“Ну, а потым?” — спытаў Андруш. “Потым па абставінах. Будзе бачна”. “А кол? У нас няма асінавага кала!”
“Чаму ж ты не высек?” — змрочна пасміхнуўся Васка Петкавіч. “Не трэба, — сказаў я. — Галоўнае — засняць усё на камеру, а сам упыр ад нас нікуды не ўцячэ. Мяркую, што справімся. Не так ужо і складана пазбавіць жыцця каматозніка”.
“Вы па-ранейшаму лічыце, што ён жывы? У магіле, на працягу месяцаў? — зноў засумняваўся пастар Себасцьян. — Але тады, ці маем мы права пакараць жывога?”
Я паціснуў плячыма.
“Гэта псеўдажыццё. І ён, калі мы не прыпынім яго, будзе забіваць іншых з яшчэ большым імпэтам”.
“Прыходжу да адзінай разумной высновы: трэба заўсёды спальваць памерлых, а не хаваць гнісці ў трунах пад зямлёй”, — падсумаваў Васка Петкавіч.
“Альбо з’ядаць іх”, — змрочна з’яхіднічаўАндруш.
“Прэтэнзіі — да хрысціянства, — сказаў пастар Себасцьян, — бо класці цела ў труну і закопваць у цэнтрах паселішчаў альбо трымаць іх у цэрквах з надзеяй на ўваскрашэнне — старажытны звычай, заснаваны на дагмаце веры. Мяркую, гэта быў той самы ракавы дагмат, які спарадзіў глабальную метафізічную мутацыю, знішчыў Рым, і...”, — ён спыніўся, быццам праглынуў камяк у горле.
“Дагаворвайце”, — падахвоціў яго Андруш.
“Не час і не месца. Зарана. Я патлумачу сваю думку праз казань і потым — выбачайце...”
Сцямнела раптоўна. Цені, якія паступова згушчаліся ўдалечыні, пабеглі па зямлі да нашых ног і, узняўшыся ў вышыню, хутка накрылі неба чорым вэлюмам.
“Раю не адыходзіць далёка ў бакі, — сказаў я. — На жаль, тутэйшыя могілкі мала чым адрозніваюцца ад сметніка. Ноччу можна паваліцца і пашкодзіць сабе што-небудзь”.
“Наколькі я ведаю, спачатку тут хавалі нябожчыкаў з розных этнічных груповак, — патлумачыў Васка Петкавіч. — Потым індусы, кітайцы, афрыканасы і іншыя завялі асобныя месцы для пахавання і надумаліся выкопваць тут сваіх і перазахоўваць, а то і спальваць. Пасля іх засталіся ямы, куды пачалі скідваць смецце.
Ніхто не пярэчыў, вось што дзіўна”.
“Дух супраціву згас, — сказаў пастар Себасцьян, — народ не скончыць дабром, калі дапускае такое да сваіх продкаў”.
“Не хацеў бы я тут залегчы, калі прыйдзе мой час, — уздыхнуў
Андруш, — бо ганьба кранае не толькі жывых, а і мёртвых”.
Я падхапіўся на ногі.
“Пара”.
Паколькі мы з Андрушам ужо былі тут, то адразу выбралі патрэбны напрамак. На ўваходзе на могілкі я спыніўся і зрабіў знак астатнім: мы прыслухаліся — усё было ціха ў гэты час, толькі камары адразу абляпілі рукі і ногі, змушаючы рухацца.
Над магілай Слімака мы не ўбачылі нічога падазронага — ні выпарэння ў выглядзе прывіду, ні агеньчыка. Я ўключыў ліхтар і папрасіў зрабіць тое ж самае з другім, пасля чаго ўзяў з рук Ан-
друша лом, падсунуў пад пліту (бетон быў заліты зусім тонкім слоем) і адваліў яе ў бок, а Васка Петкавіч з пастарам адцягнулі яе метры на два, каб не перашкаджала. Пліта, вядома, пераламілася, але цяпер гэта было не істотна. Я даў знак, і Андруш з пастарам
Себасцьянам пачалі капаць першымі. Я запусціў таймер надалонніка на патрэбныя дзесяць хвілін, агледзеўся, потым чамусьці зірнуў на неба: яно было ўжо непранікальна цёмным, з далёкім россыпам зорак, а затым перавёў позірк на працуючых і сам падзівіўся ў душы з гэтага фантасмагарычнага відовішча.
“Капаецца мякка”, — праз зубы выціснуў Андруш.
Ён спорна ўсаджваў рыдлёўку ў зямлю, дадаваў ступнёй нагі, вычэрпваў поўнае лязо і выкідваў у бок.
На другім краі ад яго засяроджана працаваў пастар Себасцьян.
Тэмп работы ў яго быў крыху ніжэйшы, чым у больш маладога напарніка, але таксама спорны, і неўзабаве яны паглыбіліся ў зямлю па калені.
Надалоннік хутка засігналіў — прайшло дзесяць хвілін, і я з
Васка Петкавічам змянілі нашых таварышаў.
Далей працавалі ў маўчанні. Яма імкліва паглыблялася, бо магіла Слімака была адносна свежая. Мы закапаліся ў зямлю па пояс, і Андруш ужо выцягваў нас наверх за рукі.
“Будзьце ўважлівыя, — папярэдзіў я нашых зменшчыкаў, —
як толькі дакапаецеся да вечкі труны, дзейнічайце вельмі асцярожна”.
Андруш з пастарам Себасцьянам зноў апынуліся ў яме і працягвалі капаць. Напружанне наша расло.
Неўазабаве яны паглыбіліся па плечы, і я зразумеў, што апошні слой пяску, які заставаўся да труны, давядзецца выкідваць мне з
Васка Петкавічам. Сапраўды, надалоннік засігналіў, мы выцягнулі наверх Андруша з пастарам Себасцьянам і адразу апынуліся ўнізе.
Праз якую хвіліну лязо маёй рыдлёўкі сутыкнулася з векам труны. Я папрасіў апусціць адзін з ліхтароў ніжэй у яму. Запанавала непрацяглая паўза. Мы захваляваліся.
Читать дальше