Тым не менш, я вырашыў адкласці гэтае пытанне, пакуль не правяду работы па эксгумацыі і за-кончу тым самым працу над доказам, а, па-другое, не адгавару Мойру ад неабдуманага і рызыкоўнага ўчынку, які пагражаў ёй, у лепшым выпадку, стратай свабоды і катаваннямі. Але, выходзячы на гэтае, хоць і часовае, нелегальнае становішча, мне ўжо варта было засцерагацца ўсялякіх кантактаў з мясцовымі сілавікамі, “штучнікамі” і увогуле стаць непрыкметным. Я ўспомніў пра Эпікура і пра тое, што, бадай, зноў варта іншым разам змяняць сваё аблічча. Быць непрыкметным — адзінае, што мне цяпер увогуле застаецца. І я зноў на хвіліну пачаў марыць пра тое, як з’еду адсюль разам з Мойрай у якое-небудзь ціхае, утульнае месца, дзе цячэ вада, а ў ёй плаваюць рыбіны, а ля вады растуць дрэвы, на якіх спяваюць птушкі, і зелянее трава. Але пакуль тое, вярнуўся я да рэаліяў, даўно варта падумаць аб тым, што і мой пазадарожнік перад жытлом Мойры ўжо некалькі дзён мазоліць вочы якому “штучніку”, той, магчыма, данёс ці да-нясе “Цэнзару”, і маёй асобай урэшце зацікавяцца ўсутыч.
Я выцягнуў з кішэні надалоннік і звязаўся з Андрушам. “Наш план мы павінны здзейсніць сёння, — сказаў я яму. — Як сцямнее, у адзінаццатай гадзіне на вядомым табе месцы я чакаю ўсіх вас трох: цябе, Васка Петкавіча і пастара Себасцьяна. Астатняе, як дамаўляліся”.
Андруш пацвердзіў мне, што ўсё зразумеў і што пастараецца прывесці з сабой астатніх, пасля чаго я адразу адключыў сувязь, бо не хацеў, каб размову засякла якая праслухоўка.
13.
У ангар мяне не пусцілі. Вучань Юліуса Гарматы, якога звалі
Францішак, аб’явіў мне ў дзвярах, што настаўнік заканчвае сваю працу, і таму не жадае, каб яму перашкаджалі. Я адказаў хлопчыку, што цалкам разумею і адабраю такое рашэнне, але ў нас з яго настаўнікам раней назначана кароткая сустрэча, і таму няхай мастак выйдзе да мяне на хвіліну. Хлопчык неахвотна пайшоў паведамляць, але дзверы перад маім носам па-ранейшаму зачыніў з дэманстратыўным пляскатам.
Я сеў на пустую скрыню, хаваючыся ў цень, але чакаў нядоўга.
Дзверы адчыніліся і Юліус Гар-мата выйшаў вонкі. У яго быў адхілены выраз твару, пэўна, ён яшчэ лунаў думкамі над сваім роспісам, вопратка — кашуля і нагавіцы — у плямах ад фарбы, шэрая шчэць серабрылася на даўно няголеных шчаках. Мы павіталіся і, склаўшы разам некалькі цаглін, ён прысеў побач.
“Чуў, што ваш праект завяршаецца”, — сказаў я пасля таго, як мы паціснулі адзін аднаму рукі.
Ён няўцямна кіўнуў.
“Я намерваюся хутка з’ехаць адсюль, — працягваў я, — вядома, па некаторых сваіх абставінах, але хацелася б убачыць, што вы там выявілі ў будучым храме на сценах”.
“Чаму вы з’язджаеце? Заставайцеся”.
“Неўзабаве і я скончу сваю справу”.
“Але ж назад у Мегаполіс вам нельга, а цемра цяпер паўсюдна”.
“Я хачу жыць у душэўным спакоі, дзе-небудзь у ціхім месцы, дзе няма, да слова, смецця і звалак”.
“А ці спраўдзіце вы там сваю мэту? — спытаў ён праз паўзу. — У вас жа яна ёсць?”
“Адсутнасць свабоды пакідае толькі адзін шлях — супраціву, — адказаў я, — а голы супраціў не можа быць мэтай”.
“Гэта не зусім так”.
Юліус Гармата памаўчаў, збіраючыся з думкамі, а потым загаварыў. Яго выцягнуты, асіметрычны твар пакрыўся дробнымі кроплямі поту, а вочы дзіўна акругліліся і спыніліся ў нябачнай кропцы паверх маёй галавы. Я чамусьці ўспомніў словы Мойры пра свяшчэннага скарабея.
“Калі мастак працуе ў рамках свабоды, — сказаў ён, — то наўрад ці здолее выканаць сваю духоўную місію. Свабода яго расхалоджвае, ён пачынае імкнуцца да іншых людзей, губляць час прамаўляючы з імі, і шукаць у іх паразумення. Але гэта марная справа, міраж. Ён хоць і шмат працуе, есць, п’е, а не заўважае, што даўно ўжо мёртвы, бо ў яго няма, так бы мовіць, аб’екта нянавісці. Каб дасягнуць мэты, трэба спазнаць голад, адзіноту і ўціск. Чым цяжэй гнёт, тым большы яму супраціў, і не той, які вы маеце на ўвазе, а іншы. І трэба адразу і назаўсёды вызна-чыць, што шчасце не для цябе, а ёсць хіба крыўда на жыццё, і табе няма чаго балбатаць пра дабрачыннасць, прагрэс, прыгажосць, братэрства, роўнасць, удачу, поспех — усё гэта словы-хімеры. Грамадства — гэта сутнасць, паражоная фурункаламі, струпамі, язвамі, свішчамі і гноем. Яно хоча і цябе зрабіць такім жа мёртвым. А ты на яго нападай! Націскай з усёй сілы на гэтыя язвы, свішчы і фурункулы і пабачыш, як яно курчыцца ў параксізмах болю, шалее і вар’яцее ад злосці. Вось тады ты і маеш шанц дасягнуць сваёй мэты”.
Читать дальше