель-ахоўнік, які і павязе старога ў паселішча. Верагодна, што менавіта яго я раней назіраў у “Сеціве”, калі збіраў інфармацыю пра Ёхана Цынка. Цалкам, магчыма, што гэта і быў сваяк Касіуса, пра якога мне казаў Юліус Гармата. Што ж, нават з палёгкай падумаў я, вось усё і пачынаецца.
Читать дальше